Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мне падабаецца, што ён не «калхозьнік» (Фота)

05.10.2010 политика

Працягваецца збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта.

Каб стаць кандыдатам, палітык павінен сабраць у сваю падтрымку ня менш за 100 тысяч подпісаў грамадзянаў да 29 кастрычніка.

У штабе лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава паведамілі, што сабрана ўжо больш як 20 тысяч галасоў, за Ўладзімера Някляева – 17 тысяч, у падтрымку Яраслава Раманчука падпісалася каля 14 тысяч чалавек, і прыкладна столькі ж — за вылучэнца Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Магілёўшчына

На пікетах подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты зьбіралі ў Магілёве й Бабруйску. У абласным цэнтры дзейнічалі адразу некалькі ініцыятыўных груп, кожная за свайго кандыдата. У Бабруйску — за аднаго Някляева. Як зьбіралі подпісы ў Магілёве?

Першымі перад цэнтральным магілёўскім кінатэатрам «Радзіма» зьявіліся сябры ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. Подпісы яны пачалі зьбіраць ад пятнічнага надвячорка. Гаворыць кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Болдзін:

«У гэтую кампанію людзі падзяліліся рэзка на дзьве часткі. Альбо абыякавыя, альбо тыя, якія мэтанакіравана ідуць і падпісваюцца. Падпісваецца больш моладзь. Прыходзяць і кажуць: абы толькі не цяперашні прэзыдэнт».

Карэспандэнт да аднаго з падпісантаў: «Вы падпісаліся за Андрэя Саньнікава — чаму?»

Спадар: «Ён чалавек не абы-які. Працаваў у Міністэрстве замежных спраў. У яго ёсьць жыцьцёвы досьвед. Я назіраю ў інтэрнэце за рэйтынгам, і ўсё ж большасьць людзей схільная галасаваць за яго».

Карэспандэнт: «Вы азнаёміліся зь біяграфіяй Саньнікава й падпісаліся за яго — чаму?»

Спадар: «Мне падабаецца, што ён, у супрацьвагу сёньняшняму прэзыдэнту, не «калхозьнік».

На пешаходнай Ленінскай вуліцы ля крамы з парфумай разьмясьціла свой пікет ініцыятыўная група Яраслава Раманчука. Яе кіраўнік Уладзімер Шанцаў дзеліцца сваімі назіраньнямі пасьля чатырохгадзіннага збору подпісаў:

«Ня вельмі ахвотна людзі падпісваюцца. Многія пытаюцца: «А ці вы не баіцеся, а ці не баіцца Раманчук?» Атмасфэра страху. Гэтую атмасфэру стварыла сёньняшняя ўлада. Мы ўсім адказваем, што наша галоўная задача — каб страх зьнік».

Карэспандэнт да падпісанта: «Вы падпісаліся за Раманчука — чаму?»

Спадар: «Чалавек з вышэйшай эканамічнай адукацыяй. Нічога кепскага з нашай краінай ня стане, калі прэзыдэнтам будзе ён. У яго напісана, што трэба з суседзямі не сварыцца, а сябраваць. Прыклад Расеі тут. Тое, што робіць Аляксандар Рыгоравіч, тое няправільна».

На той жа вуліцы Ленінскай разьмясьціўся й яшчэ адзін пікет. Тут зьбіраюць подпісы за трох патэнцыйных кандыдатаў адразу — Віталя Рымашэўскага, Міколу Статкевіча й Рыгора Кастусёва. На стэндзе надпіс: «Эўрапейскі выбар».

«Малады, пэрспэктыўны. Добры сямейнік. Кар’ера ягоная ідзе прыступкамі», - кажа падпісант.

Карэспандэнт: «Ён з партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Гэта для вас нешта значыць?»

Спадар: «Хрысьціянская — значыць, зьвязаная з нашым хрысьціянскім. Мы ж усе хрысьціяне».

Ля гэтага ж стэнду спадарыня доўга ўчытваецца ў біяграфіі кандыдатаў. Потым расьпісваецца адразу за ўсіх:

«Я проста сама да канца не зразумела, за каго галасаваць і хто яны такія, таму дала магчымасьць паспрабаваць усім».

Гарадзеншчына

Ужо на самым пачатку збору подпісаў сябры ініцыятыўных групаў апазыцыйных кандыдатаў скардзяцца на тое, што знаходзяцца ня ў роўных умовах з праўладнымі зьбіральнікамі подпісаў.

У Лідзе Яўген Куроўскі, які зьбірае подпісы за Ўладзімера Някляева і Яраслава Раманчука, распавядае, што ўлады адпачатку ўключылі адміністрацыйны рэсурс і што ён зафіксаваў ужо мноства фактаў парушэньня выбарчага заканадаўства.

