Сапраўдная Беларусь пачнецца з мініяцюры, як некалі Тэль-Авіў заснавалі ўсяго 60 яўрэйскіх сем’яў.
Перад рэферэндумам 1995 г. я быў сам не свой. Я думаў, што ўсё прапала, што краіне капец. Дзе БЗВ, думаў я, чаму яно нічога не зробіць. БЗВ - Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў, калі хто не ведае. Каму як не ім абараняць краіну сілай, думаў я. Не, яны тут ні пры чым былі. А потым рэферэндум усё ж прагрымеў. І вынікі... ўспрымаліся катастрофай. Успрымаліся прадвеснікам бяды. З'явілася злосць. Узгадаліся ура-патрыятычныя артыкулы то пра баскаў, то пра Паўночную Ірландыю.
Лезлі ў галаву гераічна-радыкальныя думкі. Але потым думкі: навошта? супраць каго? Супраць тых, хто проста не разумее? Супраць тых, хто не ведае страху асіміляцыі, бо сам асіміляваны? Супраць тых, хто проста жыве так, бо так жывецца? Гэта нічога не вырашала б, але выклікала б рэакцыю ў адказ супраць нашай кволай меншасці.
Далей ў краіне былі цяжкія гады, звязаныя з моцнымі палітычнымі трэннямі і сутыкненнямі. Недзе была нізавая праца, культурныя ініцыятывы, творчыя ініцыятывы, крэатыў. Пры гэтым разлік на палітычнае вырашэнне праблемы заняпаду беларускай нацыі нікуды не знікаў. Захоўваліся планы пра скасаванне вынікаў рэферэндуму, пра прыход да ўлады з чарговым адзіным кандыдатам і многае іншае. Але да аднаўлення ўсё адно было задалёка.
Потым быў Майдан, Крым і Данбас. Потым нешта нібыта пачалося мяняцца. "Працэсы ідуць", казалі некаторыя. Колішні знішчальнік беларушчыны нібыта пачаў паварочвацца да яе тварам, нібыта стаў яе дазваляць. У нас з'явілася надзея. Нібыта зноў замаячыла пацвярджэнне правільнасці шляху - адраджэнне надыдзе праз вярхі, праз волю ўлады. Але потым быў чарговы спад.
І цяпер мы чакаем горшага, у перапынках забаўляючыся цацачнай краінай мары - умоўным супраціўнікам умоўнага супраціўніка. Чаму лятаюць чужыя верталёты, чаму ездзіць чужая паліцыя, чаму тут іх сцягі, што далей? "Прачнуцца ў сваёй краіне..."? "Прачнуцца ў вольнай Беларусі"? Не, хутчэй мы можам прачнуцца ў несваёй краіне.
Адкуль увогуле гэтае "прачнуцца"? Хто кажа такое, ён марыць пра цуд, ён лічыць, што нешта можа здарыцца само па сабе і зваліцца з неба? Мы не зможам прачнуцца ў сваёй краіне. Нават тая краіна, што мы атрымалі і за якую мы чапляемся нягледзячы на яе недахопы, прыйшла да нас, як у сне.
Многія нацыянальна свядомыя цешыліся першым гадам незалежнасці і прынятым законам аб дзяржаўнай мове, аб сімволіцы - яны былі закліканы абараняць гэтыя кволыя каштоўнасці. Гэта была надзея, і ў гэтай надзеі была пэўная слабасць. Хацець, каб наша атачэнне змянілася, бо гэтак загадвае закон, – якая ж у гэтым кволасць і слабасць.
Камусьці прыемна мець пэўнасць, што суседзі стануць беларускамоўнымі праз загад закону, калі не зараз, то праз пару дзесяцігоддзяў. Але гэта магло б быць і гэтак, як адчуваў бы сябе дзядуля, які быў камсамольцам - членам добраахвотнага саюза камуністычнай моладзі - на пачатку 20 ст. сярод савецкіх піянераў канца 20 ст. Ён адчуў бы фальш разнарадкі і дзяржаўнай абавязалаўкі.
З тых часоў у многіх выхаваўся такі падыход - я адзінка, я маю бачанне беларускай Беларусі і я працягваю дзейнічаць, увасабляючы яго, тут на Беларусі маё права рабіць гэта, бо гэта мая радзіма. Зыходны пасыл правільны, акрамя аднаго пункта. Гэта паводзіны індывідуаліста, які носіць свой свет з сабой і лічыць сябе элементам гэтага свету, дастатковым, каб навакольныя бачылі ў гэтым асобны свет, той вобраз беларускай Беларусі, якую ён носіць з сабой.
