Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Яўгенія Пастарнак распавяла пра пяць праблем беларускай адукацыі

01.10.2017 общество
Яўгенія Пастарнак распавяла пра пяць праблем беларускай адукацыі

Вядомая пісьменьніца працягвае барацьбу супраць невуцтва беларускiх чыноўнiкаў.

З нагоды Дня настаўніка «Радыё Свабода» пагутарыла з пісьменьніцай і маці школьніцы Яўгеніяй Пастарнак, якая напісала адкрыты ліст чыноўнікам Міністэрства адукацыі і ініцыявала пэтыцыю кіраўніку Беларусі «Абараніце школьнага настаўніка».

Яўгенія Пастарнак піша пра істотнае пагаршэньне сытуацыі з адукацыяй у Беларусі, пачынаючы ад 2007 году. «Вы пабудавалі сыстэму, якая трымаецца на страху і хлусьні. Мяркуючы па апошніх ініцыятывам (форма для настаўнікаў і замена сыстэмы ацэньваньня, зьмяненьне часу пачатку заняткаў..., пачатак навучальнага году бяз поўнага камплекта падручнікаў і суправаджаючых матэрыялаў), ня спраўляецеся таму, што нават прыблізна не ўяўляеце сабе рэальную сытуацыю і рэальныя патрэбы школ», — зьвярталася Яўгенія да чыноўнікаў.

«Беларусь, напэўна, апошняя краіна з бліжэйшых постсавецкіх краінаў, дзе няма выбару праграмаў увогуле»

— Яўгенія, у першы месяц навучальнага году вельмі вялікі рэзананс выклікаў ваш, я бы сказала, адчайны ліст. Натуральна, што гэты ліст стаў вынікам не аднаго году назіраньняў за сыстэмай адукацыі, але што стала апошняй кропляй, штуршком?

— Не магу сказаць, што стала апошняй кропляй. Мая старэйшая дачка ўжо школу закончыла. 10 гадоў я «вучылася зь ёй», назіраючы за працэсам. Малодшая дачка цяпер у сёмай клясе. Практычна ўсе гэтыя гады я была старшынёй бацькоўскага камітэту, я была ў вельмі шчыльным кантакце з настаўнікамі, дырэктарамі і іншымі бацькамі. З таго моманту, як мая Сашка паступіла ў школу, сытуацыя з кожным годам пагаршалася. Кожны наступны падручнік быў горшы за папярэдні, кожнае наступнае прынятае рашэньне было горш за папярэдняе.

Старэйшая дачка вучылася цалкам законна па маскоўскай праграме «Школа дзьве сто», калі яна была ў трэцяй клясе, гэтую праграму забаранілі, і яна была вымушаная вярнуцца да беларускіх вучэбных праграмаў, хаця тады многія школы пераходзілі на гэтую праграму, бо яна відавочна была лепш, цікавей і проста добра зроблена. Яна таксама не для ўсіх, там ёсьць нюансы, але тым ня менш у нас быў выбар. Калі старэйшая ішла ў школу, мы маглі ісьці па такой праграме, а маглі па іншай. Цяпер выбару няма.

Гэта самае страшнае, таму што Беларусь, напэўна, апошняя краіна з бліжэйшых постсавецкіх краінаў, дзе няма выбару праграмаў увогуле. У нас ёсьць адзіныя падручнікі па ўсіх прадметах і нічога іншага. У нас дзеці ўсярэдненыя проста да немагчымасьці, і гэта катэгарычна няправільна з улікам таго, што мы жывем у 21 стагодзьдзі і ўсё мяняецца імкліва, і ўсе кажуць пра тое, што ўсе дзеці розныя, і трэба імкнуцца да таго, каб нехта знайшоў сябе. І пры гэтым у нас абсалютна аднолькавыя падручнікі для ўсіх па ўсіх прадметах.

— Дык усё ж што стала апошняй кропляй, калі вы вырашылі, што больш ня можаце маўчаць?

