Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Андрэй Кім: Мару перакласцi фiльм «Уладар пярсцёнкаў» на беларускую мову

14.09.2017 общество
Андрэй Кім: Мару перакласцi фiльм «Уладар пярсцёнкаў» на беларускую мову

Чалавек, якi навучыў Маленькага прынца гаварыць па-беларуску, распавёў аб сваiх творчых планах.

У «Маскве» гавораць па-беларуску, год 2017. Гэта не мары Альгерда і не пачатак альтэрнатыўнай версіі рамана Віктара Марціновіча. Гэта праект «Беларускія ўікэнды» ад кампаніі «Кінаконг», якая агучвае фільмы на беларускую мову. Мы сустрэліся з заснавальнікам праекта Андрэем Кімам і абмеркавалі, чаму міліцыянтам варта раўняцца на Бэтмэна, як праводзіць беларусізацыю праз кіно і чаму беларусы – падлеткавыя пракрастынатары, пiша 34mag.net.

 

Супергероі Кіма

– Андрэй, ты публічны чалавек ужо шмат гадоў. СМІ называюць цябе грамадскім актывістам, былым палітвязнем, а ў апошнія гады ўсё больш заснавальнікам і кіраўніком праекта «Кінаконг». Ці досыць гэтых вызначэнняў, каб сказаць, хто такі Андрэй Кім?

– Заўсёды хочацца, каб іншыя бачылі цябе так, як ты бачыш сябе сам. А калі гэта не супадае, пачынаеш раздражняцца. Так, я былы палітвязень, але я ў жыцці ніводнага дня не займаўся палітыкай. На жаль, да мяне прычапіўся гэты ярлык. Асабліва здзіўлялі сітуацыі, калі раней журналісты звярталіся да мяне як да эксперта ў геапалітыцы і эканоміцы. Так, я заўсёды маю вызначаную пазіцыю, як грамадскую, так і палітычную. Але ж да турмы я працаваў у кіно, а пасля таксама працягнуў займацца рэчамі, далёкімі ад палітыкі. Пазней, калі я заснаваў баі падушкамі, мяне доўгі час называлі арганізатарам баёў падушкамі. А пасля мяне сталі зваць проста мянчук Андрэй Кім.

– У 2007-м, калі цябе затрымалі ў другі раз, перад адпраўкай на Акрэсціна ты адмовіўся здымаць крыж, тады цябе павалілі на зямлю, закавалі ў кайданкі і сілай яго сарвалі. Why?

– Кінематаграфічна, так? (Усміхаецца) Таму што так можна. Яны ідуць па шляху найменшага супраціву. Улада заўжды разбэшчвае. Давай я патлумачу на прыкладзе коміксаў. У чым найвялікшая сіла любога сапраўднага супергероя? Не ў яго суперсіле, а ў адсутнасці таго, што ўласціва любому з нас: карумпаванасці чалавечага сэрца. Мой любімы супергерой – Бэтмэн. У яго няма ніякіх суперсілаў, акрамя таго што ён не карумпуецца. Ён, маючы мільярды долараў і абсалютную ўладу над горадам, не становіцца горш, як стаў бы любы іншы чалавек. Нерэальна не тое, што Супермэн лётае, а Чалавек-Павук пускае павуцінне, а тое, што яны ў рэшце рэшт не робяцца тыранамі, дыктатарамі. Міліцыя мусіць быць нашымі супергероямі, але над імі няма добрага кантролю. Ён патрэбны не таму, што яны кепскія людзі, а таму, што ў іх ёсць улада.

– Так, канешне. Дэмакратыю можна фармаваць, гледзячы на людзей з двух бакоў. Можна лічыць, што ўсе людзі добрыя, што яны заслугоўваюць кіраваць дзяржавай, і калі ім даць уладу, яны зробяць рай на зямлі. Так, напрыклад, лічыў Русо. А можна лічыць, што ўсе людзі слабыя, грэшныя, і таму ніхто з іх не мае права на поўную ўладу. Я прытрымліваюся другога погляду. Тэорыя высакароднага дзікуна – гэта поўная лухта. «Высакародныя» дзікуны жэрлі і жаруць адно аднаго.