У сапраўднасці ён не творыць свету. Такіх як ён па ўсёй Беларусі - дробны працэнт, аднак ён не губляе надзеі, што некалі гэты працэнт стане усёй краінай. Маўляў, няхай беларускай стане ўся краіна навокал, а калі не становіцца, то дастаткова і мары ў галаве.
Сама краіна не зробіцца беларускай. Не ўдасца прачнуцца ў такой краіне. Яна можа зрабіцца такой, калі паступова будуць рабіцца такімі людзі, калі такіх людзей будзе рабіцца больш. А каб іх рабілася больш, адзінкі як мінімум мусяць гуртавацца ў групкі. Але звычайна, што мы чуем ад такога адзіночкі? «Рабіць рэзервацыю? Не, гэта ніжэй маёй годнасці!»
Мы горш чым у рэзервацыі. Мы нібы індзейцы, якіх разагналі са сваіх рэзервацый. І так, можна горда хадзіць адзіночкамі і казаць «Мы карэнныя і маем права», але наша справа яшчэ горшая, бо мы не чырванаскурыя сярод бела-, чарна- і жаўтаскурых гаспадароў Амерыкі, мы выглядаем як усе і ў большасці якраз-такі паходзім з гэтых усіх. Як адзіночкі мы выглядаем як аматары субкультуры, фаны футбольнага клуба і іншыя людзі з проста «не такім, як ва ўсіх» светапоглядам.
Часта мы чытаем, як нехта сустрэў выпадковага беларускамоўнага і моцна ўсцешыўся. Такі вобраз тыповы і даўні, расце колькасць адзіночак, але яны застаюцца адзіночкамі. Але каб тварыць свет і уражанне яго існавання - адзіночак мала. Падабаецца беларушчына - туліся да сваіх, рабі справы разам. Нават калі ты сацыяпат, хаця б трыся побач з беларускамоўнымі. Мы бачым цыганоў больш групамі, чым паасобку. А гэта тыя, хто захаваў сваю культуру без дзяржавы. Каўказцы ў Маскве ходзяць групамі.
Найлепшае навучанне - навучанне прыкладам. Мы можам паказваць сваю беларускасць вонкі і чакаць, што іншыя да яе далучацца, але мы не даём прыкладу. Мы мусім паказваць на прыкладзе, як мы далучаемся адно да аднаго. Паказваць, якія мы сацыяльныя, якая мы грамада. Атачэнне не зробіць нам за нас беларускі соцыум. Каб тварыць яго, трэба пачынаць самім і з сябе.
Дэпартаваныя ў Сібір крымскія татары здолелі сабрацца разам. Цыгане жывуць разам заўжды, нават калі для гэтага трэба рухацца ў табарах. Яўрэі, што былі без дзяржавы, здолелі пабудаваць цэлую дзяржаву сярод пустыні, і іх горад Тэль-Авіў названы ў гонар назвы іўрыцкай версіі кнігі «Старая новая дзяржава» Тэадора Герцля (назва была лакалізавана як «Тэль Авіў» – «Узгорак вясны»). Тэль-Авіў заснавалі ўсяго 60 яўрэйскіх сем’яў.
Прайшло 22 гады з часоў таго пераломнага рэферэндуму, і надыходзіць яшчэ больш крытычны пералом. Ніхто не ведае, які лёс чакае нашу дзяржаву. І на гэтым парозе пара зрабіць высновы з гэтых 22 гадоў. Каб захаваць сябе і паклапаціцца пра сябе, трэба галоўную стаўку рабіць на сябе. Трэба з адзіночак рабіцца групамі, а з груп масамі. Рабіцца мінісоцыумам, роем. Ніхто не дасць кожнаму з нас беларушчыны больш, чым мы можам даць адно аднаму.
Нехта можа з’ехаць у эміграцыю. Ці стане яму там лепш, ці вытрымае ён асіміляцыю ў краіне, у якой не зможа па-місіянерску несці беларушчыну не зважаючы на наваколле? Сумняваюся.
Зараз ёсць шанс усё пераасэнсаваць. Зразумець, што мы свае на сваёй зямлі, і нішто не перашкодзіць нам у будучыні адпачываць з суседзямі свайго беларускамоўнага квартала, і што неабавязкова шукаць сваім дзецям беларускамоўных сяброў на іншым канцы горада. Зразумець, што беларускамоўныя вернікі могуць жыць побач са сваім беларускамоўным святаром. Узгадаць, што супраць лепшай нараджальнасці часам не дапамагае нават зброя.
Пара пачаць усведамляць гэтыя простыя рэчы, каб наноў гуртавацца ў грамадства, якое з’явіцца мініяцюрай беларускай Беларусі. Тады праз наступную пару дзесяцігоддзяў не пашкадуем ні мы, ні новае пакаленне нас.
Віталь Станішэўскі