Дырэктар Інстытуту Польскага - адзіны замежны дыплямат у Менску, які не валодае расейскай мовай.
Як удалося прывезьці другі раз у Менск усясьветна вядомага польскага кампазытара Кшыштафа Пэндэрэцкага? Чаму спэктакль «Урок каханьня. Гісторыя Касьцюшкі» пастаўлены на расейскай мове? Ці можна замежніку вывучыць беларускую мову без падручнікаў, «на слых»?
Пра гэта «Радыё Свабода» распавядае Матэвуш Адамскі, дырэктар Інстытуту Польскага ў Менску — установы з дыпляматычным статусам.
Пэндэрэцкі, 200 выканаўцаў і тубафоны ў «Сямі брамах Ерузаліму»
— 7 кастрычніка ў Менск прыедзе вядомы польскі кампазытар і дырыжор, прафэсар Кшыштаф Пэндэрэцкі. Ён быў у Менску ў 2013 годзе. Як удалося пры надзвычай напружаным графіку прывезьці яго ў Беларусь зноў?
— Каляндар, графік маэстра Кшыштафа Пэндэрэцкага сапраўды вельмі напружаны. І я вельмі шчасьлівы, што атрымалася запрасіць яго ў Менск, што ўсё ўдала супала. Была праведзеная вялікая арганізацыйная праца.
Фэстываль Юрыя Башмета — вельмі прэстыжная імпрэза, і для нас гэта гонар прадставіць самага славутага сучаснага польскага кампазытара. Яму 84 гады, і ён асабіста будзе дырыжыраваць.
— А прыадкрыйце таямніцу, якія яшчэ польскія зоркі будуць выступаць на менскай сцэне, якія творы будуць выконвацца?
— Прагучыць адна з самых вядомых араторый кампазытара «Сем брамаў Ерузаліму», якую Пэндэрэцкі напісаў да 3000-годзьдзя гораду. У гэтым творы кампазытар аб?яднаў кананічны тэкст са Старога запавету з музычнай мовай вялікага авангарду.
На сцэне мы ўбачым адначасова больш за 200 выканаўцаў, у тым ліку будуць выдатныя польскія салісты — Івона Хоса (сапрана), Караліна Сікора (сапрана), Ганна Любанска (мэца-сапрана), Пётар Навацкі (бас), Адам Здунікоўскі (тэнар) і Славамір Голянд. Саліраваць у канцэрце будзе піяніст Расьціслаў Крымер, арганізатар Міжнароднага фэстывалю Башмета. Зь беларускага боку выступяць таксама Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Шырмы і Камэрны хор. Таму гэта грандыёзны польска-беларускі праект.
Хачу яшчэ падкрэсьліць, што шматтонныя інструмэнты, якія называюцца тубафоны, былі спэцыяльна адлітыя для гэтай сымфоніі, іх даставяць з Польшчы ў Менск. Гэта таксама сьведчыць пра маштаб гэтай падзеі.
Польскі малюнак — у Гомлі, польскі плякат — у Віцебску
— Вы актыўна працуеце ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Ведаю, што літаральна ў чацьвер адкрылася выстава ў Гомлі, на наступным тыдні рыхтуецца экспазыцыя ў Віцебску...
— Так, 5 кастрычніка ў палацы Румянцавых і Паскевічаў у Гомлі мы адкрылі выставу «Майстры польскага малюнку» з калекцый нашых партнэраў — Падляскага музэю ў Беластоку і Акруговага музэю ў Сувалках. Гэта ня так, што толькі ў Варшаве і ў Кракаве ёсьць цікавае, Беласток таксама важны пункт на мапе польскай культуры, польскіх музэйных фондаў. Абедзьве музэйныя ўстановы валодаюць адным з самых цікавых збораў графікі ў Польшчы. І мы маем прыемнасьць прадставіць 150 твораў мастацтва — працы славутых польскіх мастакоў XIX i XX стагодзьдзяў: Яна Матэйкі, Станіслава Ігнацыя Віткевіча, Альфрэда Веруш-Кавальскага, Максыміліяна Герымскага. Я вельмі рады, што мы прэзэнтуем гэтую калекцыю на паўднёвым усходзе Беларусі, у Гомлі.
На наступным тыдні ў віцебскім музэі Марка Шагала адкрыецца выстава плякатаў і графікі польскага мастака Рышарда Каі. Ён добра вядомы беларускай публіцы як плякаціст. Але яшчэ плённа працуе і як тэатральны сцэнограф.
Рышард Кая сам кажа, што ён «аматар кітчу, з кітчу чэрпае поўнымі жменямі». У Віцебску мы пакажам сэрыю ягоных плякатаў, выстава так і называецца: «Плякаты вельмі польскія». Да таго ж мастак асабіста будзе прысутнічаць на адкрыцьці, правядзе аўтарскую экскурсію па экспазыцыі.
Everyday trips around our luelue suns