25-гадовы гісторык-аспірант упэўнены, што мужчына па своёй сутнасці – найперш даследчык і заваёўнік.
Інтэлігенты высокі юнак, нечым падобны да герояў Рэмарка, пасля выхаду з СІЗА вярнуўся да музейнай працы і намагаецца паспець аформіць новыя вітрыны, сабраць матэрыял для манаграфіі па даспеху часоў Рэчы Паспалітай — «пакуль зноў не закрылі»...
Алесю Зімніцкаму 25 гадоў, сам ён паходзіць з Докшыцкага раёна, але зараз жыве ў Мінску. Скончыў Ліцэй БДУ, Гістфак БДУ, Магістратуру БДУ, навучаецца ў аспірантуры Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Паралельна працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі старшым навуковым супрацоўнікам, профіль — даспехі і вайсковы рыштунак.
Пра беларускія музеі, археалогію, рамантыку, грамадскую адказнасць і гераізм Алесь пагадзіўся распавесці чытачам «Новага Часу».
Мужчына — найперш даследчык і заваёўнік
— Адкуль у цябе цікавасць да гісторыі?
— Пасля 6 класу я не паступіў у Сувораўскую вучэльню з-за дрэннага зроку і вырашыў, што вайсковая гісторыя — таксама цікавая рэч, вось і пайшоў па гэтым шляху. Тады я цікавіўся таксама фізікай і матэматыкай, але не зразумеў адной формулы, таму абраў гістфак.
— Шырокі раскід цікавасцяў… Ты ўсё ж такі гуманітарый ці тэхнар?
— Я дагэтуль не вызначыўся (смяецца). Прынамсі, вывучаючы гісторыю, пастаянна ёсць жаданне нешта сістэматызаваць, таму існуюць свае плюсы і ў такой будовы мыслення.
— То бок не абстрактна-павярхоўны падыход да пытання, а…
— Абстрактна-павярхоўна я вершыкі пішу (смяецца).
— Яшчэ і вершы?
— Ведаеш, пакуль знаходзіўся ў СІЗА, заняткаў асабліва не было, дык нешта там крэмзаў.
— Ты таксама рэгулярна ўдзельнічаеш у археалагічных раскопках. Гэта цікавей за працу ў архівах?
— Афіцыйна я ўсё ж такі гісторык, а не археолаг, але так склалася, што «сялянскую душу да зямлі цягне» (смяецца). Калі сур’ёзна, то ў мяне традыцыйнае ўяўленне пра ролю мужчыны ў грамадстве: найперш, гэта даследчык, першаадкрывальнік, заваёўнік. А ў археалогіі матэрыялізуецца інстынкт пошуку нечага цікава — паляўнічы інстынкт, у нейкім сэнсе.
Археалогія — рамантыка, карысная для грамадства
— Як ты ўпершыню трапіў на раскопкі?
— Звычайная археалагічная практыка, якую праходзяць усе студэнты гістфака. Гэта быў 2010 год, ля вёскі Лучна на Дзвіне. Капалі тады неўмацаваную феадальную сядзібу. Зноў жа, археалогія — гэта рамантыка, а там месца «намоленае», краявіды, вогнішча… так і зацягнула.
— З таго часу — кожны год на раскопках?
— Нават не так: той жа восенню, у 2010-м, мяне запрасілі на валанцёрскую экспедыцыю ў Дарошавічы пад Гродна. Там мы, праўда, нічога не знайшлі, хоць мелася быць стаянка каменнага веку (смяецца). Затое, каля сядзібкі, дзе жылі, адкапалі невялічкі скарб — адзін з нешматлікіх у Беларусі позніх скарбаў ужо часоў Другой сусветнай. А так, я рэгулярна стараюся ездзіць.
Нядаўна бачыўся з адным сябрам, які пасля 6-гадовага перапынку з’ездзіў на экспедыцыю валанцёрам, пасля чаго сказаў: «Я шэсць гадоў ездзіў на Мальту, у Грэцыю адпачываць, а тут — такое!» Таму гэта аптымальнае сумяшчэнне занятку, цікавага мне асабіста і карыснага для грамадства.
