Беларусы ўжо на такім парозе, што ня сёньня дык заўтра давядзецца ўзяцца за рэальныя справы.
Адзін зь першых беларускіх палітвязьняў, “брандмаўэр беларускага нацыяналізму” і падданы нарвэскага караля Харальда V-га паэт Славамір Адамовіч наведаў Віцебск, выступіў на “Фэсьце вышыванкі” і даў нам невялікае інтэрвію. Вытрымкі з прамовы і размовы публікуе vitebskspring.org.
– Мне пашанцавала, што ў 1990-я гады ў мяне была каханка – унучка аднаго з слуцкіх паўстанцаў. І мала таго, калі я пачаў рэалізоўваць сваю ініцыятыву “Правы рэванш”, гэтая жанчына шыла для нашай арганізацыі сьцягі і ўсю сымболіку…
Чаму я пра гэта? Надыходзіць 1996-ы год, мяне затрымліваюць за сумна вядомы верш “Убить президента”, напісаны яшчэ ў 1995 годзе. Я патрапіў у турму, а потым, калі мяне выпусьцілі, высьветлілася, што пашытыя гэтай жанчынай сьцягі былі зьнішчаныя, яны спалілі ўсю сымболіку ў печах. А вось нож, халодную зброю, якую мне таксама інкрымінавалі, вярнулі. І я праз два дзясятка гадоў заўсёды прыгадваю той момант як адказ на пытаньне, чаго баіцца любы рэжым. Яны баяцца ня зброі, а баяцца ідэяў і таго, што іх увасабляе, – сымбаляў.
Як зьмяніўся Віцебск
– Асабіста для мяне сёньня – знакавая сустрэча. Гэта маё вяртаньне пасьля столькіх гадоў і мой першы выступ у Віцебску. Бо менавіта ў віцебскай газэце “Выбар” Барыс Хамайда надрукаваў той самы верш. З гэтага і закруцілася. Я думаю, каб не публікацыя, яны б гэта праглынулі, а так – мяне “закрылі”. Спачатку сядзеў у менскай “амерыканцы”, а праз чатыры месяцы перавялі ў віцебскую турму. Маўляў, ну раз у віцебскай газэце надрукавалі, то і судзіць трэба ў Віцебску. І ў віцебскай вязьніцы я прасядзеў яшчэ 6 месяцаў, да лютага 1997-га.
Што зьмянілася ў Віцебску? Так, помнік Альгерду спадабаўся, хоць падаўся нейкім маленькім. Але ў нашай сытуацыі хай будзе хоць такі. Дык вось, яшчэ перад імпрэзай, стаім мы непадалёк помніка і бачым: па другім баку вуліцы плыве нешта чорнае, у сутане, а за ім худзенькія салдаты – то бок поп вядзе кудысьці нашых будучых абаронцаў…
Гэта трэба было бачыць, як ён накінуўся на нас, калі заўважыў, што мы здымаем гэтае “шэсьце”. Каб гадоў 20 таму такая сытуацыя здарылася б, то быў бы канфлікт, і я б ужо перад вамі не выступаў. Але ўзрост дазволіў мне стрымацца. На жаль, і маладзенькі лейтэнант таксама на дапамогу папу кінуўся. І вось цяпер, калі мяне пытаюцца, як зьмяніўся Віцебск за гэтыя гады… Ня ведаю, хіба што ў горшы бок.
Ці актуальны сёньня той верш пра прэзыдэнта
– На жаль, так. Таму што нічога не зьмянілася. Сытуацыя толькі ўскладняецца і нагнятаецца. Безумоўна, 23 гады таму палітычнае поле было прасьцейшым. Кажучы мовай тапографа, праглядаліся нейкія пэрспэктывы. Усё было даволі зразумела, для таго, канечне, хто імкнуўся зразумець. А цяпер у гэтым краявідзе панарастала новых кусьцікаў, калі вобразна казаць, а колішнія кусты вымахалі ў вялікія дрэвы і пушчы. І трэба ўжо напружваць зрок і палітыкам, і грамадзтву, каб штосьці разгледзець...
Пра колішніх міліцыянтаў і Віцебск як фарпост беларушчыны
– Нагадаю, што ў 1994-м мы разам з мастаком Алесем Пушкіным зладзілі ў ягонай галерэі ў Віцебску Першы зьезд беларускіх нацыяналістаў. Тады многія рэчы выглядалі дзіўна. І так, мы пашумелі тады, гэта было недзе на стыку кастрычніка і лістапада. Было халодна, таксама, як і сёньня. Але было горача ў галерэі.