Куроўскі: «За Лукашэнку зьбіраюць подпісы, замбіруюць людзей і ўводзяць у зман — маўляў, раз падпісаліся адзін раз, то болей ня маеце права. А нам потым даводзіцца па паўгадзіны тлумачыць людзям, што гэта падман. Далей. Дачка з сынам пайшлі ўчора ў інтэрнат музвучэльні — выгналі і сказалі, што яны ня маюць права, маўляў, мы тут зьбіраем за Лукашэнку».

У Горадні тым часам сябры ініцыятыўных групаў кандыдатаў ладзяць пікеты. Людзі няспынна падыходзяць, ставяць подпісы і выказваюцца наконт выбарчай кампаніі. Вось малады спадар паставіў подпіс і кажа, што ўсё роўна выбару беларускі народ ня мае і ўсё застанецца, як было.

Спадар: «Усё гэта ўжо адрэпеціравана за 16 гадоў: цэнтравыбаркамы, ярмошыны — усё гатова, усё па шаблёну. Гэта ня выбары. А калі гэта называць выбарамі, то трэба павесіць адзін вялікі плякат: выбары Аляксандра Лукашэнкі».

Старэйшы спадар, пачытаўшы інфармацыю пра спадара Кастусёва, ня стаў падпісвацца. Вось што ён кажа:

Спадар: «Ну што зь іх возьмеш? То з 46 году, то яшчэ старэйшы, у іх ужо ўзрост пад пэнсійны. Няхай яны на пэнсію ідуць і не перашкаджаюць. Я ўпэўнены, што Лукашэнка пераможа, а калі нават і зьмяняць яго, то на больш маладога».

Яшчэ адзін спадар, паставіўшы подпіс за Яраслава Раманчука, падбадзёрвае зьбіральнікаў подпісаў.

Спадар: «Лукашэнку трэба мяняць. Адна праблема, што людзі ні пра кога больш ня ведаюць, ні пра Саньнікава, ні пра Раманчука. А Лукашэнка ўжо і так надакучыў. Колькі яго можна ўжо вылучаць? Дый што ён нам даў? Як хадзілі бедныя, так беднымі і ходзім».

Сваімі ўражаньнямі падзяліўся адзін зь сябраў ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва, які ўжо некалькі дзён стаіць у пікеце.

Спадар: «Хачу сказаць, што людзі цікавяцца выбарамі, падыходзяць да стэнду, чытаюць, але бачу, што пакуль яны ня вызначыліся, дый большасьць зь іх ня маюць пашпартоў — гэта яшчэ толькі пачатак збору подпісаў».

Гомельшчына

У Гомелі найбольш актыўна збор подпісаў вядзецца за вылучэньне кандыдатамі на прэзыдэнта Аляксея Міхалевіча й Аляксандра Лукашэнкі.

Сябры ініцыятыўных групаў абодвух прэтэндэнтаў ладзяць нават адмысловыя пікеты. Прычым за дзейнага кіраўніка дзяржавы подпісы зьбіраюць практычна ў любых месцах, нягледзячы на абмежаваньні гарвыканкаму.

Людзі Міхалевіча сёньня зладзілі пікет у 19-м мікрараёне, непадалёк ад супэрмаркету «Алма».

Зьбіральнік подпісаў Сяргей Сьцепанец: «Гарвыканкам забараніў зьбіраць подпісы ў тых месцах, дзе найбольш людзей, дзе праходзяць людзкія патокі — блізу прыпынкаў, рынкаў, гандлёвых прадпрыемстваў, ля ўваходу ў паркі. Мы не павінны падыходзіць да іх бліжэй, чым на 50 мэтраў».

Зьбіральнік кажа, што, нягледзячы на гэтыя абмежаваньні, за гадзіну ўдаецца сабраць 20-25 подпісаў:

«Самая актыўная — гэта моладзь. Яны кажуць: за каго заўгодна, але толькі не за Лукашэнку й не за Гайдукевіча».

Толькі што за Міхалевіча паставіла свой подпіс маладая жанчына, спадарыня Вольга:

«Трэба ж паспрабаваць, каб нехта яшчэ быў прэзыдэнтам, апроч Лукашэнкі».

Сталага веку кабета, у сваю чаргу, цягне мужа-пэнсіянэра далей ад століка, за якім разьмясьціліся зьбіральнікі подпісаў за Міхалевіча. Тлумачыць яму, што трэба падпісвацца за Лукашэнку:

«А што нам, дрэнна пры ім жывецца? Лепей, чым дзе-кольвечы жывуць. Украінцы нам зайдросьцяць, расейцы нам зайдросьцяць».

«Зайздроснага аптымізму» ніяк не падзяляе мужчына сярэдняга веку, які назваўся Леанідам:

«Учора падыходзілі. Дзяўчына якаясьці прыходзіла, прасіла за Лукашэнку. Подпіс я ня даў. Патрэбны перамены — моцныя перамены, і найперш у нашых заробках. Сьвежыя мазгі патрэбныя! Улада сябе вычарпала, усё карумпавана. Беларускую мову зрабілі паміраючай. Вядзецца плянамерная русыфікацыя».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]