«Каштоўнасці захоўваюцца дзе давядзецца…»
— Чалавек з тэхнічнымі здольнасцямі можа пайсці праграмістам ці распрацоўшчыкам кампутарных гульняў за добрыя грошы, а тут — музей… Чаму?
— Усё проста: а хто, калі не я?
— Музеі часцяком бачацца нечым кансерватыўным, дзе працуюць людзі, далёкія ад сучаснасці, ты сам сябе адчуваеш там на сваім месцы?
— З аднаго боку, музей бачыцца нечым архаічным, з іншага — без музеяў мы не можам сабе ўявіць культуры паўнавартаснай незалежнай краіны. Свой мастацкі музей, вайскова-гістарычны, шэраг краязнаўчых… без гэтага і дзяржава — не дзяржава. Гэта і мінуўшчына як фундамент суверэнітэту, і пытанне прэстыжу перад суседзямі.
Ёсць і мінусы, напрыклад, малы заробак, які выклікае шалёную ратацыю кадраў. Прыходзяць маладыя людзі, але, адбыўшы сваю адпрацоўку пасля ВНУ, сыходзяць, бо трэба заводзіць сям’ю, якую за музейны заробак не пракорміш. Крыўдна таксама, бо не заўсёды дзяржава ўяўляе, што роля музея — гэта таксама банальнае захаванне каштоўнасцяў. А ў нас ужо не першы дзясятак гадоў каштоўнасці захоўваюцца дзе давядзецца... Вельмі часта экспанаты ляжаць у звычайных скрынях, якія не паспяваюць разбіраць пасля шматлікіх пераездаў, альбо ў сховішчах, якія не адпавядаюць тэхнічным патрабаванням.
— Апошні момант — гэта пытанне набыцця новых вітрынаў пад экспанаты?
— Гэта пытанне недафінансаванасці культуры як такой. Калі браць заходнія музеі, дык там, найперш, сам будынак выклікае захапленне і з’яўляецца каштоўнасцю. Там змяняецца і пастаянная экспазіцыя, і тэматычныя выставы. Людзі ходзяць у музеі раз за разам, бо калі ты не быў там год, то, калі прыходзіш у чарговы раз, бачыш нешта новае — табе зноў цікава.
Ёсць прыклад таго ж Ульмаў Германіі, дзе працуюць два цалкам розныя музеі. Адзін у ратушы — гэта музей архаічнага тыпу, іншымі словамі, склад. Заходзіш туды, і не ведаеш, на што глядзець, настолькі шчыльна там развешаныя па сценах алебарды, кірасы, расстаўлены па шафах срэбраны посуд і г.д. Кожны сантыметр нечым заняты! Усяго так шмат, што ты не можаш разглядзець асобныя рэчы.
Іншы музей — ва ўніверсітэце. Па фондах ён нашмат бяднейшы за ратушу, бо гэта знаходкі студэнтаў падчас раскопак. Але там можна правесці часу больш, чым у ратхаўзе, настолькі цікава ўсё зроблена! Безліч схемаў, малюнкаў, усё зразумела, нават калі не валодаеш нямецкай мовай. Экспазіцыя пабудаваная на тым, што калі ёсць арыгінальная спражка, то пад яе зробяць малюнак альбо манекен, каб ты ўяўляў, як гэта выглядала сотні год таму.
Музей ВАВ — гэта цалкам еўрапейскі ўзровень
— Такім чынам, галоўнае — не багацце экспанатаў, а спосаб данесці да гледача, інтэрпрэтацыя і падача?
