Уважліва слухайце Лукашэнку і пры гэтым успамінайце Фрэйда.
Вы зьвярнулі ўвагу, зь якой інтэнсіўнасьцю Лукашэнка апошнім часам ладзіць піяр-акцыі? Тут вам і даўно забытая сэлектарная нарада пра ўборку ўраджаю, і зьяўленьне ў вышыванцы за штурвалам камбайна, і вось новае шоў пад дзіўнаватай назвай Рэспубліканская пэднарада. Ці то сацыёлягі давялі да яго рэальны стан даверу грамадзтва да ўлады, і ён ліхаманкава імкнецца выправіць сытуацыю? Адсюль і абяцаньне давесьці сярэдні заробак да 1,5 тысячы руб, і гэтыя піяр-акцыі. Ці можа кіраўніцтва рыхтуецца да нейкай яшчэ не аб’яўленай палітычнай кампаніі?
800 чалавек, сабраўшыся на 1-2 дні, нічога ў прынцыпе абмеркаваць не могуць. Ня той фармат. Яны могуць выканаць толькі ролю масоўкі ў палітычным спэктаклі.
У любым выпадку, афіцыйна агучаная мэта Рэспубліканскай пэднарады (абмеркаваць праблемы адукацыі) не вытрымлівае ніякай крытыкі. Бо 800 чалавек, сабраўшыся на 1-2 дні, нічога ў прынцыпе абмеркаваць не могуць. Ня той фармат. Яны могуць выканаць толькі ролю масоўкі ў палітычным спэктаклі. Што і адбылося насамрэч. Аб’яўлены фармат адкрытага мікрафона наўрад ці можа ўвесьці ў зман. Вострых пытаньняў (напрыклад, пра накіраваньне школьнікаў на сельгасработы) не задавалі. Увогуле, складваецца падазрэньне, што пытаньні былі падрыхтаваныя загадзя.
Уласна пра адукацыю падчас дакладу Лукашэнкі не было сказана нічога вартага ўвагі. Адны банальнасьці.
Як заўсёды падчас такіх афіцыйных выступаў прэзыдэнта, галоўнае было сказана па-за межамі падрыхтаванага спічрайтэрамі тэксту, калі ён адрываўся ад паперы і гаварыў ад сябе. Што называецца, ад душы. Кіраўнік дзяржавы добра ведае, што менавіта гэта найбольш чапляе аўдыторыю, таму заўсёды рыхтуе падобныя пэрлы. Тут уся рэспэктабэльнасьць і паліткарэктнасьць зьнікае, агаляецца сутнасьць, існасьць чалавека. Тут ён шчыра выказвае тое, што насамрэч думае.
Ёсьць такі выраз: абмоўка па Фрэйду. Гэта калі чалавек нечакана выказвае ўголас нейкія думкі, якія людзі звычайна хаваюць у падсьвядомасьці. Але ў нашым выпадку перад намі як раз не агаворка, а самая што ні ёсьць сапраўдная гаворка па Фрэйду, калі падсьвядомасьць натуральным чынам перацякае ў сьвядомасьць. І гэта якраз самае цікавае.
Вось, напрыклад, ягоныя ўяўленьні пра вышэйшую адукацыю:
«Ну навошта пяць гадоў вучыць? Я па сабе ведаю, што там пяць гадоў рабіць няма чаго. За тры гады можна дашліфаваць чалавека, калі праз тэхнікумы і каледжы або прафтэхвучэльні, дзе ён ужо папрацаваў на вытворчасьці. Тры гады дастаткова для атрыманьня вышэйшай адукацыі». А яшчэ трэба, каб студэнтаў больш накіроўвалі на практыку, каб будучы аграном добра пахадзіў па гноі, тады будзе выдатным адмыслоўцам. Гэта ўжо штосьці з гісторыі мааісцкага Кітаю, калі ўнівэрсытэты закрывалі, а студэнтаў накіроўвалі на перавыхаваньне ў вёску.
Лукашэнка часта паўтарае, што мы ў сваёй палітыцы ідзём «ад жыцьця», «ад зямлі». Пад гэтым ён у асноўным разумее ўласны жыцьцёвы досьвед, за межы якога яму цяжка выйсьці.
Лукашэнка часта паўтарае, што мы ў сваёй палітыцы ідзём «ад жыцьця», «ад зямлі». Пад гэтым ён у асноўным разумее ўласны жыцьцёвы досьвед, за межы якога яму цяжка выйсьці. Нагадаю, што кіраўнік дзяржавы чатыры гады правучыўся ў Магілёўскім пэдінстытуце, закончыў яго з чырвоным дыплёмам, але ягоная вядомая рэпліка пра Скарыну, які жыў у Піцеры, сьведчыць шмат пра што.
Значыць, вышэйшая адукацыя — тры гады, зь іх палова — практыка на вытворчасьці, падручнікі для школы — як мага прасьцейшыя. Ну, можа яшчэ больш фізкультуры. Вось ўяўленьні пра адукацыю ХХІ стагодзьдзя.
