Разьбяр з Купы распавёў пра скульптуру, арнамент і беларускасць.
Бацькі назвалі хлопчыка Юрасём. А як жа! Нарадзіўся ў красавіку 1961 года, калі паляцеў у космас Юры Гагарын.
Але касманаўтам сын не стаў. Таму сёння на Мядзельшчыне працуе разьбяр па дрэве Юрась Камандзірчык.
Курортны пасёлак Нарач – не родная мясціна мастака. Сам ён са Спярыжжа, што на Брагіншчыне. На Мядзельшчыну з’ехалі з сям’ёй з Мазыра ў 1989 годзе, пiша rh.by.
– Падумалася: хай дзеткі гадуюцца на чыстым паветры, – кажа Юрась. – З 1990-ых мядзельская зямля прытуліла нас.
Талент разьбяра – ад бацькі-рыбака
Бацька Юрася быў добрым рыбаком. З лазы, дубчыкаў плёў розныя рыбалоўныя прылады. Часам і нешта патрэбнае для гаспадаркі майстраваў. Магчыма, талент разбяра ў Юрася ад яго.
Упершыню працэс вырабу твораў з дрэва, а дакладней, на дрэве, будучы майстар пабачыў уВаронежы. Пасля заканчэння будаўнічага вучылішча ён тут працаваў.
Тады і пазнаёміўся з маладым хлопцам з Азербайджана Ніфталі. Ён вырабляў гравюры на фанеры.
Наступная сустрэча з мастацтвам была ў войску. Тут саслужывец Васіль Лявіцкі са Львоўшчыны выразаў з дрэва розныя сувеніры: птушак, звяроў.
Пасля войска Юрась давучыўся ў будаўнічым тэхнікуме, але “душа хацела рэзаць”, прыгадвае майстар. Таму і паступіў у кобрынскае мастацкае вучылішча на разьбяра па дрэве.
– Вучылішча было новае, – распавядае Юрась. – Наш выпуск быў трэцім.
Па словах майстра, там працавалі такія настаўнікі, якім без перабольшвання было цікава ўкласці душу ў вучняў. Навучалі кампазіцыі, лепцы, жывапісу.
Як разьбяра натхніў кераміст
Калі ўжо з сям’ёй Юрась жыў у Мазыры, пазнаёміўся з творчасцю кераміста Мікалая Пушкара. Кажа, вельмі захапіла яго творчая манера кераміста.
У кераміцы мастак перадаваў звыклыя сцэнкі з народнага жыцця. Я якраз тады шукаў свой шлях у разьбе, прыгадвае Юрась. Вось нешта падобнае і пачаў рабіць з дрэва ў натуральную велічыню. Сцэны з народнага жыцця заўсёды будуць цікавіць людзей, перакананы творца.
Сюжэты будучых драўляных скульптурных кампазіцый Юрась малюе графічна. Але прасцей праляпіць іх у пластыліне, укласці душу ў пластыку, прызнацца майстар.
Рэзаць можна па любым дрэве, расказаў мой субяседнік. Пытанне толькі для чаго патрэбная дадзеная скульптура і дзе яна будзе стаяць.
– Вось усе хваляць ліпу, – кажа Юрась. – Аднак ліпа добрая для вырабаў, якія будуць стаяць пад дахам, выкарыстоўвацца ў хаце, а не на паветры і дажджы. Тут ліпа хутка згніе.
Сам майстар зараз працуе выключна з дубам. Аказваецца, дуб прапітаны хіцінам – спецыяльнымі прыроднымі валокнамі драўніны. Таму ад розых караедаў церпіць толькі верхні слой дрэва.
У той жа час, калі хочаш, каб драўляная скульптура стаяла доўга, варта паклапаціцца пра яе правільную ўстаноўку. Не трэба, каб твор сутыкаўся з зямлёй, лепш зрабіць падстаўку.
Свае вырабы Юрась апрацоўвае спецыяльнымі рэчывамі на васкавой аснове, каб лепш захоўваліся. Аднак калі ёсць магчымасць, лічыць не лішнім зрабіць паддашак, каб менш траплялі ападкі.
