Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Нацыя ваяроў-ваўкалакаў

12.09.2017 общество
Нацыя ваяроў-ваўкалакаў

Суседзі беларусаў да ХХ стагоддзя лічылі нашых продкаў чараўнiкамі i ваўкалакамі.

Найбольш часта ваўкi-драпежнiкi асацыіравалiся ў народнай свядомасцi з зiмовай ноччу. Былi яе своеасаблiвым сiмвалам.

Справа ў тым, што да гэтага часу маладыя ваўчаняты падрасталi, дужэлi, i старыя, спрактыкаваныя звяры збiралi iх у «гайні», «зграi», «цечкi».

Акрамя гэтага, нашы продкi амаль заўсёды звязвалi вобраз воўка са смерцю. Вiдаць таму, што амаль любая сустрэча з лясным гаспадаром заканчвалася трагiчна для чалавека.

Людзi сцвярджалi, што воўк — гэта прамая сувязь зямлi з сонцам. Магчыма, падставай для такога сцверджання паслужыла нестамляльнасць звера («воўка ногі кормяць»).

Трэба ўлiчваць яшчэ i той факт, што ў далёкiя часiны кожнае паасобнае племя мела свайго татэма. Звычайна выбiралi мядзведзя, лiсiцу, воўка i iншых звяроў. Кожнага бралі за нейкiя ягоныя моцныя i непаўторныя рысы, якiя вылучалi гэтага звера сярод астатнiх.

У мiфалагiчных уяўленнях многiх народаў свету вобраз воўка асацыіраваўся з вобразам правадыра баявой дружыны або нават самога бога вайны i пачынальнiка плямёнаў. Таму i паляўнiчыя, i воiны з асаблiвым задавальненнем i ахвотай пераапраналiся менавiта ў воўка. Воінаў захапляла ў гэтым вобразе моц i нестамляльнасць.

Агульным i папулярным з’яўляецца сюжэт аб выхаваннi старэйшыны роду або яго дзяцей ваўкамi.

Англiйскi даследчык Э. Тайлар пiсаў: «Славянскае народнае паданне гаворыць пра ваўчыцу i пра мядзведзiцу, якiя ўскармiлi двух звышнатуральных блiзнюкоў: «Валiгару, якi рухаў, i Вырвiдуба, якi вырываў дубы з каранямi. Германiя мае легенду пра Дзiтэрыха, якога празвалi Вольфдзiтрыхам. Iмя сваё ён атрымаў ад ваўчыцы, якая ўскармiла яго. У Iндыі той жа сюжэт паўтараецца ў казцы пра Сатавагана i львiцу, пра Сінг-Бада i тыгрыцу. Iснуе таксама легенда, якая апавядае пра Бурта-Чына – хлопчыка, які быў кiнуты ў возера, выратаваны ваўчыцай i стаў легендарным заснавальнiкам турэцкай дзяржавы. Нават дзiкія юракарэ ў Бразiліі расказваюць пра свайго боскага героя Цiры – выратаванага i выкармленага самкай ягуара».

У якасцi бога вайны воўк выступаў, у прыватнасцi, у iндаеўрапейскiх мiфалагiчных традыцыях, якiя адлюстроўвалiся ў той ролi, якая адводзiлася воўку ў кульце Марса ў Рыме i ва ўяўленнi пра двух ваўкоў, што пастаянна i паўсюдна суправаджалi магутнага i грознага Одзiна – германскага бога вайны – у якасцi двух яго верных сабак.

Таму адпаведна i самi ваўкi ці члены племенi ўяўлялiся ў выглядзе ваўкоў цi iх называлi ваўкамi i даволi часта накiдалi на плечы звярыныя шкуры адпаведнай пароды падчас свят, пра якiя паведамлялася яшчэ ў вiзантыйскiх першакрынiцах.

Паводле хецкага тэксту звароту цара Хатусiмiуса (ХVII ст. да н. э.) да войска, яго воiны павiнны быць адзiныя i маналiтныя, як «род воўка».

Аналагiчнае паданне аб вайсковай дружыне як воўчай зграi вядома ў сванаў, на Каўказе.

