Імя пінскага епіскапа, аднаго з цэнтральных постацяў аўтакефаліі Польшчы і Украіны доўгі час заставалася ў цені гісторыі.
Гэта абумоўлена ідэалагічнымі штампамі і аднабокавасцю праваслаўнай царквы ў аналізе мінуўшчыны. А можа яшчэ не надышоў той самы момант для пераасэнсавання некаторых трагічных старонак нашай гістарычнай спадчыны.
«Вышыню становішча епіскапа можна параўнаць з вышынёй адвеснай скалы, якая мае на вяршыні невялікі прастор, такі, што найменшы няёмкі рух, найменшы няправільны крок можа пацягнуць за сабой гібельнае падзенне», – самакрытычныя словы належаць Аляксандру Іназемцаву (1887-1948).
З нагоды 130-годдзя іерарха праваслаўнай царквы ўзгадаем ягоны няпросты жыццёвы шлях.
Гісторыя з Табольску
Усё пачалося ў глыбі Расеі ў цэнтры Сібіры, калі 20-гадовы рэвалюцыянер Юзаф прыбыў на месца ссылкі.
Анастасія Мікалаеўна Іназемцава ўзяла апякунства над юнаком, дапамагала з харчаваннем, адзеннем. На той момант у Іназемцавай быў гадавалы сын Аляксандр.
Вось так упершыню перасекліся лёсы будучага іерарха праваслаўнай царквы і кіраўніка польскай дзяржавы. Гэтага факта няма ў афіцыйнай біяграфіі Пілсудскага, але гісторыя дайшла да нашых дзён.
Праз шмат год, калі Іназемцавы ўжо жылі ў Пінску, у іх асяродку былі выхадцы з рускага роду князёў Абаленскіх. Яны беглі з Расеі ратуючыся ад бальшавікоў. Дык вось, Абаленскія занатавалі аповяды Іназемцавай.
Станаўленне святара – місія ў Менск
Як Іназемцавы апынуліся ў Польшчы, ды яшчэ ў горадзе над Пінай? Далейшы лёс гэтай сям’і толькі падмацоўвае словы Анастасіі Мікалаеўны. У 1913 годзе Аляксандр паспяхова скончыў Духоўную Акадэмію ў Пецярбургу і застаўся працаваць пры ўстанове.
Між іншага сярод дзясяткаў вядомых выпускнікоў Акадэміі – патрыярхі Маскоўскія і ўсяе Русі Ціхан, Сергій і Аляксій II. У верасні 1918 года Іназемцава па благаславенні патрыярха Ціхана ўзвялі ў сан архімандрыта і накіравалі місіянерам ў Менск – тады сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі.
Тут ён прабудзе пару тыдняў і з надыходам Чырвонай Арміі адправіцца на тэрыторыю Украінскай Народнай Рэспублікі. Тады яшчэ войскі УНР былі ўзмозе ўтрымоўваць пазіцыі і адбівалі наступы бальшавікоў. З 1919 года пачынаецца пакутніцкі шлях у эміграцыю.
Спачатку з духавенствам трапіў у сучасны Краснадар (Кубань), а затым у Новарасійск адкуль накіраваўся ў Канстанцінопаль. Пасля спіс папоўнілі Салонікі (Грэцыя), Бялград (Югаславія) і Бары (Італія).
Менавіта з Італіі, па запрашэнню Пілсудскага, Іназемцавы трапілі ўлетку 1921 года ў Польшчу. Іназемцаў на спатканні кіраўніцтва Польскай праваслаўнай царквы. У цэнтры мітрапаліт Польшчы Дыянісій, ён надзвычай прыязна ставіўся да Аляксандра, што бачна на безлічы здымкаў.
Начале Пінскай і Палескай епархіі На момант прыезду Аляксандра ў Варшаву, ягоны даўні знаёмы быў жывой лягендай Польшчы. Пілсудскі ўсё жыццё памятаваў сібірскі перыяд і людзей, якія дапамаглі яму вытрымаць часовыя выпрабаванні. Сям’я Іназемцавых увогуле дала прытулак, выратавала яго ў «краіне маразоў». Хто ведае, што б сталася з кіраўніком Польскай дзяржавы, калі б не ласка Анастасіі Мікалаеўны?
