Лявон Вольскі сабраў на свой канцэрт прадстаўнікоў дзьвюх генэрацый.
«Як там Вольскі?» — спытаўся сябра пасьля майго наведваньня канцэрту «Белая яблыня грому» Лявона Вольскага ў залі «Prіme Hall» 21 верасьня.
«Супэр Вольскі», — адказваю, а сам думаю, што ў Лявоне і не сумняваўся. Калі шоў мне было цікава паглядзець на публіку. Як яна — як зьмянілася.
Лявон Вольскі сабраў на свой канцэрт прадстаўнікоў дзьвюх генэрацый — сваіх равесьнікаў (плюс-мінус) ды іх дзяцей.
Тыя, хто ў «перабудову» былі нефармаламі, у 1990-я рэвалюцыянэрамі, у «нулявыя» падпольшчыкамі, цяпер прыйшлі сталымі людзьмі. Фэномэн у тым, што для іх дзяцей песьні Лявона Вольскага ня «рэтра», а цалкам сьвежыя, блізкія і зразумелыя.
Лявон Вольскі адзіны, хто прысутнічае на альтэрнатыўнай беларускай сцэне бесперапынна ад 1980-х гадоў.
У Беларусі паняцьце «альтэрнатыўная сцэна» разумее пад сабой альтэрнатыву дзяржаве, а не шоў-бізнэсу як у краінах з вольным рынкам. Бо ў Беларусі шоў-бізнэс хоць і ёсьць, але заціснуты дзяржавай у кут — амаль цалкам падкантрольны дзяржаве.
У падкантрольны шоў-бізнэс дзяржава пачала пускаць альтэрнатыўшчыкаў, ці па сучаснаму «апазыцыянэраў». Спачатку Сяргея Міхалка з «Brutto», цяпер вось Лявона Вольскага.
Калі прадоўжаць сэнсавы шэраг азначэньня публікі згодна эпох, то «нефармалы», «рэвалюцыянэры» і «падпольшчыкі» дапоўніў словам «буржуа».
А як інакш? Модны клюб, квіткі па дваццаць баксаў. Думаю, кошт на квіткі адфільтраваў вялікую колькасьць фанатаў Лявона. Для кагосьці гэта 10% месяцовага заробку, а для кагосьці ўсе 25%.
«Буржуазным» Вольскі стаўся вымушана. Бо не было іншых варыянтаў з месцам для канцэрту. Калісьці голас музыканта гучаў на адкрытых пляцоўках: у парках Горкага, Чалюскінцаў і Янкі Купалы. Былі самыя розныя варыянты на любую кішэню.
«Калі апазыцыянэраў немагчыма зьнішчыць, то хоць заробім на іх» — такую вэрсію лёгікі ўлады прапанаваў мне адзін знаёмы, сустрэты на канцэрце. І дадаў: «Я нават чуў, што ў Менгарвыканкаме ўзялі хабар за магчымасьць выступу Вольскага».
Я пасьмяяўся са змоўніцкай тэорыі, але ж падаткі з Вольскага пойдуць ў дзяржаве. Бабло пераможа зло?
Вольскі стаўся зоркай у СССР, разьвіваўся ў першыя гады незалежнай Беларусі, экспэрэмэнтаваў у час раньняга Лукашэнкі, сталеў у час сярэдняга Лукашэнкі, выпусьціў, як па мне, свой лепшы альбом «Psychasamatyka» у час позьняга Лукашэнкі.
Як ні круці, перамагаюць прынцыповасьць і пасьлядоўнасьць.
Cевярын Квяткоўскi, «Радыё Свабода»