Новы час прыўнёс у беларускае войска крымінальна-эканамічны чыньнік.
— Армія гэта... гэта... школа жыцьця, — гаварыў на маіх провадах у тую самую армію, абняўшы мяне за плечы, падвыпіўшы дзядзька Андрэй.
Ягоная «школа жыцьця» прыпала на фінскую вайну, адкуль у ягонай памяці засталіся адубелыя трупы савецкіх вайскоўцаў уздоўж фінскай мяжы, шалёны мароз ды страх ператварыцца з жывога чалавека ў такую зьледзянелую мумію.
— Зь «дзядамі» не выпендрывайся, «дзяды» галоўныя людзі ў войску, — дзяліўся са мной практычнымі парадамі дваровы прыяцель Жэнька, які паўгода як вярнуўся са «школы жыцьця» дамоў. — Добра, калі землякі нармальныя патрапяцца. У іншым выпадку гуртуйся са сваім прызывам, са славянамі ці прыбалтамі, бо «айзэры» (у ягоным кантэксьце гэта была аульная назва жаўнераў азіяцкага паходжаньня) задзяўбуць.
Празь дзень пасьля провадаў, у вайсковай частцы ў Мар’інай Горцы я ўжо абуў кірзавыя боты. Яшчэ праз колькі дзён, на прыканцы красавіка 1981 году, наш ваенны борт прызямліўся ў Венгрыі.
— Вам пашанцавала, несьці службу за мяжой даверана ня кожнаму, — бадзёрыў навабранцаў трошкі старэйшы за нас ружовашчокі лейтэнант.
Ноччу на перасыльным пункце ў казарму ўваліліся на добрым падпітку дзембеля, якія неўзабаве нашым жа бортам вярталіся з войска на гражданку, і зірнуўшы на нас мутным вокам, прамовілі:
— Маладых не чапаем, ім у часьцях яшчэ напіхаюць.
Але тутака ж вывелі за дзьверы перасыльнага пункту групу сэржантаў, якія толькі прыбылі з вучэбкі. Праз гадзіну сэржанты вярнуліся добра пакамечаныя і бяз грошай.
Калі нас, навабранцаў, ужо прывезьлі ў лінейную частку і мы ішлі па алеі да казармы, з вокнаў тае казармы высоўваліся голыя торсы «дзядоў», якія радасна дэманстравалі нам рознага гатунку петлі і шырока ўсьміхаючыся крычэлі адно — вешайцеся чарапы. «Чэрап» — была мянушка маладога салдата.
— Чаго гэта яны, — пытаўся адзін з нас у ружовашчокага лейтэнанта.
— Скора даведаецеся, — задуменна адказаў лейтэнант.
Я згадаў сваё войска, прачытаўшы пра трагічны выпадак у войску РБ, дзе знайшлі засіленым чарговага маладога салдата.
Чым розьнілася дзедаўшчына майго савецкага войска й сёньняшняга эрбэшнага, хіба што асобнымі дэталямі, але агульная карціна засталася ранейшай. І там, і там адбіралі грошы, білі, псыхалягічна ціснулі.
Але ёсьць і адрозьненьні. Новы час прыўнёс у войска крымінальна-эканамічны чыньнік. Ставіць маладога байца «на лічыльнік» — павевы расейскіх «шалёных 1990-х». І тое, што, як вынікае з матэрыялаў прэсы, гэтым займаюцца не адно дзяды, але магчыма й прапаршчыкі, то бок вайскоўцы-прафэсіяналы, якія атрымліваюць грошы за сваю працу, адназначна новая зьява.
Зь іншага боку, у беларускім войску няма нацыянальных зямляцтваў, а гэта была ці не галоўная праблема войска савецкага.
Мне адносна пашанцавала, бо мая вайсковая частка мела высокатэхналягічнае прызначэньне і да яе залічвалі пераважна славян, але я згадаў словы свайго дваравога прыяцеля Жэнькі, калі пасьля году службы мы прыбылі па боепрыпасы ў суседнюю дывізію, што стаяла ў горадзе Хаймашкір.
