Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Цi з'явіцца на гары Гедымiна помнік беларускім паўстанцам

04.09.2017 общество
Цi з'явіцца на гары Гедымiна помнік беларускім паўстанцам

Беларускія гісторыкі распавялі пра знаходку магілы Каліноўскага.

Беларускія гісторыкі не выключаюць, што на раскопках на гары Гедыміна( ў Вільні сапраўды знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага/news/280367/) і іншых удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–64 гадоў, перадае «Радыё Свабода».

Прафэсар Алесь Краўцэвіч кажа, што вельмі шмат прыкметаў сыходзіцца. А прафэсар Алесь Смалянчук плянуе шукаць дакумэнты ў расейскім вайсковым архіве, бо хавалі паўстанцаў вайскоўцы на тэрыторыі гарнізона.

Літоўскія навукоўцы заявілі, што маюць «дастаткова доказаў», каб сьцьвярджаць, што сярод фрагмэнтаў целаў, выяўленых пры раскопках на гары Гедыміна ў Вільні, ёсьць і парэшткі лідэра антырасейскага паўстаньня на Беларусі і Літве 1863–64 гадоў Кастуся Каліноўскага. Каб канчаткова пацьвердзіць здагадку, трэба завяршыць дасьледаваньне ўсіх знойдзеных парэшткаў.

Прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас сказаў гэта агенцтву BNS, перадае Delfi.

«На гары Гедыміна над магілай Каліноўскага павінен стаяць кіраўнік Беларусі»

Доктар гістарычных навук, прафэсар Аляксандар Краўцэвіч перакананы, што вельмі шмат прыкметаў сьведчаць пра дакладнасьць — на гары Гедыміна сапраўды хавалі паўстанцаў, так што цалкам магчыма, што знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага:

Алесь Краўцэвіч

«На маю думку, калі б у нас была нармальная дзяржава, нармальнае кіраўніцтва, то пасьля такой заявы археолягаў Вільню з афіцыйным візытам наведаў бы кіраўнік Беларусі і над гэтай магілай на гары Гедыміна ўжо б стаяў са зьнятым капелюшом, ушаноўваючы памяць.

Беларусы павінны ведаць магілы сваіх герояў. Я лічу цалкам верагодным, што так магло быць. Там вельмі шмат прыкметаў сыходзіцца: гэта тэрыторыя расейскай вайсковай часткі; агульная палітыка таемнага пахаваньня ў недаступных месцах; там жа, на гары Гедыміна, знойдзены пярсьцёнак Серакоўскага з надпісам. Адназначна, там паўстанцы ляжаць. То бок ужо выключаецца тое, што там ляжаць не паўстанцы, а ахвяры нейкай эпідэміі. Так што шмат прыкметаў паказваюць на дакладнасьць.

У пэўным сэнсе, я лічу, гэта аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці. Доказы не 100-працэнтныя, але дастаткова сур’ёзныя. Трэба толькі вітаць, што знайшлі. І што літоўскія навукоўцы бяруць на сябе адказнасьць гэтую заяву зрабіць.

Гэта пераадоленьне той змовы замоўчваньня, змовы забыцьця, якую зрабілі расейскія ўлады. Яны адмыслова хавалі паўстанцаў таемна, у недаступных месцах, без пазначэньня магілы, каб гэтыя магілы ня сталі месцам пакланеньня патрыётаў. Ім гэта не ўдалося. Хоць праз стагодзьдзі, але праўда выходзіць на паверхню, і гэта можна толькі вітаць».

— Ці ёсьць верагоднасьць, што на гары Гедыміна можа зьявіцца помнік Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам?

— Гэта трэба пытацца ў літоўцаў, як яны вырашаць. Але, мяркуючы па грамадзкіх настроях, помнік там можа зьявіцца. Тым больш калі ў незалежнай літоўскай дзяржаве ў міжваенны пэрыяд помнік паўстанцам быў, то для іх гэта сьвятое. Цяпер яны аднаўляюць усе гэтыя сымбалі, усе знакі прысутнасьці незалежнай дзяржавы ў міжваенны час. А ўжо якое рашэньне прымуць улады — цяпер цяжка сказаць, гэта іх справа. Але я буду толькі вітаць. Гэта для беларусаў будзе дадатковае месца для пакланеньня.

— На вашу думку, беларусы могуць зьвярнуцца з просьбай, з хадайніцтвам да літоўскіх уладаў, каб помнік аднавілі?

— Я мяркую, што беларусы могуць зьвярнуцца, але ня думаю, што гэта дапаможа, таму што літоўская ідэалёгія — яна не прыхільная да нацыянальнай беларускай ідэалёгіі. І калі раптам хто-небудзь зь літоўскіх ідэолягаў усьвядоміць, што гэта можа стаць яшчэ адным месцам пакланеньня для беларусаў, яны могуць гэта ўспрыняць як беларускія прэтэнзіі на Вільню. Але гэта мае разважаньні тэарэтычныя.

