Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гарадзенец, які змяніў Польшчу

29.09.2017 общество
Гарадзенец, які змяніў Польшчу

Малавядомая гiсторыя нашага зямляка Чэслава Немена.

Вольскі, “Брута”, Саладуха, Корж… Музычныя імёны, агульнавядомыя ў Беларусі і не толькі. Менавіта гэты пякельны мікс з “А малый повзрослел”, “Где-то зреет виноград” і “У нашым калгасе” — сучасная беларуская музычная прастора. Але ж не можам мы жыць толькі Каржамі і Вольскімі! У скарбонцы нашай музыцы да халеры праектаў, якія могуць лёгка скласці канкурэнцыю гэтым папулярным тытанам! Іх спыняе толькі адно — пра іх не кажуць. Таму ўключаем басы на поўную, наладжваем свае бас-гітары і паглыбляемся ў гэтую драйвовую, але малавядомую беларускую музыка, пiша budzma.by.

Першы наш госць — культавая асоба. Імя Чэслава Немена ведае бадай кожны паляк, але далёка не кожны беларус. І гэта пры тым, што ён наш зямляк! І лёгкі склероз у дачыненні да музычнай фігуры такога ўзроўню — не самае разумнае рашэнне.

Таму… хто такі гэты Чэслаў Немен?

Чэслаў Немен — паляк беларускага паходжання, музыка і кампазітар. Менавіта ён з’яўляецца адным з піянераў польскага прагрэсіў-року і электроннай музыкі. Нарадзіўся музыка ў невялікай вёсцы Старыя Васілішкі ў 1939 годзе, што на Гарадзеншчыне. Яго сапраўднае імя — Чэслаў Юліуш Выджыцкі, а свой псеўданім ён абраў у гонар нашага роднага Нёмана, які на польскі манер гучыць менавіта як Немен. Дарэчы, яго малая радзіма мае прыгожы касцёл канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

Dziwny jest ten ?wiat!

Дык як хлапец з беларускай вёскі стаў культавай фігурай? Насамрэч шлях быў доўгі. І нездарма я згадаў мясцовы касцёл — менавіта адсюль ён пачынаў. Але не рокерам і эксперыментатарам, а звычайным 9-гадовым хлапчуком у каталіцкім хоры. Дарэчы, гэта потым пакінула свой адбітак на творчасці Немена, які займаўся ў тым ліку і выкананнем духоўнай паэзіі, у прыватнасці твораў Цыпрыяна Каміля Норвіда — вядомага польскага літаратара ХІХ стагоддзя.

Працягнуў сваё навучанне Чэслаў Немен у Гродне, дзе вучыўся граць на домры ў мясцовай музычнай педагагічнай вучэльні. Але малады чалавек пастаянна сумаваў па доме, таму вельмі часта прапускаў заняткі дзеля паездкі ў родную вёску. Гэта мела наступствы: неўзабаве, пасля года навучання, яго выключылі. Крыху пазней, калі Чэслаў быў 19-гадовым юнаком, перад ім паўстала невясёлая перспектыва аддаць “доўг” Чырвонай Арміі. А тады гэта быў вельмі вялікі тэрмін — ажно 3 гады. І так сталася, што яго бацьку запрасілі пераехаць з сям’ёй у сацыялістычную Польшчу, на што той і пагадзіўся.

Так Чэслаў Немен апынуўся ў польскім Гданьску. І гэты старажытны горад з відам на Балтыйскае мора стаў адпраўным пунктам у музычным выбары Чэслава — ён паступіў у сярэднюю музычную школу на клас фагота. Дарэчы, насамрэч матывацыя заняцца музыкай невыпадковая, бо бацька Немена наладжваў фартэпіяна, а сястра была мультыінструменталісткай.

Якім тады быў Гданьск? Якая там была атмасфера? Гэты аматарскі ролік 1956 года дапаможа вам дакрануцца да часоў, калі туды прыехаў Чэслаў Немен.

І вось пачатак 60-х. Чэслаў Немен пачаў свае выступы на польскай эстрадзе. Тады ён спяваў толькі паўднёваамерыканскі рэпертуар. І самае цікавае, што, нягледзячы на такі экзатычны выбар, ён карыстаўся, мякка кажучы, вялікай папулярнасцю ў жаночай аўдыторыі.

У 1962 годзе Чэслаў пазнаёміўся з Францішкам Валіцкім — польскім журналістам і “бацькам” польскага бігбіту і року. Менавіта ён пачаў прасоўваць маладога музыку, арганізоўваць яму выступы. І ў тым жа годзе дзякуючы Францішку Чэслаў паехаў у турнэ разам з вядомым бігбіт-ансамблем Czerwono-Czarni. Дарэчы, менавіта Валіцкі падштурхнуў Немена адмовіцца ад яго народна-лацінаамерыканскіх матываў і прыйсці да року. Сваім псеўданімам ён таксама абавязаны знаёмству з Валіцкім. У прыватнасці, яго жонцы, якая прапанавала яго ўзяць.

Ён не быў моцна заўважны недзе да 1964 года, пакуль найвядомейшая нямецкая спявачка Марлен Дзітрых не запісала нямецкамоўную версію яго песні «Czy mnie jeszcze pami?tasz». Як так атрымалася? А ўсё проста — ён з Czerwono-Czarni 18-20 студзеня 1964 года граў перад выступамі Дзітрых у Кангрэс-холе ў Варшаве. Менавіта там яна пачула гэтую кампазіцыю і вырашыла яе перакласці, што і зрабіла ў лістападзе таго ж года.

Менавіта гэты кавер прынёс Чэславу прызнанне. Далей жа яго каманда шмат разоў ездзіла выступаць за мяжу, у тым ліку ў парыжскай “Алімпіі”. Гэтыя туры прывілі яму ідэі хіпі, якія назаўсёды змянілі яго імідж. Тады ён і адрасціў сабе доўгія валасы. Гурт Czerwono-Czarni ён пакінуў у лістападзе 1965 года, а з 1966 ён стварыў гурт Akwarele. Але сапраўдную вядомасць ён атрымаў на фестывалі ў Аполе, дзе выканаў сваю легендарную песню “Dziwny jest ten ?wiat”. Яна стала сапраўдным гімнам польскай моладзі і песняй пратэсту канца 60-х гадоў. За яе ж ён атрымаў прэмію Польскага Радыё.

І адсюль пачынаецца яго шлях як вядомага польскага музыкі са сваімі ўзлётамі і падзеннямі.

Канец жыцця

Чэслаў Немен памёр у 2004 годзе ад ускладненняў пнеўманіі. Яго цела, паводле волі музыкі, крэміравалі. Так і скончыўся шлях Чэслава Немена — паляка з беларускай вёскі пад Гроднам, пра якога даведаўся ўвесь сусвет.

У Беларусі слаба ўспамінаюць вядомага земляка, апроч яго роднай вёскі і рэдкіх эфіраў дзяржаўных СМІ. Але ў 2009 годзе журналістка Вера Савіна, якая ў свой час брала інтэрв’ю ў музыкі, сумесна з Аляксандрам Нілавым зняла беларускі дакументальны фільм пра Чэслава Немена.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]