Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Лявон Вольскі: Неўзабаве прыйдзе дзень, якога так чакаем усе

10.10.2017 общество
Лявон Вольскі: Неўзабаве прыйдзе дзень, якога так чакаем усе

Часы ў Беларусі незваротна змяніліся.

«Сёння ягонае прозвішча не патрабуе падрабязнай візітоўкі. Прыгадаем, што вядомы ён у розных іпастасях – спявак, музыка, літаратар, мастак і нават як калега-радыёвядучы. Думаю, ўсім стала цікава ў свеце Лявона Вольскага», - піша журналіст racyja.com Віталь Сямашка.

- А «іпастасі» ўсе аднолькава дарагія?

- Радыёвядоўца хутчэй менш дарагі, чым музыка. А так усе блізкія і родныя… Наконт музыкі можна браць адлік хутчэй за ўсё з 1984, калі далі з тагачаснай «Мрояй» першы адэкватны канцэрт у Траецкім прадмесці. Перад гэтым былі «смешныя» выступы ў Менскай мастацкай вучэльні, якую заканчвалі, і на танцах у вёсцы Дзегцяроўка.

- Паглядзеў у інтэрнэце Вашу вікіпедыю – здаецца, пра сябе сказалі ўсё. Але мы з вамі ведаем тыя жыццёвыя старонкі, што, у лепшым выпадку, мала хто памятае. Да прыкладу, у першы публічны эфір на Беларускім радыё выйшлі ў 1987 у першым жа ў краіне песенным хіт-парадзе “Беларускай маладзёжнай” з кампазіцыяй, што нават у назве несла ў сабе амбіцыйныя і містычныя спадзяванні на перспектыву – «Ён яшчэ вернецца». На яе прыйшоў 1481 ліст адразу і я, як вядучы, памятаю пажылую жанчыну з аддзела пісьмаў, якая прыбегла з вачыма-роварамі да галоўнага рэдактара Жаны Літвіной – такой колькасці «на адну перадачу» не было ў гісторыі радыё!

- Але пасля быў удар абухам па галаве, калі палітыка, падавалася, паставіла пад удар само далейшае творчае існаванне Вас і «Мроі». Калі пад «камунапартыйным» знакам «для абавязковага надрукавання» ва ўсіх цэнтральных газетах выйшлі артыкулы «Пена на хвалі перабудовы» і «Бар’ер палітычнай слепаты».

Памятаю, як паводле «невядомых» аўтараў, мы ў часе канцэрта ў 76 ПТВ электронікі вёдрамі выносілі пустыя бутэлькі. І – «вы за калючым дротам». Наогул, проста выхапленымі з нашых песень словамі «вайна – паляванне» і, што асабліва грэла кампартыйцаў – «зондэркаманда – гэта пазіцыя»…

- Я правёў тады, бадай, першае ў жыцці журналісцкае даследаванне і знайшоў гледачоў-маладзёнаў, што абверглі ўсю лухту. Але з вуснаў аднаго з маіх прафесійных куміраў пачуў – «кожны раз баюся, як загавару». Менавіта не пра што, а з якой інтанацыяй. У Вашай тых часоў кампазіцыі «Зямля» была шчымліва-падкупляльныя музыка і словы…

- «Зямлю» і цяпер выконваю. Што да інтанацыі, яна сама знаходзіцца і аднекуль прыходзіць па-за маім разуменнем і жаданнем – трэба яе злапаць, спадзяюся, атрымліваецца з Космасу.

- Вы пачыналі, як з часоў «Бітлоў» модна было казаць – з «песень пратэсту». «Я рок-музыкант старых традыцый, гэта не прызванне, гэта пазіцыя». Але яны суправаджаюць Вас праз увесь шлях…

- У любога значнага рок-музыкі «у партфелі» ёсць парачка дзясяткаў-сотняў такіх песень – дзе пра тое, што баліць, нэрвуе, расчароўвае, падаецца «няправільным» у грамадстве. Пра гэта хочацца пісаць, як і пра тое, што радуе ды ўсцешвае. Увогуле, з часоў тае ж «Мроі» для мяне музыка не была як самамэта. Яна і цяпер як сродак выказвання Думкі. Тады, праўда, словы былі непрычасаныя, часам недасканалыя, але мусілі прагучаць…

- У часе працы на забароненай пасля ўладамі радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» адбылося яшчэ адно адгалінаванне ў Вашай творчасці – палітычная сатыра. Калі ў эфір пачала выходзіць аўтарская праграма «Квадракола», што стала прататыпам сённяшніх «Саўкі ды Грышкі» на Радыё «Свабода»?

- Недзе так. Але часы змяніліся з чорна-белых, калі было ясна – той «за Лукашэнку», той «супраць», а нехта «схаваўся ў бульбу», хоць і гэта пазіцыя. Той жа Лукашэнка паразітаваў на расейскай нафце, штучна падтрымліваючы нейкі дабрабыт у жыхарства. Замежнікі ўхваляюць чыстыя, добрыя вуліцы, расце колькасць кавярняў на Зыбіцкай і Кастрычніцкай, дзе можна рабіць падарожжы з аднаго бара ў іншы. Хаатычна нарастае колькасць каробак-хмарачосаў. Але вось і градацыя колераў. Сам бачыў – стаіць у банку цётачка сярэдніх год і кажа «я ж так яму і ўсяму верыла, як гэта так?!» Страшна было глядзець.

- А ёсць варыянты, калі хтосьці купляе косці, зробленыя для сабак…

- Шмат хто галасаваў за Яго, каб абсмоктваць гэтыя косткі.

А самому, як герою «Псіхасаматыкі» не хацелася «чамусьці ўцячы»?

- Перыядычна! Тым больш, свет не такі калі з’ехаў і больш не вернешся. Можна мець побыт і ў Польшчы, і ў ЗША. У мяне была сур’ёзная замежная практыка, але ж ты не будзеш ніколі там «сваім» артыстам. Для іх ты, ў лепшым выпадку, экзотыка, а тут проста не давалі. Такое адчуванне было і часам працягваецца, хоць ёсць пошукі выйсця з гэтай сітуацыі. У песні з «Грамадазнаўства», дзе «адкуль не ўцякай, куды не бяжы – і там ты чужы, і там ты чужы». Гэта ілюстрацыя сітуацыі, калі да канца не свой, а для сваіх «чужы».

- Калі б сеў у машыну часу і зноў зведаў тыя жыццёвыя траўмы і пакуты – ці паўтарыў бы шлях дзеля праславутых «100 гадзінаў шчасця»?

- Па-першае, варыянтаў няма. Па-другое, паўтарыў бы! Жыццё ўжо было яскравае і цікавае. І чаму было?! Яно працягваецца…

- Адкуль, здаецца, крыху містычна-парадаксальная назва праграмы і апошняга альбому «Белая яблыня грому»?

- О, гэта з верша майстры парадоксаў Рыгора Барадуліна. Дарэчы, нядаўна нехта адкрыў мне «навіну», што ў праграме народныя паэты. Гэта калі не браць пад увагу такіх класікаў, як Чачот, Міцкевіч. А яшчэ ж кампазіцыі на вершы Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса… Больш падрабязна пра ўсё і паслухаць малавядомыя аўтарскія музычныя ремінісцэнцыі – можна ў далучаным гукавым файле.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]