Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Барысаве пачалі свядома вывучаць родную мову

02.11.2017 общество
У Барысаве пачалі свядома вывучаць родную мову

Наведвальнікі курсаў «Мова нанова» распавялі пра тое, што падабаецца ў занятках і чаму барысаўчане вырашылі паўтарыць родную мову.

Барысаў стаў 14 горадам, дзе распачаліся бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова нанова». Ужо адбылося тры сустрэчы, за гэты час вучні паспелі паўтарыць тэмы акання, перыфраза, падаўжэнне зычных, паўдзельнічалі ў цікавых гульнях, піша ex-press.by.

Першыя заняткі выкладаў Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, барысаўчане ўзгадалі тэму сваякі і даведаліся, хто такія дзядзіна, братаніч, сват, свацця, перастарак і іншыя, а музыка Сяргей Доўгушаў (гурт Vuraj) паказаў усе свае інструменты (а іх было даволі шмат) і заспяваў цудоўныя песні на роднай мове.

На другім занятку студэнты разабраліся з перыфразай і ўзгадалі, што бульба — гэта даўняя спадарожніца беларуса, другі хлеб, вясна жыцця — маладосць, сардэчны пажар — каханне, а менеджер па лагістыцы і адгрузцы — грузчык..

Трэцяя сустрэча была прысвечана мастацтву, таму госцяй стала Святлана Швайбовіч, якая распавяла пра лянцаванне, нават зрабіла кветачку за некалькі хвілін, паказала прыгожыя сукенкі, якія яна робіць з воўны і якія каштуюць не меней 300$. Усе вучні зрабілі сабе на памяць пяцёркі. Як сказала Святлана, яны прынясуць удачу.

На наступныя заняткі ўжо запрасілі музыкаў — ўсіх чакаюць танцы. У хуткім часе на курсы зноў завітае Глеб Лабадзенка.

Дарэчы, курсы былі запачаткаваныя ў Менску філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам яшчэ ў студзені 2014 года. Зараз яны дзейнічаюць у 15 гарадах краіны: у Менску, Астраўцы, Бабруйску, Баранавічах, Берасці, Віцебску, Гародні, Гомелі, Магілёве, Маладзечне і Светлагорску, Рэчыцы, Барысаве, Салігорску. Штотыдзень курсы наведвае каля 700 студэнтаў, за тры гады выдадзена больш за 2200 студэнцкіх білетаў.

Пра тое, што падабаецца ў занятках і чаму барысаўчане вырашылі паўтарыць родную мову, распавялі наведвальнікі курсаў.

Юлія, маладая маці:

— Пра курсы "Мова нанова" я чула яшчэ тады, калі вучылася ў Менску, але магчымасці іх наведваць не было. Зараз я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку і ў мяне есць дзве вольныя гадзіны на беларускую мову ў Барысаве. Больш за ўсе мне падабаецца тое, што курсы наведваюць людзі рознага ўзросту: ад дзяцей да ўжо сталых жанчын і мужчын. Я называю іх "самымі матываванымі беларусамі" і рада, што цікавасць да беларускай мовы і культуры з кожным годам павялічваецца. На занятках хацела б пабачыць Лявона Вольскага і кагосьці з сучасных беларускіх пісьменнікаў ці работнікаў выдавецтваў.

Сяргей, музыка:

— Тут я дзеля руху, мне гэта цікава, таму што ў Барысаве амаль нічога не адбываецца, так часам танцы яшчэ. Заняткі не прапускаў, жыву побач, чаму не схадзіць, але адзначу, што ў першы дзень спадабалася больўш за ўсё, бо прыязджаў Глеб Лабадзенка, музыка Сяргей Доўгушаў з гурта Vuraj, атрымалася вясёлая і вельмі цікавая сустрэча. Канешне, было б цудоўна, каб запрашалі таленавітых і вядомых людзей. У жыцці намагаюся размаўляць на роднай мове з сябрамі і з жонкай, чытаю зараз толькі па-беларуску, у краме магу сказаць “дзякуй”.

Зміцер, інжынер:

— У мяне ёсць вольны час, а нават калі б не было, я б імкнуўся сюды, бо для горада і для мяне асабіста гэта адметная справа. Я рад, што курсы прыйшлі да нас у Барысаў. Вельмі не хапае беларускамоўнага асяроддзя ў жыцці, таму тут на сустрэчах ёсць цудоўная магчымасць паразмаўляць і пажартаваць па-беларуску. На першым занятку было вельмі шмат людзей, не дачакаўся музыкі, бо прыйшоў з маленькай дачкой. Усё падабаецца, буду далей наведваць. У паўсядзённым жыцці намагаюся размаўляць па-беларуску, з дзіцём спяваю песні, чытаю казкі, у краме выкарыстоўваю родныя словы, каб распаўсюдзіць мову.

Вера, настаўніца тэатральных дысціплін:

— Сюды я хаджу таму, што гэта крутая прастора, дзе можна паразмаўляць па-беларуску. Напрыклад, на працы я не магу гэтага зрабіць, ёсць пэўныя пытанні,і ў першую чаргу гэта не вельмі зручна псіхалагічна. Тут ты бачыш людзей, якія цікавяцца роднай культурай і мовай, можна знайсці аднадумцаў. Буду наведваць далей, вельмі цікавы быў першы занятак з беларускім спеваком, мне падабаецца, што мы вывучаем, як мова жыве.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]