Сёлета ў Беларусі Дзень адзінства балтаў адзначаць у больш чым 20 мясцінах.
Аб гэтым сайту Сharter97.org паведамiў адзiн з арганiзатараў свята. Штогод Беларусь далучаецца да святкавання Дня адзінства балтаў. Гэты дзень прыпадае на восеньскае раўнадзенне, 22 верасня. Святкуюць, запальваючы вогнішчы па гарах і пагорках роўна ў адзін час, паміж 8-й і 9-й гадзінамі вечара.
Дзень адзінства балтаў прызнаны дзяржаўным святам у Літве і Латвіі. Яго гістарычная падстава - калі аб'яднаныя войскі продкаў літоўцаў і латышоў разбілі крыжакоў у 1236-м. Без той перамогі Вялікаму Княству Літоўскаму было б цяжэй узняцца, кожная такая перамога давала час, каб сабраць сілы і арганізавацца. Тая "Бітва пры Саўле" стаіць у адным шэрагу з Грунвальдам.

Але Дзень адзінства балтаў нясе яшчэ адзін сэнс. Яго ў сваім часе падкрэсліў адзін з лідараў літоўскай "Рамувы" Ёнас Вайшкунас. Восеньскае раўнадзенне - час, калі дзень робіцца карацейшым, а ноч - даўжэйшай. Гэты час - на паўдарозе ад Купалля, калі "свет" максімальна пашыраецца і мы ідзем у прыроду ды святкуем на пагорках, да Калядаў, калі "свет" звужаецца да памераў свайго жытла. Восеньскае раўнадзенне - калі чалавек пераходзіць ад актыўнасці да задуменнасці, калі задумляецца над тым, што мае ўнутры. Звяртаецца да сябе, прыгадвае тых, дзякуючы каму жыве, - продкаў. Нездарма ў латышоў "Месяцам дзядоў" называўся ўвесь кастрычнік.

Гэта час падвядзення вынікаў, час падліку. І таго, што зроблена за актыўны летні час. І таго, колькі нас - сяброў, адзінадумцаў, паплечнікаў. Таму на пагорках на Дзень адзінства балтаў у адзін і той жа час запальваюцца вогнішчы. Вялікая супольнасць адзінадумцаў набрыняе сіламі, каб перажыць халодную і цёмную пару года.
Сёлета ў Беларусі Дзень адзінства балтаў адзначаць у больш чым 20 мясцінах. Вогнішчы будуць палаць не толькі на паўночным захадзе, але і на процілеглых канцавінах краіны (Віцебск, Орша, Магілёў, Гомель, Пінск). Для кагось гэта стане зусім адкрыццём, але запаляць агні таксама яшчэ больш на ўсход - на Цвершчыне, пад Масквой (там, дзе жыла голядзь), на Смаленшчыне. І нават пад Варонежам і ва ўкраінскім Жытоміры. Вось такім вялікім калісьці быў абшар, дзе размаўлялі на балцкіх гаворках.

У гэтым годзе Дзень адзінства балтаў праходзіць "пад гукі кананады" расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў. І гэта два зусім розныя вектары: адзін прывязвае нашую краіну да Расіі з яе імперскай і славянскай ідэяй, другі - звяртае да каранёў, да часоў ВКЛ і нават ранейшага часу.
Шмат хто ў гэтыя дні, пратэстуючы, выказвае прыхільнасць да "Вайшнорыі". Гэта назва прыдуманая, але ў яе аснове - нашая балцкая старажытнасць. Памыляюцца тыя, хто глядзяць на "Вайшнорыю" як на ідэю сепаратызму. "Духоўная Вайшнорыя" - яна над Беларуссю. Менавіта з гэтай крыніцы возьмуць сілаў тыя, хто бярэ ўдзел у сёлетнім Дні адзінства балтаў.
Паглядзець, дзе будуць 22 верасня ўвечары запальвацца агні, паведаміць пра свой удзел або далучыцца да тых, хто ўжо ўдзельнічае, можна тут.
24.06.2026
Украинские бойцы эффектно перехватили московитские беспилотники, которые летели их атаковать