– Твае арышты ў рэшце рэшт прывялі цябе да турэмнага зняволення ў 2008 годзе. Бродскі гаварыў, што «турма, па сутнасці, ёсць недахоп прасторы, які кампенсуецца лішкам часу». Чым ты займаў свой час?

– Крута, я б так не змог сфармуляваць. У маёй першай камеры было 10 ложкаў на 14 чалавек. Уся свабодная прастора – два з паловай крокі ад ложка да ложка. На 40 хвілін цябе выводзяць на прагулку ў высокае памяшканне, 2 на 2 метры, наверсе – краты. Ты бачыш маленькі шматочак неба. Але час ёсць. Для некаторых людзей ён блаславенне, для іншых – праклён. Шмат хто дэградуе ці едзе з глузду, калі не знаходзіць сабе справу. Я быў у турме 7 месяцаў. Мой дзень быў прыкладна такім: я прачынаўся, маліўся. Далей мне прыносілі лісты. На працягу дня я на іх адказваў, чытаў Біблію, перакладаў «Хронікі Нарніі». Спадзяюся, што ў гэтым годзе мы выдадзім «Ільва, Вядзьмарку і Гардэроб» у маім перакладзе, які быў зроблены там.

– Пасля выхаду на свабоду ты гаварыў, што трэба пераходзіць ад формы пратэсту да формы тварэння. Ты расчараваўся?

– Хутчэй, я зразумеў, што павінен рабіць. Раней гэта была грамадская актыўнасць увогуле, а пасля турмы я зразумеў, у якой менавіта вобласці я мушу працаваць. Напрыклад, «Кінаконг», над якім я працую зараз. «Мой любімы супергерой – Бэтмэн. У яго няма ніякіх суперсілаў, акрамя таго што ён не карумпуецца»

Блокбастары па-беларуску

– «Кінаконг» – унікальны для Беларусі праект, які займаецца прафесійнай агучкай фільмаў на беларускую мову. Чаму ты вырашыў яго стварыць?

– Некалькі гадоў таму я ішоў каля аднаго з менскіх кінатэатраў і падумаў: «Чаму за 20 год незалежнасці краіны амаль усе фільмы, якія паказваюць, агучаны па-руску? І чаму большасць з іх такі шлак?» Пры гэтым я ведаў, што ёсць шмат крутых, нават геніяльных фільмаў, якія ў пракаце ніколі не ішлі. Вось мы і пачалі агучваць іх, а праз некаторы час зладзілі фармат «Беларускіх уікэндаў». Зараз гэта выглядае як тры паказы ў кінатэатры «Масква», прымеркаваныя да нейкай падзеі. Апошнім быў мультфільм «Маленькі прынц», які мы прэзентавалі да дня народзінаў Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. З ім жа мы ўпершыню распачалі паказы ў рэгіёнах. «Уікэнды» сабралі поўныя залі ў Горадні, Магілёве і Гомелі.

Каманда ў нас невялікая, каля дваццаці чалавек. Мая жонка – дырэктар па перакладах. Я акрамя агучкі раней рабіў амаль што ўсё. Зараз пераходжу да таго, каб займацца больш менеджарскай працай. Ведаеш, чым адрозніваецца добры начальнік ад кепскага? Кепскі, калі бачыць, што ён можа зрабіць нешта лепш, чым яно ёсць, робіць гэта. Я доўгі час быў менавіта такім начальнікам. Зараз стараюся адысці ад такога падыходу.

– Як адбываецца адбор фільма для агучкі?

– Фільм мусіць адпавядаць некалькім крытэрыям. Па-першае, ён павінен падабацца калектыву і адпавядаць хрысціянскім каштоўнасцям. Па-другое, гэта павінен быць фільм, які робіць чалавека лепшым, пабуджае яго змяняць свет вакол сябе. Далей, гэта павінен быць мас-продакт, мы не агучваем арт-хаўс. Таксама адным з вырашальных фактараў з’яўляецца пытанне ліцэнзіі. Мы працуем легальна, таму часта апошняй перашкодай паказу з’яўляюцца аўтарскія правы.

- Ці праўда, што з усіх мастацтваў для цябе самым важным з'яўляецца кіно?

– Так. Таму што свет стаў хутчэйшым, і кіно стала самым значным відам мастацтва з-за сваёй высокай хуткасці падачы мэсэджу. Мэсэдж «Кінаконга» – жыццё мае сэнс. Мая вера – гэта сакрэт Палішынеля, але я не хачу даваць людзям адказы, я хачу натхняць іх на пошукі.