— Напэўна апошняй кропкай сталі гэтыя заявы ў жніўні, калі пайшлі размовы пра тое, што заменяць дзесяцібальную сыстэму на пяцібальную назад. У мяне проста мову адняло.

Пры тым, што ў адукацыі аграмадныя праблемы, трэба быць абсалютна сьляпым чалавекам, каб разумець, што ўсё зусім дрэнна і сытуацыя пагаршаецца, і менавіта ў такой сытуацыі рабіць такое бессэнсоўнае дзеяньне, як мяняць сыстэму ацэньваньня... Ня ведаю, кім трэба быць, наколькі сьляпым чалавекам, каб гэта прапаноўваць. Насамрэч няважна якая сыстэма — дзесяцібальная ці пяцібальная. Я проста добра ўяўляю колькасьць паперак, якія гэта пацягнула бы, калі б, не дай Бог... Магчымасьць была, яны ж сур?ёзна на гэтую тэму гаварылі. Цяпер бы напісалі яшчэ 150 мэтадычак для настаўнікаў і колькі паперак прыйшлося б запаўняць, каб проста зрабіць абсалютна бессэнсоўнае дзеяньне. Напэўна гэта стала апошняй кропляй.

— Яўгенія, паспрабуйце каротка сфармуляваць пяць асноўных праблемаў у беларускай адукацыі, якія, як вы лічыце, трэба вырашаць неадкладна.

— Першае: вызваліць настаўнікаў ад усіх неўласьцівых яму функцый. Мы ўсе з савецкай школы, там было шмат усяго, у савецкай школе настаўнік толькі запаўняў клясны журнал. Гэта была адзіная паперка, якую ён запаўняў. Цяпер налічылі, што каля 90 папераў настаўнік павінен запоўніць раз на чвэрць, калясальная колькасьць папяровай нагрузкі, якая абсалютна нікому не патрэбная. І плюс абыйсьці дамы вучняў, перапісваньне дармаедаў і многія «цікавыя» рэчы, якія прыдумляюць, каб неяк заняць настаўніка. Настаўнік павінен урокі весьці. Адзінае, што ён насамрэч павінен рабіць. Калі ў яго будзе час і сілы весьці ўрокі, многае наладзіцца.

Другое: зрабіць празрыстым кіраваньне. Цяпер гэтае падвойнае падпарадкаваньне міністэрству адукацыі і ўпраўленьню адукацыі. Гэта катастрофа. Дырэктары падпарадкоўваюцца і тым, і іншым, іх «шпыняюць» з усіх бакоў, адны патрабуюць адно, другія — іншае. Патрэбнае празрыстае кіраваньне, каб не атрымлівалася так, што дырэктары атрымліваюць рэкамэндаваныя сьпісы чагосьці, рэкамэндаваныя каштарысы, што яны павінны на што патраціць. Зразумелыя, простыя дакумэнты з пэрсанальнай адказнасьцю чыноўніка, які гэтыя дакумэнты прысылае.

Трэцяе: падручнікі і праграмы. Гэта таксама катастрофа, таму што нават справа не ў якасьці падручнікаў, а ў тым, што праграмы катэгарычна не ўзгодненыя паміж сабой. Вельмі многія прадметы вельмі цесна зьвязаныя паміж сабой — фізыка з матэматыкай, хімія з біялёгіяй, расейская літаратура зь беларускай, яны павінны супадаць, не павінны супярэчыць адзін аднаму. Калі вы ўводзіце фізыку, значыць на гэты момант дзеці павінны валодаць матэматычным апаратам, каб гэта зразумець і вырашыць. Цяпер гэта, мякка кажучы, не заўсёды выконваецца. Падручнікі мяняюцца кожны года абсалютна гістэрычна. Трэба ўзяць паўзу гады на тры спакойна сесьці прадумаць праграмы ад першай да дзясятай клясы, прапісаць іх пасьлядоўна, спакойна, напісаць нармальныя падручнікі і выдаць іх. А не перавыдаваць штогод гэтую груду макулятуры, у якіх знаходзяць тоны памылак і на наступны год год іх ізноў перавыдаюць занава і ізноў з тонамі памылак.

