Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

26 гадоў таму афіцэры-патрыёты стварылі Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў

20.08.2017 общество
26 гадоў таму афіцэры-патрыёты стварылі Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў

20 жніўня 1991 года, пакуль у Маскве генералы і функцыянеры КПСС дзялілі ўладу, у Мінску ішлі пратэсты.

Менавіта тады ў краіне паўстала ўнікальная структура, заснавальнікаў якой сёння цяжка сабе ўявіць разам: адныя ў глыбокай эміграцыі, іншыя — пры высокіх пасадах, а некаторыя — дагэтуль ладзяць вулічныя пратэсты. 26 гадоў таму дзясяткі афіцэраў пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Міколы Статкевіча аб’ядналіся ў Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў.

Напрыканцы перабудовы беларусы-афіцэры, якія, акрамя БССР, служылі ў розных канцах Саюза, пачалі ствараць свае нацыянальныя суполкі. У студзені 1991 года лейтэнант Віктар Нагнібеда, які служыў у Маскве, склаў зварот да беларускіх вайскоўцаў, які надрукавала газета «Свабода». Да яго выехаў падпалкоўнік Мікола Статкевіч з Мінскага інжынернага вучылішча. Яны пачалі усталёўваць сувязі паміж раз’яднымі суполкамі будучай арганізацыі па краіне.

Падчас маскоўскага путчу ГКЧП у Мінску 20 жніўня адбываўся мітынг супраць спробы перавароту. Там Статкевіч аб’явіў аб напярэданні прынятым рашэнні стварыць Беларускае згуртаванне вайскоўцаў.

Менш чым праз два месяцы, 12 кастрычніка, арганізацыя правяла свой устаноўчы сход, на які прыехала 119 дэлегатаў з усёй БССР. Міколу Статкевіча абралі старшынёй. Акрамя яго, на устаноўчым сходзе выступіў лідар БНФ Зянон Пазняк.

— На гэты з’езд зайшоў і дэпутат Вярхоўнага савету Аляксандр Лукашэнка, але не выступаў, — распавёў Статкевіч tut.by.

Адразу пасля паразы ГКЧП у Маскве касцяк сяброў БЗВ распрацавалі «нешта, кшталту законапраекта аб утварэнні беларускага войска», кажа Статкевіч.

— Мы хацелі, каб як мага хутчэй беларуская ваенная акруга была падпарадкавана Беларусі і яе не выкарысталі ў гэты перыяд. Мы працавалі на прадухіленне грамадзянскай вайны.

Вайскоўцы перадалі распрацоўкі у парламенцкую фракцыю БНФ, каб яны аформілі гэта ў сапраўдны законапраект. Тыя, ў сваю чаргу, перадалі справу камісіі Вярхоўнага савета па абароне. Яе ўзначальваў будучы кіраўнік парламента Мечыслаў Грыб.

Праз год існавання БЗВ правяло адну з сваіх самых запамінальных акцый — прысягу на вернасць Беларусі. Акцыю зладзілі 8 верасня 1992 года — тады ў краіне ў першы раз адзначалі Дзень беларускай вайсковай славы, гадавіну перамогі войска ВКЛ над Маскоўскім княствам пад Оршай у 1514 годзе. Прысягі прайшлі ў некалькіх гарадах, уключна з Мінскам.

У сталіцы прысягу прынялі 15 афіцэраў-актывістаў БЗВ. Па дадзеных 90s.by, 12 з іх былі звольнены з войска на працягу года: Уладзімір Барадач, Уладзімір Савянок, Міхась Варанец, Курбан Гельдыеў і г. д.

Побач з афіцэрамі былі палітыкі - кіраўніцтва БНФ, пісьменнік Васіль Быкаў. Ужо ў снежні 1992 года ўлады прывялі да ўсеагульнай прысягі вайскоўцаў, міліцыянтаў і супрацоўнікаў спецслужб па ўсёй краіне. Тая прысяга таксама прайшла пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня».

Рэпрэсіі ўзмацніліся пасля наступнай дзёрзкай акцыі БЗВ — Марша свабоды у гонар 75?й гадавіны БНР у сакавіку 1993 года. Больш за тысячу мужчын маршам пад барабанны бой прайшлі па сённяшнім праспекце Незалежнасці (тады — праспекце Скарыны). З імі былі тысячы простых грамадзян-удзельнікаў шэсця.

— Тады Кебіч збіраўся ўводзіць адзіную валюту з Расіей. Шэсце іх вельмі напалохала, яны адмовіліся ад сваіх планаў, — кажа Статкевіч. — Але чамусьці, як мне перадалі іншыя дэпутаты, гэтае шэсце вельмі не спадабалася апазіцыі БНФ. Яны прагаласавалі разам з групай Кебіча за ўнясенне паправак у закон аб статусе ваеннаслужачых.