– Як яшчэ кіно можа ўплываць на чалавека?

– Давай я зноў патлумачу гэта на прыкладах з кіно па коміксах. 90 адсоткаў фільмаў – гэта «папкорн для мозгу». Яны не ўплываюць на чалавека ніяк. Напрыклад, «Мсціўцы» – гэта чыстая забаўка. Ёсць фільмы, якія робяць чалавека горшым, падманваюць яго. «Дэдпул» – гэта кіно такога плана. Яно паказвае, што гвалт і забойства – гэта крута і смешна. А ёсць такія фільмы, як трылогія Нолана «Цёмны рыцар». Гэта і ёсць тая якасная катэгорыя мас-продакту, якую хоча агучваць «Кінаконг».

– Назаві тры фільмы, якія «Кінаконг» вельмі хоча, але пакуль не можа паказаць з-за складанасцей з ліцэнзіяй.

– «Цёмны рыцар» Нолана, «Уладар пярсцёнкаў», «Хронікі Нарніі». Але мы шмат працуем над тым, каб нашы мары збыліся, і, спадзяюся, мы ўсё ж такі прэзентуем іх беларускаму гледачу.

– Як вы дамовіліся з «Кінавідэапракатам» пра тое, каб ладзіць «Беларускія ўікэнды»?

– Раней і зараз мы супрацоўнічалі з кінатэатрамі на фестывалях еўрапейскага кіно. Пасля звярнуліся да іх з «Уікэндамі». Я лічу, яны вырашылі рызыкнуць і, наколькі магу бачыць, не пашкадавалі. Мы заўсёды імкнемся быць надзейнымі партнёрамі і не хаваць «дулю ў кішэні». Калі я толькі прыйшоў да «Кінавідэапракату», сталі зразумелымі пытанні, хто такі я і што за «Кінаконг». Мы даволі шчыра пагаварылі, і я сцвердзіў, што я прафесіянал і гэта мая праца. У нас ніхто не збіраецца «размахваць сцягам». Але, зноў жа, за правакатараў я адказваць не магу.

Хто ты гэткі?

– У адным са сваіх інтэрв’ю ты сказаў: «Рабіць PR на мове – гэта суперкрута. Людзі, ламіцеся і зарабляйце на беларускай мове». Ты не лічыш, што калі гэта трэнд, то ён лёгка можа прайсці, і на мову «заб’юць»?

– Так, трэнд можа прайсці, але пакуль ён ёсць, трэба яго выкарыстоўваць на карысць і паспець замацавацца, а потым зрабіць з трэнда брэнд.

– Ці можна быць рускамоўным беларусам? Алексіевіч гэта даказала?

– Канешне. І яна, і Пальчыс, і Матолька, і шмат хто яшчэ. Да 2014 года я рабіў «Кінаконг» і адначасова размаўляў і пісаў па-руску. На дадзены момант мы кажам пра беларусізацыю як пра вяртанне павагі да беларускай мовы і да прыдання ёй належнага першага месца.

– Ты неаднойчы гаварыў, што беларусы «чакаюць чараўніка на блакітным верталёце. Калі палітыка, то шчырага беларуса, але не фанатычнага; чыстага і прынцыповага, але не рэлігійнага; які мае палітычны вопыт, але не быў бы звязаны з уладай». Беларусы – ідэалісты?

– Наша Радзіма не ідэальная, але яна наша – за гэта мы яе і любім. Саромецца Бацькаўшчыны, бацькоўскага – гэта падлеткавая хвароба. Беларускае грамадства – гэта падлетак, яно маладое. Але ж можна быць розным падлеткам. Можна выхаваць цябе з павагай да бацькоў, а можна выхаваць так, што ты іх будзеш саромецца. У нас ёсць вялікія карані, але мы іх не адчуваем. Трэба памятаць, што гісторыя – гэта інтэрпрэтацыя мінулага дзеля будучыні. Кожнае пакаленне, якое пачынае будавацца нанава, асуджана на правал. Дык вось, беларусы не ідэалісты. Гэта не ідэалізм, а пракрастынацыя, якая паходзіць ад падлеткавага перфекцыянізму.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]