Чацьвёртае: Вярнуць профільныя клясы, пэрсаналізаваць навучаньне, каб у любога дзіця быў выбар — вывучаць хімію паглыблена ці проста, матэматыку паглыблена ці проста. Хочаш вучыцца вочна ці завочна, ты хочаш быць у профільнай клясе ці звычайнай. Ня трэба вынаходзіць ровар. Ва ўсіх суседзяў — у Расеі, Украіне, Эстоніі гэтыя праблемы вырашаныя. Мы засталіся апошнія.

Пятае: калі мы пакідаем ЦТ як як адзіны іспыт, а яго трэба пакідаць як адзіны іспыт, таму што гэта ўласна адзіная незалежная ацэнка працы вучня, настаўніка, установы адукацыі, гэта нейкі крытэр, па якім можна ацаніць узровень ведаў. Патрэбная празрыстасьць гэтага іспыту. Цяпер закрытыя ўся статыстыка ЦТ, і гэта няправільна, больш за тое супярэчыць Канстытуцыі, таму што мы маем права ведаць вынік. Пасьля таго, як ЦТ здадзены, павінны быць выкладзеныя ўсе вынікі, уся статыстыка, каб была бачная тэндэнцыя. Мы цяпер нічога ня ведаем, ёсьць неякі чуткі, што ЦТ здалі лепей ці горш чым летась, але статыстыкі ў адкрытым доступе няма і ніякіх высноваў немагчыма зрабіць.

— Хто з вамі, хто вас падтрымлівае ў вашай ацэнцы, у вашых закліках?

— Хто са мной? Мне цяжка ацаніць. Настаўнікі з намі, але баяцца. Усе, хто вучыцца ў школе, хто там працуе, хто водзіць туды дзяцей, яны ж усе ведаюць, што я маю рацыю. Я гатовая адказваць за кожнае слова свайго ліста. Я нават недзе зьмякчала. Як мне потым пісалі настаўнікі, сытуацыя насамрэч значна горшая. На нашым баку вельмі шмат людзей, пытаньне, наколькі яны не пабаяцца ўключыцца.

— Якая была рэакцыя ў школе вашай дачкі на ваш ліст? Ці баіцеся помсты?

— Не. Наколькі я ведаю, бацькі на маім баку. З настаўнікамі яшчэ не кантактавала. Але што яны ніколі ня будуць помсьціць майму дзіцяці, у гэтым я перакананая на 100 працэнтаў. Інакш бы мая дачка ніколі не вучылася ў гэтай гімназіі. Вельмі часта бацькі кажуць, што ў іх дзяцей вельмі добрая гімназія, але яны баяцца ўключацца ў барацьбу, бо выганяць з гімназіі. Я заўсёды кажу, што калі вы лічыце, што настаўнік, дырэктар, завуч у стане помсьціць за дзеяньні бацькоў і выгнаць дзіця за тое, што пазыцыя бацькоў у нечым не задавальняе, значыць гэта вельмі дрэнная гімназія і адтуль трэба ўцякаць, бо гэта не пэдагогі, і прафэсійная непрыдатнасьць. Таму я перакананая ў гімназіі, дзе вучыцца мая дачка. Там працуюць кампэтэнтныя добрыя людзі.

— У жніўні адбылася так званая пэдагагічная нарада, на якой абмяркоўвалася на самым вышэйшым узроўні рэфармаваньне сыстэмы адукацыі. Мой калега Віталь Цыганкоў, па выніках напісаў у сваім фб: «Цікава, колькі беларускіх бацькоў, прачытаўшы пра чарговыя шчыраваньні на «пэднарадзе», наконт «акунуць у гаўно» і «дастаткова тры гады навучаньня ў вну», падумалі (услых ці пра сябе) — «мае дзеці будуць паступаць і вучыцца дзе заўгодна, толькі не ў Беларусі»? Ці вы ўжо думалі пра тое, што вашай дачцэ ня варта паступаць у Беларусі? Як вы лічыце, ці не «выціскае» цяперашняя сыстэма адукацыі маладых, таленавітых людзей з краіны?

