Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Адвага і подзвіг войска ВКЛ у Невядомай вайне

01.09.2017 общество
Адвага і подзвіг войска ВКЛ у Невядомай вайне

Як нашыя продкі выходзілі на сечу з маскавітамі адзін супраць 10.

Нягледзячы на навуковыя працы і безліч артыкулаў, вайна ВКЛ і Масковіі ў сярэдзіне XVII ст. для беларусаў па-ранейшаму застаецца невядомай. Хто вінаваты ў той катастрофе? Чаму так сталася? Дзе здрада, а дзе подзвіг?

Адказы прынамсі на частку з гэтых пытанняў паспрабаваў даць гісторык Артур Юшкевіч падчас лекцыі ў рамках паседжання «Цэху жывой гісторыі», якое прайшло 29 жніўня на традыцыйнай пляцоўцы – у клубе Beer&Wine на Кульман, 9 у Мінску, піша budzma.by.

Паводле Юшкевіча тая вайна сталася самай страшнай у нашай гісторыі. Падчас яе загінула фактычна палова насельніцтва краю, якое аднавілася толькі праз 150 гадоў, былі нанесеныя невылечныя страты гаспадарцы, культуры, архітэктуры, яна адбілася на далейшым развіцці нашай мовы і інш. Не было б вайны – магчыма, гісторыя і ВКЛ, і Беларусі развівалася б па-іншаму.

Крылатыя гусары Рэчы Паспалітай, сучасная рэканструкцыя

За што маскавіты нас не любілі?

Сёння нам цяжка сабе ўявіць крыўды, якія маглі існаваць паміж жыхарамі ВКЛ і Масковіі 300 гадоў таму. За што маскавіты маглі не любіць ліцвінаў і на якія аргументы абапіраўся цар Аляксей Міхайлавіч? Накрутка грамадскай думкі ішла па некалькіх напрамках.

Па-першае, маскавіты прагнулі помсты за Смуту, крызіс у Масковіі на пачатку XVII ст., у якой Рэч Паспалітая адыграла не апошнюю ролю. Расійцы гэта памяталі. Тады ж Масковія страціла Смаленск, ключавы горад на шляху да сваёй сталіцы і адначасна браму ў ВКЛ. Стратэгічнай задачай было вярнуць Смаленск, але ў ідэале – захапіць усе беларускія землі ВКЛ ажно да Дзвіны, Дняпра і Бярэзіны, якія цар лічыў сваёй вотчынай.

Па-другое, сваю ролю адыграў рэлігійны фактар. Карыстаючыся канцэпцыяй «Масква – трэці Рым», расійскія цары спрабавалі закальцаваць на сабе ўвесь праваслаўны свет. З гэтай нагоды Масква вяла сур’ёзную працу сярод праваслаўных ВКЛ, намагаючыся падштурхнуць як найвышэйшае духавенства, так і звычайных вернікаў да дзяржаўнай здрады, а сваім суайчыннікам даць «духоўную» матывацыю ісці вайной на Захад.

Па-трэцяе, пасля неаднаразовых просьбаў гетмана Хмяльніцкага цар нарэшце даў згоду на ўключэнне ўкраінскіх земляў у склад Маскоўскага царства. У выніку вайна стала непазбежнай.

Крылатыя гусары Рэчы Паспалітай, сучасная рэканструкцыя

Што з сябе ўяўляла Літоўскае войска?

Варта ведаць, што войска Рэчы Паспалітай не было адзіным, але складалася з арміяў ВКЛ і Кароны (Польшчы). Атрымліваецца, што і ўвесь усходні напрамак бараніць меліся адно ліцвіны.

Гэта было ў першую чаргу паспалітае рушанне, то бок апалчэнне ўсіх землеўладальнікаў ВКЛ у выпадку вайны, хоць сам феномен на той час ужо ператварыўся ў рэлікт. Гэта гарнізоны ў вялікіх гарадах кшталту Вільні, Смаленска і Дынабургу. Гэта зусім нешматлікія гарнізоны ў прыватнаўласніцкіх гарадах, што належалі магнатам. Шляхта за свой кошт магла наймаць павятовыя харугвы, якія, аднак, займаліся абаронай толькі сваіх паветаў (нешта накшталт самааховы).

