Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аршанец правёў начную варту на Крапівенскім полі

09.09.2017 общество
Аршанец правёў начную варту на Крапівенскім полі

На працягу дня Крапівенскае поле «прымала» дзясяткі гасьцей.

8-га верасня, на ўгодкі бітвы, падчас якой войскі ВКЛ на чале з Канстанцінам Астроскім разграмілі ўтрая большае войска Маскоўскага княства, аршанскія актывісты традыцыйна прыяжджаюць на Крапівенскае поле.

Гэта поле каля вёскі Гацькаўшчына, на памежжы Аршанскага і Дубровенскага раёнаў, дзе, паводле гісторыкаў, і адбылася адна з найбольш славутых бітваў у сярэднявечнай гісторыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Начная варта на Крапівенскім полі

Аматар беларускай гісторыі Генадзь Шэпелеў прыехаў на поле раней за ўсіх — яшчэ мінулым вечарам. Усталяваў намёт, узьняў над ім бел-чырвона-белы сьцяг, і ўсю ноч слухаў песьні беларускіх выканаўцаў. Гэта была такая ганаровая варта, кажа спадар Шэпелеў:

— Я ня ўпершы раз праводжу ноч у намёце на полі бітвы. Калі-некалі з кампаніяй аднадумцаў, а сёлета — адзін. Мне не было ні сумна, ні страшна, я адчуваў, што раблю годны ўчынак у імя памяці продкаў. Ніхто мяне не трывожыў, і толькі 8-га верасьня пад вечар на полі зьявіліся нейкія прадстаўнікі сілавых структур. Але і яны не падыходзілі блізка — здаля сачылі за тым, што тут раблю я і іншыя людзі, якія пачалі зьбірацца да помніка-каменя.

Раніца, паводле генадзя Шэпелева, пачалася з тэлефанаваньняў: знаёмыя хлопцы з Полаччыны таксама паведамілі, што едуць на Крапівенскае поле. Яны зьявіліся ўчатырох, у тым ліку полацкі мастак Вітаўт Жукоўскі. Цягам дня ён зрабіў некалькі эцюдаў, якія потым плянуе пераўвасобіць у сапраўдныя карціны.

Палачане на Крапівенскім полі
Творы Вітаўта Жукоўскага

Музычная гісторыя былога поля Аршанскай бітвы

Гэтае поле ў найноўшай гісторыі вядомае ўжо ня толькі колішняй вайсковай славай, але й славай музычнай. З 1991 года на Крапівенскім полі праходзіў фэстываль беларускай аўтарскай песні, запачаткаваны бардам Андрэем Мельнікавым. Да восені 2008-га, пакуль на беразе рэчкі Крапівенкі штогод праходзіў фэстываль бардаўскай песні і паэзіі, сюды зьяжджаліся сотні чалавек.

Сьпеўны фэст пачалі лічыць «несанкцыянаваным мерапрыемствам». Шматкроць рабіліся спробы перанесьці выступы ў іншыя мясьціны паблізу, але небясьпека быць пакаранымі зрабіла колькасьць выступоўцаў і слухачоў меншай у дзясяткі разоў, і бардаўская імпрэз практычна перастала існаваць.

На працягу дня Крапівенскае поле «прымала» дзясяткі гасьцей. Ураджэнец Воршы, мастак Мікола Купава прывёз самаробную шыльду, якую ўмацавалі на крыж, які стаіць на ўзгорку на мяжы поля. Пад тры дзясяткі аршанцаў, знаёмых і незнаёмых паміж сабой, прыехалі на месца гістарычнай бітвы цэлымі сем’ямі, зь дзецьмі і ўнукамі.

Экскурсія па гістарычных мясьцінах

Да помніка ўсклалі кветкі, прачыталі колькі вершаў, сказалі кароткія прамовы пра тое, што кожны беларус мае чым ганарыцца ў мінулым сваёй краіны. Усё гэта здымалі на відэакамэру двое людзей у цывільным, хаваючыся ў хмызах каля мэмарыяльнага крыжа.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]