Спачатку Аляксандр узначаліў Люблінскую епархію, а затым Пінска-Палескую. У 1922 годзе Іназемцавы пераехалі ў сталіцу Палесся. Абаленскія казалі, што ва ўсім гэтым ім дапамог сам польскі кіраўнік. Сустрэча духавенства Польскай праваслаўнай царквы ў Варшаве.
Некалькі штрыхоў да партрэта Іназемцава
Увогуле пра епіскапа Аляксандра не давялося пачуць нешта кепскага з успаміну вернікаў-старажылаў ці з вуснаў пытлівых даследчыкаў. Канечне, ёсць розныя адзнакі гісторыкаў, але ў цэлым яны не крытычныя. Не атрымалася за савецкім часам замацаваць за Іназемцавым і ярлык «здрадніка», бо ёсць сведчанні, што ў 1941-1944 гадах ён рэальна дапамагаў усім, хто аказваў супраціў акупантам.
Каб пералічыць усе прыжыццёвыя справы епіскапа – трэба асобнае выданне, а не фармат артыкула.
Засяродзім увагу на тых момантах, якія добра характарызуюць гэтую ўнікальную асобу. Вадохрышча праводзіў асабіста. Кульмінацыя Хрышчэння Гасподняга ў Пінску адбывалася на беразе Піны. У першых шэрагах каля імправізаванай «Ярдані» збіралася духавенства і гараджане, якія праявілі крэпасць веры і здзяйснялі богадагодныя справы. Падчас царкоўнага спеву ў неба выпускаліся белыя галубы. Малітву чытаў Аляксандр Іназемцаў. Па яго распараджэнню дзецям у гонар свята даваліся нацельныя крыжыкі, святары павінны былі на даступнай мове тлумачыць сэнс свята, паказваючы пакорлівасць і паважнае стаўленне да ўсіх грамадзян.
Аляксандр вучыў святароў: трэба быць роўнымі са сваімі братамі па веры, знішчаць злобу і безупынна павышаць узровень духоўнасці.
Місіянерскія камітэты Палескай епархіі
У 1920-30-х гадах на Палессі назіраецца рост пратэстантаў – паўсталі дзесяткі рэлігійных рухаў. Спачатку іх ігнаравалі, але калі з’явілася агрэсія і гвалт у дачыненні да сваіх жа супляменнікаў – Аляксандр Іназемцаў пачаў дзейнічаць. Ён стварыў ва ўсіх рэгіёнах епархіі Місіянерскія камітэты. Ужо да сярэдзіны 1920-х гадоў такіх было 14-ць, складам ад 5 да 10 чалавек.
Галоўнай фігурай у камітэце быў місіянер-прапаведнік. У яго абавязкі ўваходзіла: наведванне месцаў, дзе вялася пратэстанцкая прапаганда, рэгулярныя пропаведзі сярод праваслаўных і публічныя гутаракі, удзел у арганізацыі царкоўных місій, распаўсюджванне асветніцкай праваслаўнай літаратуры.
Місіянерскія камітэты ва ўсіх прыходах па магчымасці, а ў раёнах, дзе з’яўляліся пратэстанты, абавязкова, арганізоўвалі «місіянерскае кола» з дасведчаных і адданых вернікаў. Такія колы служылі кансалідуючым цэнтрам для астатніх вернікаў, дзе яны маглі сумесна адукоўвацца.
Камітэты ладзілі «місіянерскія дні» ў выглядзе форума-кірмашу. Галоўным козырам місіянерскіх камітэтаў была арганізацыя публічных дыспутаў, падчас якіх раскрывалася адрозненне паміж вучэннем царквы і пратэстанцкімі памылкамі.
Вернікі атрымоўвалі духоўнае задавальненне. У пінскай расейскамоўнай газеце «Пад небам Палесся» за 25 кастрычніка 1931 года ўдзячлівы пінчук напісаў эмацыйны водгук на выступ Аляксандра Іназемцава пасля службы: «Уладыка кажа таксама, што не страшымся не ў чым праціўнікаў і бязбоязна узвышаем і будзем узвышаць свой голас на абарону найсвяцейшай веры нашай. І так, падбадзёрся іерэй, падбадзёрся ўвесь народ зямлі і з адвагай скажы – я ні на што не зважаю і не даражу сваім жыццём, толькі б з радасцю здзейсніць служэнне (…) Пасланне епіскапа Аляксандра зрабіла на праваслаўных моцнае ўражанне і горача імі ўспрымаецца».