— Экспанаваць можна і адну рэч, і рабіць гэта крута. Багатыя фонды ці не — гэта не так важна. Сэнс у тым, каб экспанат хаця б захоўваўся ў нармальных умовах, каб перажыць людзей, якія яго бачаць сёння. Па-другое — ён мае быць навукова вывучаны, бо Нацыянальна-гістарычны музей — не шараговы краязнаўчы. Тут экспанат — гэта яшчэ і навуковая крыніца. А як вывучаць, калі толькі за тры гады маёй працы фонды пераязджалі з месца на месца некалькі разоў? Дзе знайсці час займацца навукай, калі супрацоўнік працуе і грузчыкам, і ўпакоўшчыкам?..
— Пытанне прафана: ці праўда, што беларускія музеі бедныя, бо за стагоддзі ўсё расцягнулі на Усход ці Захад?
— Канешне, нам цяжка раўняцца на Луўр ці Эрмітаж, але і ў нас пры жаданні можна знайсці шмат цікавага. Пры гэтым, экспазіцыі можна рабіць наўпрост надзвычайныя, апрацоўваючы тое, што ёсць, — як у выпадку з універсітэцкім музеем Ульма. Ёсць у нас і вельмі багатыя музеі, той жа Музей ВАВ: па сваёй тэме там агромністая ўнікальная калекцыя, цалкам еўрапейскі ўзровень.
— Ці мае музей нейкую місію?
— Трансляваць дух мінуўшчыны сучаснікам, мабыць, і ёсць місіяй музея. Гэта атрымліваецца, няхай не заўжды так, як хацелася б, але працэс ідзе. Не варта забывацца, што мы выконваем і функцыю адукацыйнай установы, бо вялікае мноства наведнікаў — школьнікі. Кожны клас мінскай школы на нейкім уроку гісторыі прыходзіць у музей: дзеці пагарталі падручнік, паглядзелі ілюстрацыі, а тут — бачаць усё на ўласныя вочы. У спалучэнні з працай настаўніка і прафесіяналізмам экскурсавода — гэта дае плён. Праца з замежнікамі — гэта асобны накірунак: так мы дэманструем рэтраспектыўнае бачанне беларускай дзяржаўнасці.
— Што можна зрабіць, каб удасканаліць тую ўстанову, дзе ты працуеш?
— Больш інтэрактыву, медыйных тэхналогіяў, рэкламы. У польскіх музеях мне спадабалася, што некаторыя рэчы, напрыклад, копію шчыта, можна ўзяць у рукі, пафатаграфавацца, «бахнуць сэлфі» і выкінуць у фэйсбук. Адначасна гэта і рэклама для музея, і цікавостка для госця.
На тую ж «Ноч музея» можна запрашаць рэканструктараў. Дзеці любяць гаджэты, а ёсць той жа Кастусь Шыдлоўскі, які аднаўляе васковыя таблічкі, што выглядаюць фактычна як планшэт, але тысячагадовай даўніны. З гэтым таксама можна гуляцца, раскручваць, чаму не? Хай дзеткі пішуць стылом на воску, бавяцца — гэта ж успамін на ўсё жыццё.
«Ніколі не думаў, што патрымаю ў руках карабін Сабескага»
— Што б ты сказаў крытыкам, якія лічаць, што ў стагоддзе тэхналогіяў захаванне арыгінальных прадметаў — гэта перажытак, маўляў, усё можна алічбаваць, стварыць 3D-мадэлі ды разглядаць у любой кропцы свету?
— Акрамя нейкай рамантычнай функцыі, «жывы прадмет» — гэта доказ таго, што рэч наўпрост існуе ў рэальнасці, а не толькі ў нейкай віртуальнай прасторы. Калі ты працуеш у музеі як даследчык — гэта ўжо нясе і цалкам навуковую функцыю. Здаецца, Ф. Андрашчук пісаў у кніжцы пра скандынаўскія мячы, маўляў, любы меч можна замаляваць, сфатаграфаваць, узважыць, правесці максімум аналізаў матэрыялу, але тэхналогіі не стаяць на месцы.