«Закопвалі паўстанцаў на тэрыторыі вайсковага гарнізона, трэба шукаць сьляды ў Расейскім вайсковым архіве»

Доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Смалянчук перакананы, што дакумэнты пра пахаваньні паўстанцаў трэба шукаць у Расеі. Што да аднаўленьня помніка паўстанцам 1863–64 гадоў на гары Гедыміна, гэта залежыць ад літоўскіх уладаў:

Алесь Смалянчук

«Я пляную хутка быць у Вільні, маю пляны сустрэцца зь людзьмі, якія непасрэдна ў тых раскопках удзельнічалі, паразмаўляць зь імі. І зь беларускай інтэлігенцыяй паразмаўляць, што далей рабіць.

Я сам спрабаваў нешта знайсьці, калі працаваў у ЭГУ. Але зразумеў, што не абысьціся без паездкі ў Расею, у Маскоўскі вайсковы архіў. Бо закопвалі — ужываць слова „хавалі“ тут не выпадае — закопвалі паўстанцаў на тэрыторыі вайсковага гарнізона. Можа, нейкія дакумэнты ў вайсковых архівах ёсьць. Бо старанна шукала вельмі шмат дасьледчыкаў у мясцовых архівах — і Генадзь Кісялёў, і Язэп Янушкевіч, і іншыя. Можа, у тых вайсковых архівах атрымаецца нешта знайсьці. Менавіта вайскоўцы выконвалі ўсе гэтыя загады па пакараньнях.

Пэўна, што знайшлі парэшткі Каліноўскага, пакуль казаць вельмі цяжка. Той жа літоўскі дасьледчык, прафэсар Рымантас Янкаўскас вельмі асьцярожна пра гэта гаворыць і заўважае, што са 100-працэнтнай верагоднасьцю нельга сьцьвярджаць. Каб захаваліся валасы Кастуся Каліноўскага, можна было б правесьці генэтычную экспэртызу ягоных нашчадкаў, сваякоў (а ў ягонага бацькі была даволі вялікая сям’я — дзеці і ад першага шлюбу, і ад другога). Я спрабаваў некалі даведацца, але сьляды губляюцца.

Калі аналізаваць тых загінулых, каго каралі сьмерцю, забівалі і вешалі ў Вільні, то можна вызначыцца прыблізна ня толькі з момантам, бо час пакараньня сьмерцю Каліноўскага добра вядомы. З разьмешчаньня гэтых магіл можна меркаваць, што знойдзеныя парэшткі Каліноўскага, але не на 100%. Можа, зь цягам часу знойдуцца нейкія архіўныя дакумэнты.

Мы маем здымак, вядомы здымак Банольдзі 1862 году, дзе Каліноўскі даволі выразна прадстаўлены. Але каб мець дакладнае апісаньне парэшткаў — узрост, вага ці яшчэ якія дадзеныя... Можа, гэта б дапамагло. Але калі няма магчымасьці генэтычнай экспэртызы, на 100% ніколі ніхто ня скажа».

— Але ж некалі на гары Гедыміна быў помнік паўстанцам. Ці магчыма яго аднавіць?

— Тэарэтычна гэта магчыма. Можа, гэтыя знаходкі неяк падштурхнуць літоўскія ўлады. Бо калі я працаваў у Вільні ў ЭГУ, пытаньне гэтае ўздымалася, мы размаўлялі зь літоўскімі гісторыкамі. Там сапраўды стаяў вельмі цікавы помнік: крыж, які спалучаўся з шыбеніцай — паводле праекту славутага архітэктара Антонія Вівульскага.

Але, мяркую, тут ёсьць праблема зь літоўскай гістарычнай палітыкай, бо і вежа, і сама гара Гедыміна лічацца адным з асноўных месцаў памяці, пакланеньня менавіта літоўскай гісторыі. Для Вільні гэта важна, для ўсёй Літвы гэта важна. Дарэчы, гэта, відаць, было асноўнай прычынай, чаму прыбралі адтуль той помнік, і там нават сьледу цяпер няма, што калісьці быў помнік памяці паўстанцаў. Літоўскім уладам трэба неяк адважыцца на неразмываньне сваёй нацыянальнай гістарычнай памяці. Трэба пагадзіцца з тым, што тая гістарычная Вільня і сама Літва не былі такой чыста літоўскай этнічнай дзяржавай. Гэта была дзяржава шматлікіх народаў. Трэба нечым ахвяраваць. Ці будуць на гэта здольныя сучасныя літоўскія ўлады? Ведаю, што інтэлігенцыя гэта разумее і можа гэтаму паспрыяць. Але як быць з палітыкамі, цяжка сказаць.

Безумоўна, гэтыя знаходкі робяць зноў актуальнай гэтую праблему, што да памяці паўстанцаў і памяці канкрэтна Кастуся Каліноўскага.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]