Доктару навук Міколу Нікалаеву адмовілі ва ўдзеле ў Скарынаўскім кангрэсе.
За дзень да пачатку міжнароднага навуковага кангрэсу з нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску арганізатары паведамілі пра немагчымасьць выступленьня на ім доктара філялягічных навук, загадчыка аддзелу рэдкіх кніг Расейскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбурзе Міколы Нікалаева. Пра гэта спадар Нікалаеў паведаміў «Свабодзе». Ягоны даклад меўся называцца «Кніжная справа пасьлядоўнікаў Скарыны».
Мікалаеў не прыехаў «па тэхнічных прычынах», патлумачыў «Свабодзе» намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. Яго спадзяваліся бачыць на Кангрэсе, даклад мусіў быць на пленарным паседжаньні. Але за дзень да прыезду Мікалаеў патэлефанаваў і паведаміў, што ня мае грошай на прыезд.
«Учора ён патэлефанаваў і сказаў, што ня мае грошай на прыезд, — патлумачыў «Свабодзе» Алесь Суша. — Я паспрабаваў пашукаць у нашых крыніцах дадатковага фінансаваньня, але не атрымалася хутка знайсьці такія грошы. У выніку ён сам сказаў, што прыехаць ня можа. Нам было вельмі шкада і давялося ў апошні момант перарабляць пленарнае».
На просьбу «Свабоды» спадар Нікалаеў даслаў тэзісы свайго дакладу, зьмест якіх, магчыма, і тлумачыць рашэньне беларускіх чыноўнікаў:
«У Скарыны не было пасьлядоўнікаў. Ніхто з друкароў, якія прыйшлі пазьней, ня быў яго вучнем. Ніхто з тэолягаў і біблеістаў не аб’явіў, што працягвае ягоную працу, не пераклаў і не дадрукаваў кнігі, якіх неставала.
Усе ведаюць — кніга памірае. Цяпер яна не крыніца прыбыткаў ад продажу процьмы аднолькавых экзэмпляраў аднойчы створанага тэксту, а галаўны боль. Што рабіць з паліграфічным камбінатам-гігантам у цэнтры Менску? Што рабіць з тузінам дзяржаўных выдавецтваў і той інтэлігенцыяй, якая з кніжнай справы корміцца?
Шлях, які выбралі дзейны прэзыдэнт і ягоныя міністры, просты, зразумелы і «эфэктыўны» — «ня парыцца». Калі чаго будзе не хапаць — заўсёды можна падвезьці з Санкт-Пецярбургу. Ці з Масквы. Бо навошта другую мову аб’явілі дзяржаўнай і «забыліся» аб’явіць, што беларуская мае роўныя правы? І што кожны дзяржаўны службовец абавязаны ведаць абедзьве? Калі абедзьве — дык гэта ж трэба будзе і сваю выдавецкую справу разьвіваць для патрэбаў беларускага спажыўца.
Некалі ў Хойніках, на сьвяце беларускага пісьменства, мной апекавалася супрацоўніца раённай бібліятэкі: яна ня ўмела (!) гаварыць на тытульнай мове рэспублікі, зь бюджэту якой атрымлівала зарплату. І нічога — «я жэ гавару з Вамі на гасударственам языке!» — казала жанчынка граматычна правільна, але з шалёным (як для мяне, расіяніна) акцэнтам. Тады, даўно, я думаў, што гэта выключэньне для беларускай культурнай прасторы. Але летась са мной не змагла гаварыць на беларускай мове намесьніца дырэктара Гомельскай абласной бібліятэкі, яна ж выпускніца (увага!) беларускага філфака Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якая таксама атрымлівае зарплату ад дзяржавы, тытульная мова якой — беларуская. Дадам: нічым не абароненая беларуская.
Так ужо здарылася, што беларусы пакуль ня маюць «усеахопнага» гісторыка, роўнага расейскім С. Салаўёву ці В. Ключэўскаму, украінскаму М. Грушэўскаму, літоўскаму А. Шапоку. Замест таго грунт беларускай тоеснасьці шукалі ў гісторыі кнігі. Кніжная культура стала падставай напісаньня акадэмікам Яўхімам Карскім фундамэнтальных «Беларусаў», таксама як і «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлавам Ластоўскім. Шукаючы «праўду» (ці можна знайсьці праўду гісторыі?) некалі і я прычыніўся да гэтай тэмы — прапанаваў трактаваць кніжнасьць Беларусі шырэй, чым гэта рабілі Я. Карскі і В. Ластоўскі — уключаючы ў паняцьце кніжнае культуры і лацінскія, польскія ды іншыя іншамоўныя выданьні нашых друкарняў (адпаведна і рукапісы).
Кнігі «Палата кнігапісная» і першы том «Гісторыі беларускай кнігі» рыхтаваліся ў мінулым стагодзьдзі і абапіраліся на існуючыя на той час апісаньні рукапісаў і каталёгі старадрукаў. Зрабіліся новыя адкрыцьці, выявіліся недахопы. Я чакаю магчымасьці палепшыць зьмест у перавыданьнях. Альбо каб нехта іншы напісаў новую гісторыю кніжнай культуры — такую, якая б адпаведна праілюстравала і патлумачыла хаду падзей нашай мінуўшчыны.
