Калісьці гэтыя будынкi красаваліся на цэнтральных плошчах як сведчанне таго, што іх горад мае асаблівыя свабоды.
Калісьці ва ўсіх гэтых будынках засядаў гарадскі ўрад – магістрат, захоўваліся гарадская казна і «мерныя бочкі», а самі яны красаваліся на цэнтральных плошчах як сведчанне таго, што іх горад мае асаблівыя свабоды і прывілеі, абумоўленыя магдэбургскім (ці, як казалі на нашых землях, майтборскім) правам. Вялізныя і зусім цацачныя, пад высокім вальмавым дахам, з вежамі і без, аўтэнтычныя і адноўленыя, а таксама страчаныя – пра самыя цікавыя беларускія ратушы мы раскажам у гэтым аглядзе, пiша planetabelarus.by.
Самая старая
Найстаражытная з захаваных у Беларусі ратуш – нясвіжская. Яна з’явiлася напрыканцы ХVI ст., праз 150 год была перабудавана ў стылі позняга барока, а па сканчэнні амаль яшчэ стагоддзя, у 1836-м, пажар знішчыў вытанчанае завяршэнне яе вежы з гадзіннікам. Толькi рэстаўрацыя, якая праходзіла з 1997 па 2004 гг., вярнула нясвіжскай майдэборыі першапачатковы выгляд. Зараз стройная і высокая шасціярусная вежа, праз якую зроблены ўваход у ратушу, зноў фармуе сілуэт галоўнай плошчы Нясвіжа.
Цікава, што ўзроўні ярусаў вежы і ратушных памяшканняў не супадаюць і злучаны ўсходамі. На другім паверсе, дзе гістарычна знаходзілася зала пасяджэнняў магістрата, а за савецкім часам – піянерскі клуб, пасля рэканструкцыі размясцілася музейная экспазіцыя «Гарадское самакіраванне Нясвіжа».
Самая высокая
Хоць гэта на самой справе навадзел – але навадзел, зроблены па старадаўніх краслюнках, з шчырай павагай да гістарычнай праўды і спадчыны. Размова ідзе пра магілёўскую ратушу, страчаную за савецкім часам, але адноўленую ў 2008 годзе. Уявіце: першыя цаглiны на захаваны ратушны падмурак паспелi пакласцi яшчэ ў 1992-м, але тады скончыліся грошы, і рэканструкцыя лепшага твора грамадзянскай архiтэктуры Беларусi XVII стагоддзя спынiлася ажно да 2007 года.
І вось ужо амаль дзесяцігоддзе над старажытнымi кварталамi Магілёва ўзнімаецца 46-мятровая ратушная вежа, добра бачная нават з Задняпроўя. Ды й не дзіва – гэта ж, лічы, 15-павярховы дом! У 1661 годзе перазвон на гэтай вежы стаў сiгналам да пачатку Магiлёўскага паўстання супраць маскоўскiх акупантаў: іх сямiтысячны гарнiзон быў цалкам знiшчаны, праз што па заканчэннi 13-гадовай вайны Магiлёў ураўнавалi ў правах з самой Вiльняй. У 1780-м з балкона ратушнай вежы азiралi горад задаволеныя руская царыца Кацярына II i аўстрыйскi iмператар Iосiф II, якія толькі што вырашылі тут лёс Рэчы Паспалітай. А у 1915-м, падчас знаходжання ў Магiлёве Стаўкi Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, у вежы размяшчалася імператарская радыёстанцыя.
Пра гэтыя і іншыя эпізоды з жыцця Магiлёва і яго ратушы распавядзе экспазіцыя адкрытага ў ёй Музея гiсторыi горада.
Пра яе пісаў Конан Дойл
Яшчэ адзін адроджаны па архiўных чарцяжах ратушны будынак знаходзіцца ў Мінску. Спачатку ён быў драўляны і, кажуць, размяшчаўся недзе ў раёне Траецкага прадмесця. Каменная майдэборыя паўстала на плошчы Верхняга рынку ў XVII стагоддзі і прастаяла каля 200 гадоў.
Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ратуша, якая сімвалізавала свабоды ранейшых часоў, была разабраная: загад аб яе зносе ўласнаручна падпісаны царом Мікалаем I. Паказальна, што ў тым апошнім для ратушы 1857 годзе ніводзін мінчук не згадзіўся прыняць удзел у разбурэнні сваёй майдэборыі, нават за грошы. Тады зрабіць гэта прымусілі вязняў Пішчалаўскага замка. Але нават пасля зносу ратуша паслужыла гараджанам: з яе жалезнага даху вырабілі паўтары тысячы шыльдаў з назвамі мінскіх вуліц.
Да таго часу ў ратушы паспеў пасяліцца прывід – гэта асобная гісторыя, пра якую вы можаце даведацца з нашага маршрута «Містычны Мінск». А напрыканцы ХIХ стагоддзя ўжо страчаная мінская ратуша стала сусветна вядомай дзякуючы аднаму з дэтэктываў Конан Дойла – аб гэтым мы таксама пiсалi. Ну, а сёння адноўлены будынак, дзе калісьці збіраўся магістрат, у многіх асацыюецца з класічнай і джазавай музыкай – дзякуючы летнім «Музычным вечарам каля Ратушы».
Кандыдатка на аднаўленне
Ужо не аднойчы даводзілася чуць, што трэба нешта рабіць з непрапарцыянальна вялікай для гістарычнага цэнтра Гродна пустэльняй, у якую ператварылася праз апошнюю рэканструкцыю Сваецкая плошча. І тут адзінае правільнае рашэнне – аднавіць гарадскую ратушу, якая стаяла побач з гродзенскім палацам Радзівілаў (яго, дарэчы, таксама мусім аднавіць).
Ратуша на галоўнай плошчы Гродна паўстала ў 1513 годзе. Адзінымі крыніцамі, што дазваляюць уявіць яе першапачатковы выгляд, з'яўляюцца гравюры ХVI стагоддзя. На іх мы бачым над ратушай вежу з гадзіннікам, а знізу – гандлёвыя рады. У 1660-х, падчас маскоўскага нашэсця, ратушны будынак быў моцна пашкоджаны і прастаяў у паўразбураным стане больш за стагоддзе. Потым рэнесансную красуню перабудавалі ў стылі класіцызму. А ў 1946 годзе яе, перажыўшую дзве сусветныя вайны, па-варварску знішчылі.
Напамінам пра гродзенскую майдэборыю, акрамя захаваных фундаментаў, служыць былы ратушны гадзіннік: у 1753 годзе яго перанеслі ў вежу езуіцкага касцёла, і сёння ягоны механізм лічыцца адным з найстарэйшых у Еўропе.
Цацка-прыгажуня
Нельга не ўзгадаць яшчэ пра адну страчаную ратушу – у Навагрудку. Збудаваная ў сярэдзіне ХVII стагоддзя на Рынкавай плошчы (зараз Леніна), яна праіснавала толькі да 1870-x, але гараджане дасюль пераказваюць адзін аднаму, якая то была мураваная прыгажунька! На рагу акуратнай двухпавярховай камяніцы ўзвышалася двух’ярусная вежа, завершаная купалам з вялізным флюгерам – выявай Архангела Міхаіла, нябеснага апекуна Навагрудка.
У 1818 годзе ратушу рэканструявалі ў стылі класіцызму, на ўзроўні другога паверху галоўнага фасада з’явілася галерэя. У такім выглядзе яна праіснавала да 1862 года, калі была моцна пашкоджана пажарам і больш не аднаўлялася. У самым канцы ХІХ стагоддзя, выкарыстоўваючы фундаменты і часткі муроў ратушы, быў узведзены адміністратыўны будынак, які ў сваю чаргу быў разбураны падчас Вялікай Айчыннай. На тым месцы зараз стаіць крама «Дзіцячы свет».
Ратуша «з другой спробы»
Віцебская ратуша, як і раней ўзгаданая мінская, першапачаткова знаходзілася не на сваім сучасным месцы, а на Замчышчы. Але пасля таго як віцябчане ў 1623 годзе забілі ўніяцкага біскупа Іасафата Кунцэвіча, горад на некалькі дзесяцігоддзяў пазбавілі магдэбургскага права. Сімвал гарадской вольнасці натуральна разабралі.
Мураваная ратуша ў Віцебску з’явілася толькі ў 1775-м – і атрымалася выкшталцонай: у яе архітэктурным абліччы злучыліся рысы позняга барока і класіцызму. У 1924 годзе будынак, што паспеў стаць сімвалам горада над Дзвіной, перадалі краязнаўчаму музею, які размяшчаецца тут да цяперашняга часу. У музеі не толькі ёсць магчымасць пабачыць гістарычныя артэфакты, але і ў цёплую пару года (з красавіка па верасень) падняцца на назіральную пляцоўку ратушнай вежы і паглядзець на Віцебск з ракурсу, даступнага хіба што птушкам ды пажарным, чый пост знаходзіўся тут цэлае стагоддзе.
Вядомая ў ЗША
А ці чулі вы, што шклоўская ратуша занесена ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША? За што такая пашана – цяжка сказаць. Можа, таму, што тут радзіма першага беларускага прэзідэнта, а можа, некага ўразіў комплекс ратушы з гандлёвымі радамі (у якіх зараз прапісаны школа і краязнаўчы музей), які па плошчы – самы вялікі ў нашай краіне. Хоць, шчыра кажучы, па архітэктуры – даволі традыцыйны для Беларусі: двухпавярховая аснова перарастае ў вежу з гадзіннікам і шпілем.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны класіцыстычны комплекс быў моцна пашкоджаны. Цалкам адрэстаўравалі яго толькі ў 1999 годзе. Кажуць, пасля гэтага ў будынку, што з'яўляецца галоўнай славутасцю горада, зноў бачылі прывід слугі князя Чартарыйскага, які ахоўвае прыхаваныя недзе тут скарбы і чакае, пакуль за імі вернецца яго гаспадар…
Самая сціплая
Бадай што адзіная з захаваных ратуш Беларусі не мае вежы – таму яе не так проста «вылічыць». Гэта слонімская ратуша. Кампактная, прамавугольная, пабудаваная з цэглы ў другой палове XVIII стагоддзя на месцы сваёй драўлянае папярэдніцы, яна дасюль захавала ледзь бачныя рысы барока. Пасля вайны ў будынку доўгі час працаваў гарвыканкам. А зараз гістарычнае памяшканне займае бібліятэка.
На трацiну драўляная
Таксама незвычайную ратушу можна ўбачыць у Чачэрску. Мураваны двухпавярховы квадратны ў плане будынак завершаны не адной, як звычайна, а адразу пяццю (!) вежамі, прычым драўлянымі. Нават неспецыяліст, гледзячы на чачэрскую ратушу, заўважыць у яе абліччы элементы псеўдаготыкі: спічастыя вокны і «карона» зубцоў, якімі завершана цэнтральная вежа. Яны надаюць усяму будынку – помніку другой паловы ХVIII стагоддзя – крыху нязвыклы, рамантычны выгляд.
У 1972 годзе ратуша гарэла, на жаль, страціўшы аўтэнтычныя драўляныя вежы і перакрыцці. Рэстаўрацыя зацягнулася больш чым на 30 гадоў, і толькі ў 2004-м у нарэшце адноўленым будынку запрацаваў Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.
Самая таямнічая
У вёсцы Воўчын Камянецкага раёна ёсць праваслаўная царква Святога Мікалая, узведзеная ў пачатку 1840-х. Але збудавана яна была, як лічаць некаторыя гісторыкі, не з нуля, а шляхам перабудовы… старой ратушы.
Аднак тэорыя гэта выклікае сумненні, бо ў Воўчыне не было самакіравання, хоць тут і нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зрэшты, помнік яшчэ чакае сваіх руплівых даследчыкаў.