Асабовы склад дывізіі быў пераважна азіяцкі. Першае, што мы ўбачылі, зайшоўшы ў казарму, як на маладых расейцах аднекуль з-пад Архангельска як на манэкенах дзяды-айзэры адпрацоўвалі ўдары надта моднага на той час каратэ.
Адзінае, што нам удалося, забраць некалькі тых байцоў, нібыта памагаць нам грузіць боезапас.
Як бы мы не хацелі, пазбыцца дзедаўшчыны ў прызыўным войску, дзе перавагі мае звыклы да існаваньня ў зграі гопнік-звычайны, амаль немагчыма. Усе свае праблемы, толькі ў больш жорсткім выглядзе, грамадзтва пераносіць у войска. Наіўна думаць, што калі гопнікі пры ўладзе, у войску будзе панаваць іншая атмасфэра.
Супрацьстаяць ці не супрацьстаяць гопніку, кожны вырашае сам.
Неўзабаве пасьля прысягі, у курылку, дзе мы сабраліся па абедзе, зайшлі дзяды. Дзяды былі ў гуморы й загадалі самаму вялікаму з нас, харкаўчаніну Колю Шахрайчуку зьняць пілётку і падставіць лоб пад «фофан», гэткі від моцнага шчалбана.
Коля адмовіўся. Першы дзед, абураны непаслушэнствам, палез разьбірацца й тутака ж са зламанай сківіцай грукнуўся аб падлогу.
Коля Шахрайчук займаўся боксам і быў ня самай лёгкай вагавай катэгорыі.
Усе паўскоквалі, напруга зашкаліла. Зрываючыся на фальцэт, Коля тлумачыў, што пераловіць дзядоў па адным, калі яны зараз пойдуць на яго зграяй.
Нетыповы, нестандартны выпадак. У адказ было шмат розных словаў, але зграя атакаваць не наважылася, і Колю больш ніколі не загадвалі зьняць пілётку.
Іншы мой аднапрызыўнік, Саша Чарненка зь Дняпра, да войска пасьпеў пакаштаваць многія радасьці жыцьця — гарэлку, траву, быў заўзятарам дняпроўскіх блатхатаў. У дваццаць гадоў меў твар шэры й нямоглую паставу, але шалёныя чорныя вочы й голас нізкі й страшны. Да таго ж добра адчуваў, каго з маладых можна беспакарана гнабіць. І, адслужыўшы год, пачаў гэта рабіць зь нейкім садысцкім імпэтам.
Я ніяк ня мог зразумець, як гэтая чалавечая разваліна, што не дае рады ні падцягнуцца на турніку, ні прабегчы ў час дыстанцыю адзін кілямэтар, зьдзекуецца зь людзей, відавочна дужэйшых за яго. Відаць прычынай была нейкая нутраная злосьць, якая сядзела ў ягонай сярэдзіне й адбірала волю ў ягоных ахвяраў.
Скончылася тым, што Чарненка пакалечыў такога ж хлопца ўкраінца, як сам. Разарваную селязёнку ледзь пасьпелі выдаліць і адкачаць кроў з вантробаў. Хлопец застаўся жывы, але быў камісаваны.
Выпадак гэты не спрабавалі схаваць, можа ад таго, што частка наша была наўпрост маскоўкага падпарадкаваньня. Быў выязны суд, Саша атрымаў тры гады й апынуўся там, дзе й мусіў быць — на зоне.
Зонаўскія схемы паводзінаў былі даволі распаўсюджаныя ў савецкім войску, а войска беларускае, нягледзячы на час і незалежнасьць, так і засталося ў савецкіх кірзавых ботах. І калі за савецкім часам існаваў хоць нейкі кантроль з боку зампалітаў, вайсковых партыйных і камсамольскіх арганізацый, то ў арміі РБ няма й гэтага. І таму адзіная магчымасьць кантролю застаецца тады, калі справа трапляе ў мэдыйнае поле.
Алег Дашкевiч, «Радыё Свабода»