Хто ведае, магчыма, праз 50 ці 100 гадоў з’явіцца тэхналогія, дзякуючы якой з прадмета можна будзе выцягнуць яшчэ больш інфармацыі? А калі мы зараз усё сфатаграфавалі, алічбавалі, а сам артэфакт прадалі ці выкінулі на сметнік — нам наўпрост не будзе з чым працаваць. Рэальнасць заўсёды цікавейшая за віртуальнасць.
— Ці былі нейкія экспанаты, якія выклікалі трымценне: трымаў ажно дрыжачымі рукамі?
— Ніколі не думаў, напрыклад, што патрымаю ў руках карабін Яна Сабескага — гэта сапраўды некалі ўразіла. Мая слабасць — гэта даспех. Канешне, я ў кірасах не сплю і не хаджу на працу (смяецца), але цікава было даведацца, што шмат даспехаў часоў Рэчы Паспалітай захоўваецца ў нашым музеі, пры гэтым, фактычна дзесяцігоддзямі імі ніхто не цікавіўся і не займаўся. Гэта і кірасы, і турнірныя элементы, і шаломы — багата ўсяго. А дзе да гэтага можна дакранацца штодня, калі ты не заможны калекцыянер? Толькі ў музеі.
Дружына — гэта зародак дзяржавы?
— Чым ты займаешся ў навуковым плане? Я наконт вучобы ў аспірантуры…
— Цалкам тэма гучыць як «Дружына ў працэсе палітагенеза на балта-славянскім памежжы ў Х–ХІІІ стагоддзях» Прасцей кажучы, старажытная дружына і адносіны з ранняй Літвой. Справа ў тым, што калі насельніцтва выбірала сабе князя альбо запрашала, як Рурыка, ён прыходзіў са сваёй камандай, якая мелася валадарыць на тэрыторыі. Гэта і кіраванне, і падаткаабкладанне, і судовая функцыя… То бок, дружына — гэта не толькі «брыгада», якая «крышавала» кагосьці, але і зародак дзяржаўных інстытутаў, на той час яна выконвала дзяржаватворную функцыю.
— Чаму менавіта гэтая тэма?
— Цікава было, што такое дзяржава па сваёй сутнасці і як яна з’явілася на нашых землях. Вядома, беларуская нацыянальная дзяржава з’явілася ў ХХ стагоддзі, але нашы карані — у Полацкім і Турава-Пінскім княствах, ВКЛ — гэта наша гісторыя. Важна даносіць да людзей, што наша мінуўшчына — старажытная, цікавая і багатая на падзеі. Гэта і ёсць фундамент нашай незалежнасці.
Любая з’ява мае сваю перадгісторыю. І ў нашай гісторыі таксама ёсць як «Новы запавет», так і «Стары», у якім не заўжды ўсё проста. Але гэта як абавязковая прадмова ў кніжцы, без якой цяжка зразумець працэсы, што адбываліся пасля.
Сціплы ўнёсак у дабрабыт грамадства
— Сярод тваіх цікавасцяў таксама валанцёрства ў Чырвоным Крыжы… Чаму?
— Пачну здалёк, троху пафасна. Дзяржава — гэта вышэйшая форма самаарганізацыі грамадства. У антычнасці ўсё было прасцей: ты плаціў падаткі, а ў выпадку вайны ішоў бараніць поліс — твая дзяржава заканчвалася за яго сценамі. Зараз гэтае паняцце досыць размытае, кожны чалавек жыве ў дзяржаве, карыстаецца бонусамі, часам ходзіць на выбары, калі яму цікава. Пры гэтым, ёсць шмат іншых момантаў, за кошт якіх жыве грамадства, — гэта незаўважныя і часам дробныя рэчы, якія мае рабіць кожны.
