Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Год непаслухмянай вертыкалі

17.10.2010 политика
Год непаслухмянай вертыкалі

Адвагу схаваць немагчыма. Рана ці позна, але праявіцца яна непазбежна. Нават у шэрым асяроддзі зацюканага чынавенства.

Паверыць немагчыма, якія там сустракаюцца часам смелыя людзі.

Сядзелі неяк перад тэлекамерамі нязменны прэтэндэнт на чарговы прэзідэнцкі тэрмін і кіраўнік ягонай жа ініцыятыўнай групы. І гэты кіраўнік у рангу міністра распавядаў узнёсла свайму кандыдату пра тое, што подпісаў у ягоную падтрымку сабрана ў шэсць разоў болей, чым трэба. Кандыдат быў прыемнаю навіной настолькі ўсцешаны, што загадаў падначаленаму збор подпісаў спыніць. І сапраўды, навошта для рэгістрацыі процьма галасоў, калі дастаткова і ста тысяч. Аднак адважны міністр правіцеля не паслухаў. І зборшчыкі тых самых подпісаў як стаялі на вуліцах, так і стаяць у сваіх безнадзейна самотных пікетах.

Як гэта ўсё зразумець? Адбываецца дзёрзкая дэманстрацыя непаслушэнства? Бунт вертыкалі? Ды не, усё тут нашмат прасцей. У Беларусі ставіцца зараз шыкоўны спектакль пад назваю “Чэсныя выбары”. Разлічаны на запрашэнне замежных гледачоў. Пастаноўку здзяйсняе рэжысэрскі тандэм у асобе ўсё таго ж нязменнага вылучэнца і вядомай вынаходніцы самай дакладнай сістэмы падліку галасоў. Нават першыя яе выказванні наконт задумы электаральнай феерыі абяцаюць відовішча неверагоднае.

Чаго вартыя хоць бы вось гэтыя словы на адрас зборшчыкаў подпісаў: “Им сопутствуют и местные власти для того, чтобы они смогли выполнить то, что требует конституция”. Якая ідылія! Сапраўдная дэмакратыя магчыма толькі пры дыктатуры. Тут жа вышэйзгаданае выказванне падпірае яшчэ і шэсцьдзесят першы артыкул выбарчага кодэксу, які катэгарычна забараняе ўдзел адміністрацый і арганізацый у зборы подпісаў, а таксама яшчэ і які б там ні было прымус.

Але ж у такім разе не можа быць ніякага сумневу і ў тым, што нязменны вылучэнец без надзейнай адміністрацыйнай страхоўкі на снежаньскіх выбарах можа праляцець, як фанера над Парыжам. Ягоныя надзвычай непапулярныя вулічныя пікеты пра тое красамоўна сведчаць. Да таго ж у хуткае вяртанне справядлівасці і роўнасці не дазваляе паверыць і падазроная непаслухмянасць вертыкалі. Ды і паўсядзённая практыка сведчыць пра штосьці зусім іншае. Нібыта ў кандыдата ад улады і тутэйшага чынавенства выбары зусім розныя. Ніхто нікога не чуе і слухаць не хоча.

Работніца “Белшыны”, якая збірала подпісы ў падтрымку кандыдата ад БХД, паведаміла яму, як выклікаў яе на размову намеснік дырэктара па ідэалогіі. На ягоным рабочым стале жанчына ўбачыла сваю ўліковую картку і працоўную кніжку. Строгі начальнік патлумачыў, што подпісы яна збірае ў падтрымку кандыдата апазіцыйнага, а з працаю на прадпраемстве дзяржаўным тое несумяшчальна. І як яна збіраецца жыць, калі адміністрацыя не падоўжыць кантракт?

Гэта выпадак зусім не выключны. Звычайная практыка прымусу, якая выявілася паўсюдна з першых дзён перадвыбарчай кампаніі. Аляксандр Кузняцоў, кіроўца таксі з Віцебску, узначаліўшы ініцыятыўную групу непрыўладнага кандыдата, адразу страціў працу. Таксапарк ягоны належыць не дзяржаве. Але і прыватнікі паспяшаліся падстрахавацца. Яны добра ведаюць норавы ўлады.

Праявы адміністрацыйнага шаленства множацца з кожным днём гэтай нібыта дэмакратычнай кампаніі. А ў Бабруйску адбыўся і ўвогуле дзікі выпадак. Намеснік кіраўніка райвыканкама па ўсё той жа ідэалогіі выклікаў да сябе выхавацельку дзіцячага дома. Аднаго з лепшых, дзе малыя жывуць сапраўднай ся’ёй. Ніякіх заўваг па працы да той жанчыны ў прынцыповага начальніка не было. Але ж яна наважылася збіраць подпісы не ў падтрымку таго, хто пры ўладзе. І начальнік, які абавязаны да апошняй літаркі ведаць выбарчае заканадаўства, настойліва тлумачыў прыёмнай маці, што яе дзіцячы дом – дзяржаўная ўстанова. А таму ні за каго іншага, акрамя правіцеля, яна збіраць подпісы і галасаваць не можа. Калі ж яна на тое не пагодзіцца, то ў яе адбяруць дзяцей. І чхаць яму на тое, што дванаццаць малых яе лічаць сваёй маці.

Які ён неадольны і ўпарты, гэты бунт вертыкалі супраць дэмакратычнай дэмагогіі свайго высокага кіраўніцтва! Чынавенства ведае цудоўна, што ў электаральнай кампаніі вялікага маштабу кожнаму – сваё. Тым, хто наверсе, – плён. Пяць гадоў спакойнага жыцця. А ім, звычайным вертыкальшчыкам, - процьма чорнай працы. Няўдзячная зачыстка тэрыторыі. А ў такім разе, чаго тут цырымоніцца?

У гэтым выбарчым спектаклі прыўладная пастаноўшчыкі могуць рабіць колькі заўгодна рэверансаў на адрас канстытуцыі, запрашаць неймаверную колькасць замежных назіральнікаў і нават асыпаць іх пялёсткамі ружаў. А сутнасць рэжыму застанецца нязменнай. І ў фінале шыкоўнага электаральнага відовішча будзе ўсё тое ж – самкнёныя спіны чальцоў падліковых камісій, якія надзейна схаваюць ад непажаданага позірку усё тое, што будзе адбываецца з бюлетэнямі. Але ці вывезе рэжым стары надзейны конік і гэтым разам?

Венесуэльскі сябар і паплечнік прыслаў незаменнаму кандыдату напярэдадні сваіх нядаўніх выбараў даволі дзіўную тэлеграму. Там ёсць і такія радкі: “У нас пачынаецца цяжкі перыяд жыцця: парламенцкія, а потым яшчэ страшней – прэзідэнцкія выбары”. Палымяны Уга ведае, што гаворыць. І слоў пустых на вецер не кідае.

Здараюцца і ў жыцці дыктатараў выпадкі, калі іх ужо нішто ўратаваць не можа. Нават бунт заўсёды паслухмянай вертыкалі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]