Зараз я с паблажлівай усьмешкай успамінаю, якія былі нашы міліцыянты – няўпэўненыя, яшчэ саромеліся, што ім быў дадзены такі загад і трэба затрымліваць проста ў мастацкай галерэі. Доўга ўгаворвалі нас выйсьці, бо ім трэба было знайсьці там бомбу…
На жаль, тая галерэя праіснавала нядоўга. І я тады добра атрымліваў “па шапцы”. Маўляў, Адамовіч – вядомы правакатар, і цяпер праз той зьезд у Пушкіна галерэю забралі. Хаця мы з Пушкіным разам ўсё гэта праводзілі. І рабілі правільна. І горад тады выбралі ня толькі таму, што тут была пляцоўка, а таму што Віцебск – наш усходні фарпост, за якім пачынаецца арда. І трэба было менавіта тут заявіць пра сябе і сказаць, што ня ўсё так проста, як камусьці здаецца, і мы – ёсьць. Гэта і зараз застаецца актуальным.
Пра эміграцыю і вяртаньне
– Колькі я пражыў у Нарвэгіі? Дастаткова доўга, калі дакладна – сем гадоў, і цяпер я падданы нарвэскага караля. Адно другому не перашкаджае.
На маё разуменьне, ну пажылі мы за гэтай жалезнай заслонай, за гэтымі закрытымі межамі, а цяпер – калі ласка, і нават у некаторых момантах проста неабходна – выяжджай, здабывай, зарабляй, багацей! Я пра гэта пісаў ужо ў Фэйсбуку. Але будзеш на вяршыні, калі ў рэшце рэшт – вернесься. Як вярнуліся і стварылі свой Ізраіль празь некалькі тысячагодзьдзяў габрэi. Асабліва калі ты там злавіў сваю птушку шчасьця. Няважна, у Штатах, у Эўропе ці ў Японіі. Вяртайся і праяві сябе ўжо тут, нават калі ўмовы на радзіме не зусім спрыяльныя.
Пра Украіну, “Вейшнорыю” і сваю сядзібу
– Нас не павінна расслабляць тое, што ў прадпрымальнікаў ёсьць магчымасьць нешта прадаваць, а ў нас – зьбірацца на фэсты… Усё гэта было і тады, у 1990-я гады.
Кардынальна анічога не зьмянілася. А вайна ва Украіне павінна даць людзям, якія думаюць сваёй галавой, канкрэтны і ясны сыгнал, што трэба быць яшчэ больш пільнымі. Каб не замыльвалі наш погляд ніякія вонкавыя зьмены ў лепшы нібыта бок.
“Вейшнорыя”? Ды пустое гэта ўсё! Проста існаваньне інтэрнэту дазваліла трошкі людзям пагуляцца.
А што рэальнае? Я на пачатку лета запрасіў сяброў з Руху салідарнасьці “Разам”, які ўзначальвае Вячаслаў Сіўчык, і публічна – іначай не было б сэнсу – усталяваў на сваёй сядзібе сьцягар і ўзьняў нацыянальны сьцяг. Гэта толькі адзін з прыкладаў, што мы можам рабіць для таго, каб вызначыць сваю тут прысутнасьць. І, дзякуй богу, сьцяг разьвяваецца ўжо чацьверты месяц.
Пра вяртаньне ў палітыку
– Пры пэўным зьбегу абставінаў – цалкам магчыма. А ён, баюся, настане гэты момант, бо пакуль што бачу разьвіцьцё падзеяў толькі ў адным, самым дрэнным, накірунку. Можа, пакуль і не настала патрэба ствараць новыя “Правыя рэваншы” і новыя “Белыя легіёны”. Але, калі шчыра, мы ўжо на такім парозе, што ня сёньня дык заўтра давядзецца ўзяцца за рэальныя справы…
А калі будзе ўсё добра, мне застанецца толькі пісаць. І вершы і прозу. Многа чаго трэба пісаць…
Над чым зараз працуе Славамір Адамовіч
– Ёсьць дзьве празаічныя тэмы. Адна зь іх – тэма беларускага эрасу. Не, не таму што ён нейкі асаблівы, эрас ён усюды эрас. Але будзе пра тое, як гэта існуе ў нашым беларуска-ліцьвінскім кантэксьце.
І яшчэ адзін тэкст выношваю – пра нашых габрэяў. Проста трэба сесьці і запісаць, сфармуляваць у жанры вялікага эсэ. Бо Беларусь, па сутнасьці, зьяўляецца калыскай сіянізму, які выйшаў з нашых зямель і аформіўся ў дзяржаву. І гэта трэба асэнсаваць, правільна і даходліва сфармуляваць і выдаць.
Мне часта закідаюць, быццам я “не сачу за базарам”, але я не за базарам сачу – я сачу за сваёй думкай і думкамі ў грамадзтве. Адным словам, ёсьць пытаньні, і іх трэба прагаворваць. Калі мы ня будзем гаварыць, то за нас скажуць іншыя, але скажуць ня так, як мы самі думаем, і не пра тое, што прапануем.