Для мяне пайсці валанцёрам у Чырвоны Крыж было выкананнем пэўнага грамадзянскага абавязку. Грамадства мне дае нейкія правы і бонусы, я маю даць нешта ў адказ. Улічваючы зменлівую сітуацыю ў свеце, умець аказаць першую дапамогу бліжняму свайму — гэта той навык, якім мае валодаць кожны, не толькі адмысловец. Добра, калі гэтыя веды не спатрэбяцца табе ніколі ў жыцці, але можна здарыцца адзін выпадак, калі без іх нехта (альбо нават ты сам) наўпрост не выжыве.
Гэта тое, што цябе не абцяжарвае, але можа быць дужа карысным. На практыцы аказваецца, што дапамагчы бліжняму гатовы далёка не кожны, а ведамі для гэтага валодае яшчэ менш людзей. Так я прыйшоў да высновы, што навучыцца самому, а пасля перадаць гэтыя навыкі іншым магло б быць маім сціплым унёскам у стабільнасць і дабрабыт грамадства і дзяржавы.
— Як даўно ты гэтым займаешся?
— Каля пяці гадоў. Спачатку прыходзіш валанцёрам, слухаеш семінар, выходзіш з пэўнымі ведамі. Пасля, калі бачыш навіны пра нейкія здарэнні ці канфліктныя сітуацыі, то ты пракручваеш у галаве: а як бы дзейнічаў сам? Як дапамагчы людзям у пэўных умовах? Так пачынаеш нешта пачытваць, а табе ўжо прапаноўваюць інструктарскія курсы — гэта ўжо не толькі дадатковыя веды для сябе, але магчымасць вучыць і іншых, адкрываць гэтую сферу для сяброў. Пытаюцца: «А колькі гэта часу?» А гэта ўсяго толькі семінар на адзін дзень, не так і шмат. Было б жаданне!
— Асновы першай дапамогі нам усім, здаецца, выкладалі яшчэ ў школе…
— Так, а пасля яшчэ ва ўніверсітэце. Але калі ў аўдыторыі сядзіць 20 маладых людзей, якія думаюць, як хутчэй пайсці піва папіць, — плёну, па-шчырасці, не багата. А на семінары «Чырвонага Крыжа» прыходзяць ужо ад пачатку матываваныя людзі, адпаведна, з цікавасцю слухаюць, задаюць пытанні. Яны ўжо ведаюць: умець аказаць дапамогу і дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі — гэта і важна, і крута!
«На свабодзе хачу шмат чаго паспець…»
— Можа, падзелішся планамі на жыццё?
— За тры месяцы ў зняволенні ў мяне прачнуўся пэўны трудагалізм (смяецца). Паколькі справа яшчэ не завершаная, скласціся ўсё можа па-рознаму, я хачу паспець, пакуль я на свабодзе, рэалізаваць некалькі праектаў у плане музейнай працы. Гэта даследчыцкая праца па даспехах XVI–XVII стагоддзяў, у ідэале — падрыхтоўка манаграфіі. Таксама хачу папрацаваць на ўдасканаленне пастаяннай экспазіцыі музея, паўдзельнічаць у афармленні новых вітрынаў: па беларусах у вайне 1812 года, напрыклад.
— То бок, ты па-іншаму пачаў ставіцца да свайго часу?
— Так, бо зразумеў, што час — гэта рэсурс і пэўны капітал, да якога варта ставіцца сур’ёзна і адказна. Наогул, за перыяд знаходжання ў СІЗА я паспеў асэнсаваць шмат якія рэчы.
Героем быць нескладана: можна памерці за Радзіму, можна адседзець у турме — гэта можа кожны, хто мае ўнутраны стрыжань і акрэсленыя прыярытэты. Іншая справа, гэта лямка адказнасці, якую ты цягнеш штодня, а таксама тысяча маленькіх каменьчыкаў, якімі ўмацоўваеш краіну і нацыю. Памятаеце, як казаў бургамістр у фільме «Той самы Мюнхгаўзэн»: «А я на працягу 20 гадоў кожны дзень з раніцы іду на працу — я не скажу, што гэта подзвіг, але нешта гераічнае ў гэтым ёсць!» (смяецца).