У новай рэдакцыі закона вайскоўцам забаранялася займацца не палітычнай, але шырэй — грамадска-палітычнай дзейнасцю.

— Па сутнасці, усе кадравыя вайскоўцы, якія былі ў БЗВ, апынуліся перад выбарам — альбо войска, альбо БЗВ. Мы сабраліся і самі прынялі рашэнне вывесці ўсіх кадравых вайскоўцаў з БЗВ. Тады ўключыўся лічыльнік і на маё звальненне з Ваеннай акадэміі, дзе я быў дактарантам. Я быў звольнены за месяц да абароны дысертацыі за «дыскрэдытацыю высокага звання афіцэра», а менавіта ў тым, што я падпісаў зварот супраць пункта дамовы аб АДКБ пра адсылку нашых вайскоўцаў за мяжу.

БЗВ сыходзіць ў гісторыю

Пасля таго, як з БЗВ вывелі кадравых вайскоўцаў, яно складалася з афіцэраў запасу. Але арганізацыя стварыла моладзевае крыло — Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі («Драбы»).

— Дарэчы, падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года мы выкарыстоўвалі іх для псіхалагічнага ціску на магчымых фальсіфікатараў. Хлопцы зрабілі нейкія вучэнні, фатаздымкі ў газетах, і мы накіроўвалі лісты-папярэджанні ў асабліва ненадзейныя камісіі, — з усмешкай у голасе ўзгадвае Статкевіч. — Больш-менш выбары прайшлі без фальсіфікацый.

Яшчэ адным дасягненнем БЗВ палітык лічыць публікацыю ў беларускіх газетах зборніку тэкстаў па беларускай вайсковай гісторыі «Забытая слава». «Агульны наклад быў прыблізна 1 млн 600 тысяч асобнікаў. Пасля гэтага забароненых тэм у беларускай гісторыі не засталося», — кажа Статкевіч.

У 1995 годзе БЗВ пайшло на выбары у Вярхоўны Савет, вылучыўшы 25 кандыдатаў. Шасцёра выйшлі ў другі тур, але па выніках другога ніхто не быў абраны.

Потым Статкевіч канчаткова сышоў у палітыку і узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду. Ён кажа, што БЗВ дасягнула сваіх мэт — незалежнасці краіны, з’яўлення нацыянальнага войска, папулярызацыі беларускай вайсковай гісторыі.

— Мы не хацелі пакідаць пытанне на самацёк. Бывае, новыя людзі прыходзяць, бяруць заслужаны брэнд, і альбо нічога не робяць, альбо робяць абсалютна ганебныя рэчы. А ў нас была слаўная кароткая гісторыя, і мы хацелі захаваць яе некранутай. Таму мы абралі старшынёй БЗВ так бы мовіць «местоблюстителя» Алеся Станкевіча, маёра запаса.

Юрыдычна БЗВ захоўвалася яшчэ некаторы час, але без актыўнай дзейнасці. Пасля перарэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у 2000 годзе БЗВ было ліквідавана.

— У маім грамадскім жыцці гэта вельмі светлы перыяд, там не было мараў пра пасады, пра ўладу. Там сабраліся рамантыкі, ідэалісты, паспяховыя афіцэры. І мы зрабілі сваю справу.

Нейкі час працягвала дзейнічаць моладзевая структура, якая з’явілася як нашчадак «Драбаў» — «Белы легіён». Але, Статкевіч кажа, што яна існавала асобна ад БЗВ.

Найбольш набліжанай да БЗВ спробай недзяржаўнага аб’яднання вайскоўцаў быў «Саюз афіцэраў» экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі у 1999 годзе. Але праект не перажыў таямнічага знікнення, а як лічыць шмат хто — скрадання, генерала ў тым жа 1999 годзе.

Статкевіч тлумачыць, што сам больш не спрабаваў займацца аб’яднаннем вайскоўцаў запасу, таму што гэтыя людзі звычайна эмацыйна выгараюць пасля службы і не маюць асаблівага уплыву на былых саслужыўцаў.

— Акрамя таго, калі пераходзіць да нейкіх сілавых варыянтаў ужо ў татальна кантралюемай дзяржаве — гэта проста дасць нагоду, законнае абгрунтаванне да рэпрэсій. Прайграе ў нашай унутранай сітуацый той, хто першым прыбегне да брутальнай сілы. Тым больш, што быў вельмі доўгі перыяд, калі законна абраны тады прэзідэнт быў сапраўды непараўнальна самым папулярным палітыкам. І паправіць гэта нейкімі сілавымі метадамі - гэта спадзяванні слабых людзей. «Мы тут усё прафукалі, а вы давайце бярыцеся і заганіце гэты дурны народ куды нам трэба сілай», — так не атрымаецца. Грамадства павінна само зрабіць гэтую ўнутраную працу. Паспрабаваў нешта зрабіць Захаранка, але яму гэта вельмі дорага абышлося.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]