Але для новага кроку патрэбна пашырыць крыніцавую базу, увесьці ў зварот рукапісы і старадрукі, што раней не былі апісаныя альбо заўважаныя. Нацыянальная бібліятэка Беларусі некалі зрабіла важны крок у апісаньні гістарычнага рэпэртуару — у 1986 г. выйшаў зводны каталёг «Кніга Беларусі». Старадрукі там апісаны толькі кірылічныя, хоць аўтары абвясьцілі пра намер працягваць і пашыраць працу, падрыхтаваўшы апісаньні кніг лацінскага (і іншых) альфабэтаў.
Прайшло 30 гадоў — і што? Адбылася толькі адна істотная зьмена — каталёг «Кніга Беларусі» перавыдадзены ў электроннай форме. Важная і патрэбная рэч, але па сутнасьці нічога новага не дадалося, і не чуваць, каб праца ішла. Гэта праблема спадчыны Скарыны.
Наступная праблема цесна зьвязаная з папярэдняй. Там мы казалі пра неабходнасьць стварыць працяг бібліяграфічнага паказальніка (ён жа зводны каталёг) «Кніга Беларусі»; цяпер спынімся на якасьці таго, што ўжо ёсьць. Разьдзел, у якім апісаны старадрукі, падрыхтаваў Георгі Галенчанка. Прафэсійны гісторык, працавіты і ўдумлівы дасьледчык. Але ў працы ён быў абмежаваны часам і магчымасьцямі службовых выпраў. Калі браў і апісваў нейкае выданьне ў адной бібліятэцы, тое ж выданьне ў іншых сховішчах ён вывучаць не пасьпяваў — толькі натаваў наяўнасьць (выключэньне — друкі Скарыны).
А кожны ведае — двух падобных старадрукаў не бывае! Найбольш апісаньняў Г. Галенчанка зрабіў у Публічнай бібліятэцы (цяпер Расейская Нацыянальная) у Санкт-Пецярбургу. Але, калі ўважліва перагледзець гэты кнігазбор, можна (і трэба) зрабіць істотныя дадаткі і зьмены. У прыватнасьці, некаторыя «астроскія» выданьні ёсьць падставы атрыбутаваць як віленскія, а вызначэньне ліставой формулы выданьня і дакладнае апісаньне зьместу значна павялічыць інфарматыўны патэнцыял каталёгу. Не кажу тут пра магчымасьці параўнаць кнігі з розных сховішчаў (у адным зь віленскіх выданьняў мы нядаўна сустрэлі, напрыклад, тэкст каралеўскага прывілею Мамонічам, які раней быў вядомы толькі ў лацінскім варыянце). Павялічыць інфарматыўнасьць ужо існуючага зводнага каталёгу — яшчэ адна праблема спадчыны Скарыны.
Кніжны «рускі сусьвет» сярэднявечча разьмяшчаецца для нас па восі Львоў — Астрог — Нясьвіж — Вільня. Ня менш важнымі цэнтрамі — Масква (на пачатку толькі як імпарцёр кірылічных кніг, а пазьней і як найбуйнейшы экспарцёр), Кіеў, Куцейна і Магілёў. Заходнеруская кірылічная кніжнасьць як адзінае цэлае — гэта праблема спадчыны Скарыны. Праблема, якую расейскія, беларускія і ўкраінскія нацыяналісты адсунулі, але не схавалі. Схаваць немагчыма.
Юбілейная дата пачатку кнігадрукаваньня часта гучыць і як юбілейная дата біблеістыкі. Гэта сапраўды так, хоць скарынаўскі пераклад ня першы, не найлепшы і ня самы поўны. Аднак праблемаў спадчыны Скарыны ў біблеістыцы шмат, для мяне першай па значнасьці — суадносіны працы Скарыны і Мацея Дзясятага ў тэксталёгіі і ілюмінацыі, што дазволіць гаварыць пра розныя мэнталітэты аднае эпохі.
Сьвяткаваньне 500-годзьдзя кнігадрукаваньня — баль падчас сёньняшняй маравой пошасьці для кнігі. Прапорцыі інфармацыйнага патоку зьмяніліся: ідэалягічныя выданьні і значная частка літаратуры «пераехалі» ў інтэрнэт і на тэлевізію. Біблія дык увогуле ідэальна прадстаўлена ў інтэрнэце. Але юбілей — гэта і шанц пераасэнсаваць ролю кніг на паперы ў сучасным сьвеце.
Для старадрукаў сышла эпоха вывучэньня выданьняў, прыйшла эпоха вывучэньня экзэмпляраў. У гэтым пляне толькі што выданы Нацыянальнай Бібліятэкай Беларусі факсымільны шматтамовік Скарыны нічым дасьледчыкам не дапаможа: тут усё ўперамешку і без варыянтаў. Аднак прысутнасьць у гэтым выданьні кніг з Гёрліца — паказальнік патэнцыялу вывучэньня спадчыны Скарыны ў міжнародным супрацоўніцтве.
Тут я спатыкнуўся і ўспомніў аксіёму, якая жыве ў акадэмічным асяродзьдзі: правільна сфармуляваная задача дасьледаваньня — гэта ўжо палова дысэртацыі. Пра задачы вывучэньня спадчыны Скарыны тут ужо шмат напісаў. Вось яшчэ адна: вывучыць тое, што напісалі і выдалі да сёлетняга юбілею А. Жлутка і П. Войт, А. Суша і А. Груша ды іншыя таленавітыя і цікавыя дасьледчыкі».