— Канечне, выкідаюць дзяцей з краіны, і ўласна многія, якія сапраўды хочуць вучыцца і добрую адукацыю атрымліваю, зьяжджаюць. У мяне ёсьць надзея, што яны ўсё ж вернуцца пасьля таго як павучацца. Я ідэалістка, канечне. Найхутчэй яны зьедуць з канцамі, але ўсё ж надзея на тое, што яны атрымаць тую адукацыю, якую хочуць, а потым прыменяць адукацыю тут, у мяне ў душы цепліцца.

— Давайце пагаворым пра вашу пэтыцыю ў абарону школьнага настаўніка. Настаўнікі цяпер — адна з найменш забясьпечных катэгорый насельніцтва, магчыма, найбольш падпарадкаваныя і адны з найлепшых выканаўцаў (менавіта настаўнікі забясьпечваюць працу выбарчых камісій на выбарах). Акрэсьліце ў трох ці пяці пунктах, што трэба зрабіць найперш, каб і абараніць настаўніка і вярнуць яму належную павагу ў грамадзтве?

— Жах у тым, што немагчыма гвалтам зрабіць чалавека шчасьлівым, мы ня можам вярнуць настаўнікам пачуцьцё ўласнай годнасьці звонку, пакуль яны самі не захочуць яго сабе вярнуць. Мы можам патрабаваць фармальных вонкавых захадаў, даць яму яшчэ два дні адпачынку на вакацыях, вызваліць іх ад папяровай працы, даць юрыдычную абарону... Насамрэч яны абсалютна безабаронныя і перад дырэктарамі, і перад бацькамі, таму што на іх крычаць і з аднаго боку (выклікалі да дырэктара, бо паперку няправільна запоўнілі), а з другога боку бацькі адкрываюць нагой дзьверы і таксама крычаць на настаўніка. Атрымліваецца, што настаўнік — гэта такая праслойка, якая паміж дурнымі рашэньнямі сыстэмы адукацыі і бацькамі, якія вельмі бурна на гэта рэагуюць. На іх льецца з усіх бакоў.

Як іх навучыць не прагібацца, паводзіць сябе з пачуцьцём уласнай годнасьці, згадваючы, што яны людзі з усімі правамі і абавязкамі, я ня ведаю. Мы нічога ня можам з гэтым зрабіць акрамя таго, каб даць ім нейкі рэсурс і маральную падтрымку. Гэтай пэтыцыяй мы хацелі сказаць што мы з вамі, што калі вы захочаце зрабіць нешта, мы вас падтрымаем, нас больш за 13 тысяч чалавек падпісалася. Гэта шмат насамрэч для Беларусі. Але гвалтам зьверху і звонку мы нічога ня зможам зрабіць. Пры гэтым усім сыстэма адна на ўсіх і ў ёй працуюць абсалютна цудоўныя настаўнікі, якія працуюць, якія не прагібаюцца, якія працуюць па нейкім сваім праграмам і мэтодыкам... Яны ж неяк могуць...

***

Яўгенія Пастарнак — расейскамоўная і беларускамоўная пісьменьніца. Нарадзілася і жыве ў Менску, выпускніца фізычнага факультэту БДУ. Першая кніга — «Кампутар для жанчын» вытрымала некалькі перавыданьняў. Пасьля Яўгенія пераключылася на напісаньне мастацкай літаратуры, у асноўным у сааўтарстве з Андрэем Жвалеўскім. У 2009 годзе па першым рамане іх сумеснага цыклу «М + Ж» выйшаў аднайменны фільм. Ляўрэатка шэрагу расейскіх літаратурных прэмій.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]