Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гісторык: Выйсьце адно – змагацца за статус бел-чырвона-белага сьцяга

26.10.2017 общество
Гісторык: Выйсьце адно – змагацца за статус бел-чырвона-белага сьцяга

Міністэрства культуры сумняваецца, што БНР абвяшчалі пад нашым нацыянальным сьцягам.

Міністэрства культуры паведаміла, што прапанова аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці бел-чырвона-беламу сьцягу не адпавядае патрабаваньням і ня можа быць разгледжана.

Пра гэта гаворыцца ў адказе міністэрства за подпісам намесьніка міністра Аляксандра Яцко на калектыўны зварот аб наданьні нацыянальнаму сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, зьмешчаны на petitions.by.

Міністэрства спасылаецца на тое, што прапанова і прыведзеная аўтарамі звароту навуковая апрацоўка не адпавядаюць патрабаваньням Кодэксу аб культуры, матэрыялы прадстаўленыя «ня ў поўным аб’ёме». Таксама бракуе мастацкай ацэнкі і асобнага абгрунтаваньня неабходнасьці наданьня статусу.

Паводле ліста зь Мінкульту, прадстаўленая копія схематычнага выгляду бел-чырвона-белага сьцяга «ня можа быць улічана ў якасьці матэрыялаў фіксацыі».

Міністэрства спасылаецца на заключэньне Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, згодна зь якім праблема генэзісу бел-чырвона-белага сьцяга «застаецца недасьледаванай».

«Пытаньне аб тым, пад якім сьцягам адбывалася стварэньне БНР 9 сакавіка 1918 году і абвяшчэньне яе незалежнасьці 25 сакавіка 1918 году, патрабуе спэцыяльнага дэталёвага дасьледаваньня. Ілюстрацыйнага матэрыялу аб гэтых падзеях не захавалася».

Таксама ў лісьце адзначаецца, што прыведзеныя ў звароце матэрыялы навуковай апрацоўкі «маюць фрагмэнтарны характар».

Паводле Нацыянальнага гістарычнага музэя Беларусі, бел-чырвона-белы сьцяг узору 1991–1995 гадоў, які захоўваецца ў яго фондах, «быў перададзены прыватнымі асобамі, а не дзяржаўнымі органамі, з чаго вынікае, што дадзены сьцяг ня мог выкарыстоўвацца ў якасьці Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь у 1991–1995 гадах і непасрэдна не зьвязаны з гістарычнымі падзеямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага або духоўнага разьвіцьця беларускага народа».

Міністэрства таксама паведаміла, што ў яго кампэтэнцыю не ўваходзіць стварэньне каляровага эталёна дзяржаўнага сьцяга ўзору 1991–1995 гадоў.

«Не міністэрства вырашае такога роду пытаньне»

Гісторык Аляксандар Кур’яновіч сказаў карэспандэнту «Свабоды», што адказ Міністэрства культуры «цалкам прадказальны».

У адказах на ранейшыя аналягічныя звароты чыноўнікі заўсёды спасылаліся на «фрагмэнтарнасьць і непаўнату абгрунтаванасьці».

«Гэта дае падставу лічыць, што не міністэрства вырашае такога роду пытаньне. Да таго ж міністэрства чапляецца з фармальнага пункту гледжаньня: адсутнасьць фатаздымкаў і г. д.

Аднак ці пасьлядоўнае само міністэрства? Напрыклад, помнік Калініну ў Менску — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Але як можна расцаніць ролю Калініна ў гістарычным лёсе Беларусі? Цікава пачытаць наконт гэтага заключэньне адпаведнай рады. Тым больш што помнік Калініну датуецца 1978 годам, а статус нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці можа быць нададзены аб’екту толькі пасьля 40 гадоў, г. зн. такі статус помніку Калініна павінен быў быць нададзены не раней за 2018 год».

Аляксандар Кур?яновіч пракамэнтаваў закід Міністэрства культуры, што патрабуецца спэцыяльнае дэталёвае дасьледаваньне таго, пад якім сьцягам стваралі БНР.

«Ведаеце, я прыхільнік наданьня статусу бел-чырвона-беламу сьцягу з пункту гледжаньня існаваньня яго ў якасьці дзяржаўнага ў 1991—1995 гадах, пры ўсёй маёй павазе да БНР. Гэта абвергнуць абсалютна немагчыма. Ён пацьверджаны любымі крыніцамі. Дарэчы, інфармацыя пра 1991–1995 гады ў пэтыцыі займае 90% зьместу, а ў адказе міністэрства пра гэта — ні слова, што лішні раз пацьвярджае палітызаванасьць справы».

Таксама Аляксандар Кур?яновіч лічыць вельмі прыкрым тое, што ў музэі не захоўваецца арыгінальнае палотнішча бел-чырвона-белага сьцяга ўзору 1991–1995 гадоў.

«Гэта зьніжае шансы на наданьне статусу. Выйсьце я бачу такое: змагацца за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу рухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці з адначасовым вырабам яго дакладнай копіі з усімі элемэнтамі: дрэўка, наканечнік. З тэхнічнага пункту гледжаньня гэта ня так цяжка».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]