Станіслаў Шушкевіч падвёў вынікі беларускай незалежнасці на сённяшні дзень.
8 кастрычніка анлайн-часопіс “Ідэя” правёў канферэнцыю “Reshape 2017 – Framing the Future of Belarus”. У мерапрыемстве бралі ўдзел адметныя, з пункту гледжання арганізатараў, беларусы, якія абгрунтоўвалі праблемы беларускай эканомікі, трансфармацыі грамадства і будучыні незалежных медыяў.
Закрываў канферэнцыю Станіслаў Шушкевіч, які падвёў вынікі беларускай незалежнасці на сённяшні дзень. “Народная воля” зрабіла падборку яго выказванняў.
Пра дасягненні пасля Белавежскага пагаднення
Часта даводзіцца гаварыць на гэтую тэму, але рэдка прыходзіцца казаць пра Беларусь. Звычайна ўзнікаюць пытанні пра тое, што тады было і як там было, хто быў п’яны, а хто цвярозы. Я перакананы, што Белавежскае пагадненне паспрыяла таму, што Беларусь сёння кардынальна адрозніваецца ад таго, што было ў часы Савецкага саюзу. Значна меней, чым хацелася, але адрозніваецца.
Пра тое, што паспелі зрабіць
Зрабілі менш, чым хацелі, але больш, чым маглі. Нават “Беларускі Народны Фронт”, да станаўлення якога я не маю ніякага дачынення, таксама апусціўся ў неадукаванасць. Мы не здольны аб’яднацца і вырашыць тыя праблемы, якія стаяць перад нашай краінай. Мы крывадушна спяваем, што любім Беларусь. Сёння нарадзіцца беларусам немагчыма. Беларусам можна стаць.
Пра нянавісць і як да гэтага ставіцца
Якія адносіны я меў да той галечы і праблем (у 90 гады – рэд.)? Ніякіх. Зразумейце вы адно. У старшыні Вярхоўнага савета не было ніякіх правоў, акрамя як весці пасяджэнні і, напрыклад, прасіць прэзідыум, каб яны прынялі каго-небудзь на работу. Такое было становішча ў савецкія часы. Увесь гэты прэзідыум быў партыйны, наменклатурны, а я партыйным дзеячам ніколі не быў.
Пра шлях Беларусі
Вы кажаце, што я цэнтрыст. Вось у нас такая бяда: займаем або адзін бок, або непасрэдна супрацьлеглы. “Беларускі Народны Фронт” быў цудоўнай структурай. Патрыёты аб’ядналіся і хацелі зрабіць новы палітычны лад. Але яны не заўважалі, што ёсць людзі, якія не разумелі, што адбылося, і зняважліва да іх ставіліся. Калі я быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета і пачаў размаўляць па-беларуску, дэпутат Качан, ветэран, ардэнаносец, сумленны чалавек, сказаў мне: «Говорите, пожалуйста, на нормальном языке». І яго крытыкавалі, называлі амаль падлюкай з падлюк. Але гэта было не так. Дабрабыт мусіць быць для ўсіх, а не толькі для членаў БНФ, сябраў беларускасці. Мы робім крокі на раз’яднанне.