Чыста эканамічныя паказчыкі сёння, мякка кажучы, не паказваюць на тое, што народ наш павышае свой дабрабыт.
Калі толькі ў Беларусі пачынаецца чарговая «выбарчая кампанія» – галоўныя рупары рэжыму, і БТ, і “Беларусь сегодня”, і больш за сотню раённых газет (якія, сярод іншага, існуюць за грошы падаткаплатнікаў) пачынаюць залівацца салаўямі: якая ў нас, маўляў, справядлівая дзяржава, як яна клапоціцца пра народ, як яна хоча (праўда, пакуль што “хоча, ды не можа”) давесці сярэднія заробкі нашых суграмадзян то да 500 долараў, то да 1000 рублёў… Працуюць гэтыя рупары, трэба сказаць, не безвынікова: некалі нават Папа Рымскі прамовіў штосьці наконт таго, што ў Беларусі спрабуюць будаваць “сацыяльную дзяржаву”. Чыста эканамічныя паказчыкі сёння, мякка кажучы, не паказваюць на тое, што народ наш павышае свой дабрабыт. Узгадайма: 17 верасня 2015 года Аляксандр Лукашэнка апублікаваў сваю пятую перадвыбарную праграму, дзе беларусам “ад усяго сэрца” казалася: “Мы павінны абараніць тое, што ўжо створана”. Пра што ішла гаворка? Калі пра тое, што наша сітуацыя ў нацыянальнай эканоміцы, прынамсі, не будзе пагаршацца, то на гэты конт ёсць вялікія сумневы. Паводле звестак незалежных экспертаў з НДІСЭПД (зарэгістраванага ў Вільнюсе): у 2015 г. рэальныя даходы нашага насельніцтва скараціліся на 4,6%, у 2016 г. – на 7,5%, а за перыяд са студзеня па ліпень 2017 году яны скарачаліся штомесяц сама меншае на паўпрацэнта.
Можа, аднак, у перадвыбарнай праграме прэзідэнта мелася на ўвазе больш высакародная і пачэсная місія: не дапусціць хоць бы з боку дзяржаўных інстытуцый нават намёку на карупцыю?
Як на маё разуменне, “сацыяльная” дзяржава – а пагатоў, дзяржава справядлівая – вызначаецца тым, што яна не спрабуе, як той дробны зладзюжка, залезці сваім грамадзянам у кішэнь, перад гэтым забраўшы ў выглядзе падаткаў тое, што ёй належыць.
Ці так яно ёсць у нашай краіне? Паспрабуем разабрацца на самым простым прыкладзе, зразумелым многім тысячам нашых суайчыннікаў, чые дзеці ходзяць сёння ў беларускія школы. Некалькі гадоў таму роднае Міністэрства адукацыі абвясціла свайму любімаму народу, што бацькі школьнікаў за тое, што апошнія карыстаюцца надрукаванымі з ласкі дзяржавы падручнікамі, павінны будуць штогод сплачваць 50% сумы, патрэбнай на перавыданне гэтых самых падручнікаў.
На афіцыйным дзяржаўным партале pravo.by можна знайсці сумы (у новых беларускіх рублях), якія – абавязкова ў самым пачатку навучальнага года! – павінны пералічыць дзяржаве бацькі вучняў адпаведных класаў:
Калі ў “сацыяльнай дзяржаве” за 15 гадоў перад гэтым (не пры “кепскім Шушкевічу”!) упершыню ўводзіўся такі від абавязковага падатку на бацькоў школьнікаў, адпаведная квота складала 25%. Міністэрства і Нацыянальны інстытут адукацыі тады патлумачылі народу, што збіранне гэтых грошай дазволіць кожныя чатыры гады акумуляваць неабходныя сумы, каб падручнікі надалей перавыдаваліся беспраблемна і без затрымак. Калі была ўведзена новая квота – 50%, то трэба было разумець, што падручнікі будуць перавыдавацца кожныя два гады і дзецям у школах значна радзей давядзецца карыстацца экзэмплярамі пакрэмзанымі, размаляванымі або і з вырванымі старонкамі.
Ці так яно ў сапраўднасці? У наступнай табліцы ўказаныя апошнія гады выдання шэрагу падручнікаў для адпаведных класаў: каб паказаць усё больш наглядна, я прывожу ў выглядзе табліцы прыклады толькі ў дачыненні да падручнікаў і дапаможнікаў для базавай школы. Звесткі пра апошні год выдання ўзятыя з афіцыйнага сайта adu.by і падаюцца паводле стану на 8 кастрычніка г.г. (памятайма, што бацькі тым часам свае грошы за бягучы навучальны год ужо ўнеслі!):
У гэтую табліцу я не ўключаў тыя дапаможнікі, якія павінны былі б быць перавыдадзеныя яшчэ сёлета, але не факт, што яны будуць перавыдадзеныя! Ведаю, што некаторых з іх няма нават у адпаведных планах. Асобныя дапаможнікі выйшлі або выйдуць сёлета, але да гэтага не перавыдаваліся па некалькі (часам да васьмі!) гадоў.
Калі ж тут яшчэ казаць пра падручнікі і дапаможнікі для 10 і 11 класа сярэдняй школы, то сітуацыя выглядае не лепш, а нават і горш: большасць з іх апошні раз выдавалася ў 2010—2013 гадах!
Чытач можа ацаніць сам узровень карупцыі – той, якая, так сказаць, асвечана дзяржавай. Простая арыфметыка. З першай табліцы вынікае, што ў сярэднім бацькі школьнікаў кожнага класа павінны заплаціць дзяржаве за карыстанне падручнікаў сёлета па 22 рублі 40 капеек новымі грашыма. У школах сёння вучыцца не менш за паўтара мільёна нашых дзяцей. Дзяржава, такім чынам, на пачатку верасня атрымала, так сказаць, “неўзаконенага падатку” больш за 33 з паловай мільёна беларускіх рублёў, у пераліку на курс Нацбанка – каля 17 мільёнаў долараў ЗША. Памножце на “працэнт дзяржаўнага вымагальніцтва”, пададзены ў трэцяй калонцы наступнай прыведзенай табліцы, – і вы здолееце сабе ўявіць, наколькі беспардонна дзяржава штогод запускае руку ў кішэні сваіх, найчасцей маўклівых, грамадзян. Пры гэтым друк вялікіх (да 130 тысяч асобнікаў) накладаў кожнага падручніка, у сапраўднасці, каштуе зусім няшмат. Нават у нашых друкарнях ён у сярэднім не перавышаў бы 1,5 долара за экзэмпляр кнігі, а калі б нашым выдаўцам было можна звяртацца да, прыкладам, польскіх або літоўскіх выдавецтваў, то гэты кошт не перавышаў бы і аднаго долара. Гэта значыць, што, калі б на друк скіраваць толькі палову сабраных грошай, толькі сёлета можна было б надрукаваць іх агульны наклад больш за 10 мільёнаў – чаго ў рэальнасці і блізка не будзе!
Хачу тут заўважыць, што, нягледзячы на ўсё вышэйвыкладзенае, наша Міністэрства адукацыі, па-мойму, цалкам праваліла падрыхтоўку і выпуск падручнікаў да гэтага навучальнага года. Так, прайшло ўжо 40 дзён ад яго пачатку, а створаныя паводле новых праграм падручнікі і дапаможнікі для 7 класа ўсё яшчэ завозяцца ў школы. І калі ў рускамоўных школах гэты працэс неяк ідзе – хоць і са спазненнем, то школы з беларускамоўным навучаннем яшчэ практычна нічога не атрымалі! (Гэта да пытання “раўнапраўя моў” у Беларусі). Да апошніх дзён не было новых беларускамоўных падручнікаў ні па алгебры, ні па геаметрыі, ні па сусветнай і айчыннай гісторыі, ні па мастацтве, ні па хіміі, ні нават па беларускай літаратуры…
Разумею, што высокім чыноўнікам не хапае часу, каб звяртаць увагу на меркаванні незалежных інфармацыйных рэсурсаў. Але па сутнасці пастаўленых мною пытанняў (падазрэнне ў вымагальніцтве ў грамадзян у асабліва буйных памерах) аргументаваны адказ павінен быў бы даваць не толькі міністр адукацыі Ігар Карпенка (і некалькі яго папярэднікаў), а і Генеральная пракуратура ды Следчы камітэт.
Зрэшты, не дзіва, што найвышэйшыя кіраўнікі Беларусі дзеля самарэкламы бяруцца ажыццяўляць страшэнна дарагія праекты. Так, афіцыйны бюджэт папярэдніх Еўрапейскіх спартыўных гульняў, што праводзіліся ў Баку, склаў 1,12 мільярдаў долараў, а ў рэальнасці (спашлюся на думку экспертаў таго ж НІСЭПД) быў прыкладна ў 5 разоў большы. Смешным выглядае меркаванне беларускага ўраду правесці такія гульні ў Беларусі ў 2019 годзе (калі ўсё пэўна ж не патаннее) за 35—40 мільёнаў еўра.
Лявон Баршчэўскі «Народная Воля»