Невялікае кампутовае войска, якое дзяржава наймала ў выпадку вайны, адносна добра арганізаванае, складаліся з гусараў, рэйтараў, драгунаў, казацкай і татарскай кавалерыі, вугорскай і нямецкай пяхоты. Найбольш дарагімі і элітнымі былі гусары, цяжкая ўдарная конніца, найтаннейшымі – татары, здольныя да аперацыяў выведкі і доўгіх конных пераходаў.

Цікава, што тыя ж «крылатыя гусары» выглядалі не заўсёды так прывабна, як у творах Сянкевіча. Доўгія гады вайны спачатку з казакамі, а потым з Масквой, пастаянныя нявыплаты жалавання, эпідэміі і голад негатыўна адбіваліся як на вонкавым выглядзе гусараў, так і на іх баяздольнасці ў прынцыпе.

Асобнай бядой Вялікага Княства была артылерыя, якая на сярэдзіну XVII ст. знаходзілася ў стане заняпаду. Гарматы былі ў найлепшым выпадку на ўзбраенні гарадскіх гарнізонаў, і тое найчасцей састарэлыя.

Маскоўскія стралцы, сучасная рэканструкцыя

Што з сябе ўяўляла войска Масквы?

У адрозненне ад ВКЛ, у Масковіі структура будавалася вертыкальна і дакладна. Напярэдадні вайны Аляксей Міхайлавіч правёў грунтоўную вайсковую рэформу, у выніку якой былі створаныя палкі «Новага ладу». У гэтыя палкі набіралі спачатку вольных людзей, потым сялянаў, а таксама баярскіх дзяцей: спачатку добраахвотна, пасля прымусова. З іх жа фармавалі палкі драгунаў і рэйтараў па еўрапейскім прыкладзе, ствараючы, фактычна, рэгулярнае войска еўрапейскага ўзору.

Армія Масковіі – гэта таксама стральцы, якія ўтваралі элітную карпарацыю, служылыя татары і казакі, пушкары, памеснае войска, аналаг паспалітага рушання ў ВКЛ, і інш. Былі таксама і экзатычныя фармаванні, накшталт палку гусараў перабежчыка з ВКЛ Рыльскага, створанага на манер «крылатых гусараў» Рэчы Паспалітай. Апошні, зрэшты, так нічым сябе і не праявіў і нават паказаў з дрэннага боку, таму быў расфармаваны ў 1655 годзе.

Асобна варта згадаць артылерыю Масковіі, якой цар надаваў надзвычайную ўвагу. На той час, паводле некаторых даследчыкаў, яна не саступала нават артылерыі шведаў. Уявіце, што ў 1630-х гадах Расія закупіла каля 50 асадных гарматаў у Галандыі, вялікая частка з якіх была выкарыстаная падчас Смаленскага паходу 1654 году. То бок Масковія рыхтавалася да наступальнай вайны загадзя.

Агулам жа войска Масковіі ўяўляла сабой агромністую машыну, якая спалучала аўтарытарныя традыцыі Усходу з сучаснымі еўрапейскімі тэхналогіямі.

Маскоўскія стралцы, сучасная рэканструкцыя

Адказ даюць лічбы

Каб да канца зразумець сітуацыю, у якой аказалася Вялікае Княства напярэдадні і на пачатку вайны, звернемся да лічбаў. Армія Кароны ў другой палове XVII ст. складала ад 24 да 40 тысяч чалавек. Армія ВКЛ – ад 6 да 23 тысяч. На момант пачатку вайны армія Вялікага Княства мела налічваць 11 тысяч, але рэальна на пачатку вайны было ўсяго 4 тысячы, не лічачы прыватных аддзелаў і гарнізонаў гарадоў.

А зараз прааналізуем колькасць маскавітаў. Для наступу на ВКЛ да траўня 1654 года былі разгорнутыя тры буйныя ўдарныя групоўкі войскаў у Вялікіх Луках, Вязьме і Бранску: Цэнтральная – пад кіраўніцтвам самога Аляксея Міхайлавіча, якая рухалася на Смаленск і налічвала 40 тысяч чалавек, Паўднёва-Заходняя, якую вёў ваявода Трубяцкі на Мсціслаў, Мінск і Барысаў, налічвала 17 тысяч, і Паўночна-Заходняя, якую вёў Васіль Шарамецеў на Полацк і Віцебск, было ў ёй 13 тысяч байцоў. Да ўсяго гэтага варта дадаць яшчэ 20 тысяч казакаў Багдана Хмяльніцкага пад кіраўніцтвам Івана Залатарэнкі, што рухаліся ў напрамку Гомеля.