Багам вайны ў розных народаў прыносiлi шматлiкiя паднашэннi i ахвяры. Сярод ахвяр пераважалi ваўкi, сабакi, а таксама (даволi часта) «людзi, якiя сталi ваўкамi» (паводле старадаўняга агульнаiндаеўрапейскага падання, чалавек, якi здзейснiў жудаснае, страшнае злачынства, сам станавiўся воўкам). Напрыклад, вядомы фiлосаф Платон асацыiраваў «выгнаннiка-воўка з чалавекам цяжкага злачынства».

Старажытныя грэкi пачыналi з пакланення Зеўсу Лiкейскаму (грэч. «лiкас» – воўк). Калiсьцi гэты бог патрабаваў ад iх нават чалавечых ахвяр. Урачыста праходзiлi луперсалii – воўчыя святы i ў Старажытным Рыме, таму што легендарныя заснавальнiкi горада былi ўскормлены ваўчыцай.

Нагадаем i пра вялетаў – ваўчкоў-люцiчаў. Не выключана, што люцiчамi ў вялетаў называлi ваяроў-звяроў, г. зн. тых ваяроў, якiя iмiтавалi ў баi звера-татэма.

Скандынаўскiя берсеркi – «тыя, кто ўцелаiсцiўся ў мядзведзя», або вiльдзiмы – «тыя, хто ўцелаiсцiўся ў воўка». Такiя ваяры-звяры былi ў кельтаў i германцаў. Яны складалi саюзы-дружыны з прадстаўнiкоў розных этнасаў i жылi ў весях-лагерах асобна ад сялян.

Тацыт пiсаў, што ваяры-звяры былi самымi доблеснымi з усiх ваяроў. Лагiчна, што падобны iнстытут ваяроў-звяроў iснаваў i ў вялетаў. Частка вялецкiх ваяроў прытрымлiвалася магiчна рытуальнай традыцыi пераўвасаблення ў воўка: нашэнне воўчай шкуры, iмiтаванне павадак гэтага звера (дарэчы, ад слова «выць» утварылася, мабыць, i само вызначэнне чалавека, якi змагаецца з некiм – вой).

Незнаёмы з дахрысцiянскiмi традыцыямi свайго народа летапiсец адзначыў, што лiцвiны «вовчии невыправные скуры носили», i тлумачыў гэта iх еднасцю, а на самой справе зафiксаваў адзiн з важных элементаў магiчна-рытуальнай традыдыі – пакланенне воўку.

І ў нашых суседзяў украiнцаў да ХХ ст. жыло ўяўленне пра лiцвiнаў як пра чараўнiкоў i ваўкалакаў. Такi погляд на лiцвiнаў нарадзiўся ва ўкраiнцаў у далёкiм мiнулым, калi iх продкi сутыкалiся з ваўкамi-люцiчамi.

Параўнаем i адно з рускiх азначэнняў чараўнiка — лютадзей, якое праўдападобна, утварылася ад наймення «лютвін». Нельга не згадаць i пра тое, што ёсць вельмi старое славянскае паданне, быццам бы белы воўк боскага паходжання. На Беларусi ён называўся каралём усiх звяроў.

Яшчэ «бацька сусветнай гiсторыі» Герадот запэўнiваў, што неўры, якiя быццам бы жылi паблiзу ракi Пiны i потым рассялiлiся сярод славянскага племенi будзiнаў (першабытных жыхароў далiны Прыпяцi), усе былi чараўнiкамi i кожны з iх хоць адзiн раз у год ператвараўся на некалькi дзён у воўка.

Далей сцвярджалася, што існаваў звычай насiць кажух поўсцю наверх i менавiта гэта дало падставы для меркавання пра ператварэнне чалавека ў воўка.

Мабыць, Герадот на ўласныя вочы бачыў, як мясцовыя жыхары пераапраналiся (цi iмкнулiся зрабiць гэта) у нейкiх пэўных звяроў падчас язычнiцкiх свят, цесна звязаных з каляндарна-абрадавымi звычаямi, з земляробчымi цыкламi тагачасных жыхароў.

Аляксей Ненадавец, babruysk.by

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]