Пра функцыю настаўніка. Здавалася б, Лукашэнка выступае ў абарону пэдагогаў, якіх прыніжаюць, «прымушаюць рабіць непатрэбныя рэчы»: «Зусім нядаўна падчас уборкі збожжа мне дакладвалі, што ў некаторых школах — здаецца, у Віцебскай вобласьці — настаўнікаў нават накіроўвалі, райвыканкам кантраляваць, як вядзецца ўборка збажыны. Напэўна, гэта ня функцыя настаўніка». Але, як гэта звычайна бывае, ён тут жа сам сябе абверг, заявіўшы, што «сапраўдны настаўнік» ня будзе скардзіцца на просьбу нешта пракантраляваць, бо «гэта цікава, гэта ўзбагачае». «Уборка, на якой папрасілі пабываць настаўнікаў, яна ў задавальненьне павінна быць», — адзначыў Лукашэнка. Цяпер зразумела, што пэдагогаў прыніжаюць са згоды і ведама кіраўніка дзяржавы.
Яшчэ адна «шчырая» рэпліка: «Мой сын вучыцца ў звычайнай вясковай школе. Калі хто-небудзь думае, што, калі там вучыцца сын прэзыдэнта, гэтую школу перавярнулі — нічога такога. Якая была школа, кабінэты, такімі яны і засталіся. І я жорстка за гэтым сачыў, каб потым не пачаліся размовы: «А там для сына адмыслова ўсё зрабілі».
Ага, вы шмат ведаеце вясковых школаў з двума басэйнамі?
А далей гаворка пайшла ўжо не пра адукацыю, а пра палітыку. Напрыклад, пра аб’ём ведаў, кругагляд кіраўніка дзяржавы: «Божа мой, каму краіну пакінуць, каму краіну пакінуць? Карову ад козы адрозьніць ня могуць. Гэта вельмі вялікая праблема».
Ідучы «ад зямлі», Лукашэнка выбудоўвае Беларусь пад свой патрыярхальны сьветапогляд.
Гэтая шэдэўральная рэпліка — не выпадковая абмоўка. Нездарма ж Лукашэнка ўвесь час расказвае, як ён даглядае ў сваёй гаспадарцы кароў, козаў і ўсю свойскую жыўнасьць, запрашае гасьцей касіць траву, убірае бульбу і кавуны. А яшчэ ж было жніво сярпамі. Сьвет з гледзішча звычайнага вяскоўца. Ідучы «ад зямлі», Лукашэнка выбудоўвае Беларусь пад свой патрыярхальны сьветапогляд. Цяпер вы разумееце, чаму прымус настаўнікаў кантраляваць жніво бачыцца яму зусім нармальным.
А вось уяўленьні пра сьвет, у прыватнасьці пра міграцыйны крызіс у Эўропе. «Вось ведаеце, у Эўропе што там адбылося — у Нямеччыне і гэтак далей. Яны хацелі адрадзіць рабства ў XXI стагодзьдзі, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Маўляў, гэтыя прыедуць, прабачце мяне [афрыканцы. — Аўт.], будуць на нас працаваць. Атрымалі? Трэба па-чалавечы ставіцца да людзей. Па-чалавечы. Незалежна ад колеру скуры... Яны думалі, што, калі рынуць рабы, яны будуць сядзець, як у былыя часы рабаўладаньня, склаўшы рукі. А яны на іх будуць рабіць. Вось і атрымалі».
Тут намяшаныя ўяўленьні, узятыя зь ягоных школьных падручнікаў пра эпоху каляніялізму і рабства ў ЗША, прыцягненьне ў Эўропу працоўнай сілы з-за мяжы пасьля вайны. І ўсё звалена ў адну кучу. Гэта сьветапогляд савецкага школьніка 1960-х гадоў. Але на такой карціне сьвету будуецца замежная палітыка Беларусі.
Ну і ў якасьці кульмінацыі, вішанькі на торце, — разважаньні пра дзяцей апазыцыянэраў. Лукашэнка два разы падчас свайго выступу згадаў пра «пятую калёну». Але гэтая рэпліка вартая таго, каб стаць сымбалем лукашэнкаўскага аўтарытарызму. «Трэба прапанаваць некалькі варыянтаў гэтай формы школьнай. І каб было зручна для дзяцей зь пятай калёны (мы ж іх ня выкінем, гэта ж нашы дзеці), і для нашых звычайных дзяцей беларусаў, сапраўдных, якія любяць нашу радзіму», — сказаў кіраўнік краіны.
У сваёй нянавісьці да апазыцыі Лукашэнка быў заўсёды шчыры. Але тут ён пераўзышоў сам сябе, хутка забыў свае разважаньні, што трэба па-чалавечы ставіцца да людзей, незалежна ад колеру скуры. Бо колер скуры нішто ў параўнаньні з тым, што гэтыя людзі маюць нахабства прэтэндаваць на ўладу. Гэтае сьвятатацтва дараваць немагчыма.
Такім чынам, упершыню за 23 гады Лукашэнка фактычна дае ўстаноўку усім работнікам адукацыі, як трэба ставіцца да дзяцей апазыцыянэраў. Яны ворагі, бо ня любяць радзіму. Але іх трэба цярпець, бо жывём жа ў ХХІ стагодзьдзі. Аднак пры гэтым разумець, што яны ў статусе ізгояў, таму ставіцца да іх трэба адпаведна. Калі што, дык дастанем гэтых «адмарозкаў» празь іхных дзяцей. Можна толькі ўявіць, якія ўстаноўкі Лукашэнка дае на закрытых нарадах.
Уважліва слухайце Лукашэнку і пры гэтым успамінайце Фрэйда.
Валер Карбалевiч, «Радыё Cвабода»