Гурт Dzieciuki запісаў для праекту парталу TuzinFM песню на верш Міхася Чарота «Бунтар».
Міхась Чарот – той самы аўтар «Купалінкі», якая доўгі час лічылася народнай. Настаўнік паводле адукацыі, актор трупы Галубка, артыст хору Тэраўскага, удзельнік антыпольскага падполля і арганізатар паўстанцкіх атрадаў падчас Грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі. Ён быў адным са стваральнікаў «Маладняка» і ўладальнікам самага першага пасведчання аб’яднання. Менавіта па ягонай аповесці «Свінапас» быў зняты фільм «Лясная быль», які прэтэндуе на званне першай беларускай стужкі. Свой апошні верш «Прысяга» ён выдрапаў у камеры «амерыканкі» перад расстрэлам у 1937-м… Падрабязней пра гэтую надзвычай цікавую асобу распавядзе даследчыца Ганна Севярынец у межах адкрытай лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 20 кастрычніка ў кнігарні «Логвінаў», паведамяе tuzinfm.by.
Верш «Бунтар» – безумоўна ёсць візітоўкаю Чарота. Радкі «Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар//Я балота буджу гучным шумам» выдатна падышлі пад эстэтыку гарадзенскай фольк-панкавай фармацыі Dzieciuki. Музыкі з вялікім інтарэсам паставіліся да праекту. «Як тут не лічыць праект важным, калі цэлы пласт інтэлігенцыі закапалі ў зямлю? – кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. – Пра гэта трэба казаць. І спяваць. Усё што засталося ад паэтаў – іх творы. Шмат што было знішчана, але і шмат засталося. Выдатны праект, бо дае магчымасць загінуўшым паэтам звярнуцца да нашчадкаў»...
Музыкі сыходзілі з таго, што такі бунтарскі верш-крык чалавека неабыякавага, якому баліць, мусіць быць вырашаны ў адпаведным баявым настроі. Таму атрымалася мажорная песня, якую напісаў гітарыст каманды Андрэй Пудзін, а канчатковую аранжыроўку зрабілі ўсе разам. «Не магу сказаць, што лёгка працавалася. Штосьці зьмянялі, нейкія кавалкі выкідалі, затое, запісаліся даволі хутка», – кажа Алесь.
Dzieciuki плануюць выконваць «Бунтара» на сваіх канцэртах.