Мядзельшчына прытуліла і раскрыла талент
Мядзельшчына – гэта зямля, якая не толькі прытуліла сям’ю Камандзірчыкаў, а ў поўнай меры раскрыла талент разьбяра. Адну з самых дарагіх сэрцу прац Юрась зрабіў тут.
Сюжэт навеены беларускімі народнымі казкамі. Адсюль і назва працы “Людзей слухай, а свой розум май”. Твор так удала пайшоў, што пасля аўтар рабіў яшчэ дзве копіі.
На сюжэт скульптуры “Галіна” натхніў паэт, ураджэнец Мядзельшчыны Максім Танк, а менавіта яго паэма “Ля вогнішч начлежных”, створаная на аснове нарачанскіх легенд.
Вядомыя беларускія героі Вялес і Купалінка вітаюць наведнікаў гатэля “Нарач”. У дрэва іх увасобіў мой субяседнік.
Яшчэ працы Юрася Камандзірчыка стаяць у “Зубраняці”, санаторыях “Журавачка” і “Белая Русь”, парку “Нарачанскі”. Знак “Мядзел” пры ўездзе ў горад – таксама яго праца. Некаторыя творы ёсць і ў Расіі.
Вось чаму мне ўяўлялася, што дом такога разьбяра павінны быць увесь застаўлены драўлянымі скульптурамі. Аднак тут Юрась вымушаны быў мяне расчараваць:
– А вы як журналіст дома сценгазету выпускаеце? – задаў лагічнае пытанне майстар.
І растлумачыў, што разьба па дрэве – для яго афіцыйная праца, крыніца прыбытку. Але гэта зусім не значыць, што ёй майстар павінен займацца дома.
Своеасаблівая візітоўка майстра – драўляныя рушнікі. Па словах Юрася, рушнік – назва вобразная. Бо драўляныя палотны і сапраўды падобныя да рушніка. Тым больш свае “рушнікі” майстар упрыгожвае “вышываным” а..
– Пераношу на дрэва тое, што вышывалі нашы бабулі, – кажа Юрась.
Арнамент абірае сур’ёзна. Чытае адпаведную літаратуру, ведае, што абазначае кожны сімвал у арнаменце на яго творах.
Вучняў у разьбяра пакуль няма. Каб мець вучняў, кажа Юрась, трэба стала працаваць на адным месцы. Праца ж майстра такая, што прыходзіцца ездзіць працаваць па розных мясцінах.
А на аб’ект вучняў з сабой не возьмеш. Любы заказчык хоча бачыць майстра з досведам. Праўда, на будучае ёсць думка ўзяць гурток у мясцовай школе мастацтваў.
Да беларусчыны і не трэба было прыходзіць
Юрась – сябра Саюза майстроў, народны майстар Беларусі. А яшчэ выдатна размаўляе па-беларуску.
Як Вы прыйшлі да беларусчыны? – пытаюся ў субяседніка.
– А мне і прыходзіць не трэба было, – кажа Юрась. – У вясковай школе на Брагіншчыне нас вучылі выключна па-беларуску. На роднай мове выкладалі ўсе прадметы: і фізіку, і геаметрыю. А яшчэ ў пэўны час сустрэўся з людзьмі, якія дапамаглі адказаць на пытанне “хто мы?”.
Сустрэча гэтая адбылася на Вілейшчыне ў 1988 годзе. Тут Юрась працаваў ў Даўгінаве. Неяк ехаў на машыне ў Вілейку і ўбачыў, як пры дарозе каля скульптуры Маці-парадзіхі з высечаным немаўляткам на грудзях нешта капаюць невядомыя людзі.
Юрась падумаў: рабаўнікі. А аказалася – археолагі пад кіраўніцтвам Эдварда Зайкоўскага. Сустрэча і размовы з археолагамі шмат дала Юрасю для нацыянальнага самавызначэння.
А скульптуры той на Вілейшчыне ўжо няма. Па словах Юрася, яна зараз знаходзіцца ў нейкім сталічным музеі.
У канцы жніўня мядзельскі разьбяр Юрась Камандзірчык ездзіў у Томск на Свята сякеры. Цяпер у расійскім горадзе ёсць скульптура беларускага зубра, створаная нашым майстрам па матывах паэмы "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага.