Прэзентацыя мапы Вялікага Княства Літоўскага, створанай у XVII стагоддзі Томашам Макоўскім, прайшла ў галерэі «Арт-Беларусь».
Гэтая мапа стала прэзентацыяй княства для Заходняй Еўропы — амаль тысяча гарадоў ды мястэчак былі ўпершыню пазначаныя на еўрапейскіх мапах, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Гэта першая дэталёвая мапа ВКЛ, — адзначае каардынатар карпаратыўнай калекцыі Белгазпромбанка Аляксандр Зіменка. - Гэта была першая спроба распавесці еўрапейскім краінам пра тое, што гэта за землі такія. Апроч таго, гэта проста выбітны прыклад майстэрства гравюры. Фундатар гэтага праекта — Радзівіл Сіротка таксама ўяўляе сабой сімвал таго, як прыватная ініцыятыва дапамагала Беларусі, а тады Вялікаму княству Літоўскаму, але ж беларускім землям, стаць больш знакамітымі за яе межамі».
Сама мапа, прадстаўленая гледачам, датуецца 1630 годам. Гэта рэпрынт, бо арыгінала 1603 года не захавалася. Адметна, што на ёй таксама апісаны звычаі і абрады жыхароў тэрыторыі княства.
Аўтар мапы Томаш Макоўскі – гравёр, картограф, мастак, працаваў пры двары Радзівілаў, стаў стваральнікам мастацкіх майстэрняў па афармленні кніг, складанні і гравіроўцы карт у Нясвіжы.
Адмыслова дзеля прэзентацыі гурт Re1ikt даў незвычайны акустычны канцэрт.