Адзінства хрысціянскага свету
На Палессі паміж праваслаўнай і рыма-каталіцкай царквой таксама існавалі рознагалоссі і вялася барацьба за душы вернікаў. Ня рэдкасцю быў пераход з праваслаўных у каталікі і назад, як і наадварот, часам цэлымі сем’ямі.
Але гэта не быў гэткі востры канфлікт. Епіскап Аляксандр Іназемцаў і біскуп Казімір Букраба ў некаторых выпадках аб’ядноўвалі намаганні для барацьбы з нетрадыцыйнымі веравучэннямі. Вядома, што Букраба і Іназемцаў мелі цесныя зносіны, былі прыяцелямі.
Часта шпацыравалі на лодцы па Піне, іерархі разумелі, што важней адзінства Хрысціянскага свету, чым яго раздробленасць і слабасць. Епіскап – настаўнік і навуковец. Аляксандр Іназемцаў сапраўды ставіўся да свайго статусу, не як да працы, а як да служэння. Ён быў настаўнікам-бацькам для сваіх святароў і вучыў са свайго досведу.
Прынамсі забараняў святарам, як і вернікам, якія не маюць адпаведнай падрыхтоўкі, весці будзь-якія рэлігійныя спрэчы, каб не нашкодзіць царкве і самаму сабе. Казаў, каб праваслаўная царква захоўвала свае пазіцыі, неабходна змена саміх святароў, трэба быць роўным са сваімі братамі па веры, знішчаць злобу і безупынна павышаць узровень духоўнасці.
Святар павінен быць аўтарытэтнай фігурай, лідэрам, які аб’ядноўвае вернікаў, а не з’яўляецца крыніцай раздражнення. Напрыканцы 1930-х гадоў Іназемцаў выдаў некалькі рэлігіных прац, а таксама зборнік павучэнняў і наказаў.
У віры катастрофы ХХ стагоддзя
Калі ўлада Саветаў запанавала на тэрыторыіі Заходняй Беларусі, Аляксандр Іназемцаў на кароткі тэрмін адыйшоў ад спраў, але пасля вярнуўся да свайго паклікання. Прасілі, як вернікі, так і духавенства. Бальшавікі на той момант яшчэ моцна не заняліся вырашэннем «рэлігійнага пытання» ды і не паспелі – надыйшоў чэрвень 1941 года.
Гісторыя Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы пачынаецца ад 1917 года, але мы разбяраем такую падзею, як Пінскі Сабор, што меў месца 8-10 лютага 1942 года. Пры стварэнні УАПЦ адзначалася, што гэта – незалежная праваслаўная царква, адзін з сімвалаў ўкраінскай дзяржаўнасці. Красамоўны дэвіз ўкраінскіх аўтакефалістаў: «Адзін народ! Адна мова! Адна царква!».
Існуе УАПЦ, значыць, быць ўкраінскай дзяржаве і наадварот. Падасца наіўным і рамантычным, але ў гады Другой Сусветнай вайны знайшліся дзеячы, якія верылі ў адраджэнне самастойнай Украіны.
Пры чым тут Пінск? Тады горад над Пінай уваходзіў у склад рэйхскамісарыята «Украіна» ды і навошта хаваць таго факта, што Палессе частка украінскіх дзеячаў ад моманту УНР бачыла ў складзе сваёй дзяржавы. Аляксандр, як аўтарытэтная постаць у духоўным жыцці рэгіёна быў наўпрост патрэбен для арганізатараў адраджэння УАПЦ. Вернемся да Сабора ў Пінску.