Такім чынам, толькі на Літву ішло агромністае войска, якое налічвала 90 тысяч чалавек (!), якім мусілі супрацьстаяць у полі ўсяго 4-6 тысяч абаронцаў. Каментары, як кажуць, лішнія.

Крылатыя гусары Рэчы Паспалітай, сучасная рэканструкцыя

Выпадак Дуброўна

Не будзем апісваць усю хаду баявых дзеянняў вайны, але спынімся на адным выпадку – штурме Дубровенскай фартэцыі. Сёння гэта невялічкае мястэчка, але па стане на сярэдзіну XVII ст. гэта быў важны фарпост на левым беразе Дняпра за 100 км ад Смаленска, захапіць які значыла кантраляваць камунікацыю па Дняпры. Дубровенскі драўляны замак тады належаў Глябовічам, арсенал складаў 242 адзінкі агняпальнай зброі, колькасць абаронцаў разам з мяшчанамі – блізу 1000 чалавек.

На пачатку жніўня 1654 маскавіты дасылаюць пад Дуброўна некалькі сотняў байцоў, каб высветліць настроі гараджанаў і прымусіць да здачы без бою. Калі тыя цярпяць паразу, маскавіты шлюць перамоўнікаў, але абаронцы адкідваюць прапановы здацца. Тады ўжо пад Дуброўна прыбывае 13-тысячнае войска Чаркаскага і спрабуе ўзяць замак агульным штурмам. Зноў безвынікова, маскоўскія страты – каля 1000 байцоў.

Цар загадвае адмовіцца ад штурму і зноў дамаўляцца. Гэтым разам на перамовы ідзе Стэфаній, былы бургамістр Смаленска. Кіраўнік абароны, мечнік мінскі Аляксандр Юзэфовіч-Глябіцкі, папракае таго за здраду і зноў адмаўляецца. Тады ўжо цягам месяца пад Дуброўна прыбываюць асадныя гарматы, якія абстрэльваюць горад больш за тыдзень. Абаронцы не толькі не капітулююць, але і адказваюць паспяховымі вылазкамі за гарадскія сцены!

Сітуацыя са спробамі перамоваў паўтараецца яшчэ некалькі разоў, але абаронцы пагаджаюцца толькі тады, калі пад сцены Дуброўна падыходзіць другая армія Трубяцкога і сілы ворага вырастаюць да 25 тысяч чалавек. Цар абяцае ўсіх адпусціць, але па факце руйнуе горад ды вывозіць выжылых у палон: больш знатных – да сябе ў стаўку, рэшту раздае служылым людзям у якасці трафеяў. Такім чынам, гарнізон невялікага замка паспяхова супрацьстаяў некалькі месяцаў войску, якое больш чым у 15 разоў перавышала сілы абаронцаў, паказаўшы сябе нашмат лепш, чым гарнізоны таго ж Смаленска альбо Магілёва.

Замест эпілогу

Агульная карціна ваеннай катастрофы ВКЛ падчас Невядомай вайны выглядае неймаверна скрушна: малалікае, дрэнна арганізаванае і паўгалоднае войска без заробку – гэта зусім не так прыгожа, як у фільме «Агнём і мячом», гэта рэчаіснасць. Некаторыя часткі чакалі жалавання гадамі, ёсць прыклад, калі з ацалелымі байцамі аднаго з палкоў за 1654 год разлічыліся толькі ў 1660-я…

З іншага боку, якое яшчэ войска магло на такіх умовах гадамі супрацьстаяць агромністай вайсковай машыне Масковіі? Падаецца, што ў катастрофе сярэдзіны XVII ст. вінаваты хто заўгодна – кароль, магнаты, мяшчане, якія здавалі свае гарады, – але не войска, што ратавала гонар хворай, але сваёй дзяржавы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]