Як да гэтага паставіліся ворагі? Нацысты выкарыстоўвалі нацыянальныя, культурныя, адукацыйныя і рэлігійныя моманты для прапаганды, не больш за тое. Таму асаблівых рэлігійных ганенняў ня тварылі. Калі 11 лютага стала вядома пра Пінскі Сабор УАПЦ, аддзяленні СД атрымалі тэлеграму, дзе гаварылася, што не трэба аказваць падтрымкі ў стварэнні адзінай царквы на тэрыторыі райхскамісарыята «Україна», лепш усяляк гэтаму супрацьдзейнічаць. Нацысты разумелі, што УАПЦ можа стаць крокам да незалежнай дзяржавы, а такога не было ў думках захопнікаў.
Аляксандр Іназемцаў, як мітрапаліт УАПЦ
У Пінску абралі іерархаў – стварылі структуру вышэйшага духавенства царквы, зацвердзілі план далейшага развіцця і накіравалі ў Кіеў двух епіскапаў для актывізацыі рэлігійнага жыцця. Некаторыя гісторыкі кажуць пра тое, што на Саборы ў Пінску былі прынятыя і таемныя дакументы.
У прыватнасці, аб падтрымцы беларускага нацыянальнага руху, беларускіх прыходаў, якія часова знаходзяцца ў рэйхскамісарыяце «Украіна».
Прадугледжвалася, што, у выпадку вызвалення ад нацыстаў і недапушчэння назад бальшавікоў, вольная Беларусь і Украіна здолеюць дамовіцца ў тэрытарыяльных спрэчках. Што было пасля Пінскага Сабору? Галоўным чынам да лета 1944 года працягвалася станаўленне УАПЦ, але сітуацыя гэтаму відавочна не спрыяла. Нацыстам, акрамя прапаганды, усе справы царкоўныя былі без патрэбы, а надыходзячая Чырвоная Армія несла парадак, дзе царкве наогул не месца.
РПЦ асудзіла ўсе пінскія і ня пінскія мерапрыемствы УАПЦ, заклеймавала расколам, здрадай. Усведамляючы пагрозу ўласнаму жыццю, ды і аўтакефальнаму руху, іерархі УАПЦ выехалі ў эміграцыю. А што простым вернікам? Зразумелая справа, насельніцтва мела патрэбу ў падтрымцы, шукала выратавання, а царква ў вёсцы, ды і ў горадзе, заўсёды была цэнтрам жыцця. Асабліва ніхто не глядзеў ў падрабязнасці, якой юрысдыкцыі царква – храм і храм, месца святое, пабудаванае далёкімі продкамі.
Люты 1948 года ў Мюнхене
У 1944 годзе Аляксандр Іназемцаў пакінуў Пінск і накіраваўся ў Нямеччыну разам з шэрагам кіраўніцтва УАПЦ. Да гэтай трагічнай гадзіны маці епіскапа Аляксандра Мікалаеўна ўжо не дажыла. Яе ня стала ў красавіку 1943 года.
Пахавалі на старажытных могілках, месца апошняга прытулку захавалася да нашых дзён, а вось сына не… У эміграцыі Іназемцаў склаў з сябе тытул мітрапаліта Украіны і перайшоў пад парадкаванне Расейскай праваслаўнай царквы за мяжой, якая ў хуткім часе адсуне Аляксандра ад рэлігійных спраў. У лютым 1948 года ў адным з гатэляў Мюнхена адбылася загадкавая смерць іерарха праваслаўнай царквы. Аляксандра Іназемцава знайшлі мёртвым у асабістым нумары.
Ёсць версія, што яго забілі савецкія агенты, але як сцвярджае дачка асабістага кіроўца Іназемцава Валянціна Длуга, іерарх памёр з-за таго, што ў яго наўпрост не было сродкаў, каб набыць неабходныя лекі. Так завершылася жыццё адной са знакавых постаццяў у гісторыі адразу некалькіх краін Усходняй Еўропы.
Асоба Аляксандр Іназемцава, ягоныя справы і ўчынкі патрабуюць вывучэння, пераасэнсавання і належнага ўшанавання памяці. Кожны сам выбірае свой шлях у часы ліхалецця, але далёка не кожны можа годна вытрымаць выпрабаванні лёсу і не адмовіцца ад наканаванага лёсам крыжа. Сучасны выгляд рэзідэнцыі епіскапа Аляксандра, цяпер тут цэнтр Пінскай праваслаўнай епархіі.
Пятро Савіч, «Радыё Рацыя»