Жыцьцё стогадовага беларуса на фоне гісторыі краіны.
Ёсіф Прыгодзкі нарадзіўся ў Расеі ў 1917 годзе. У школу ён пайшоў у Польшчы. У Савецкім Саюзе ў яго нарадзілася дачка. Апошнія 26 год ён жыве ў Беларусі. За сваё 100-гадовае жыцьцё ён пяць разоў зьмяняў грамадзянства. Усе 100 год ён пражыў у сваёй хаце ў вёсцы Гейстуны пад Ашмянамі. Дзед Ёсіф нікуды ня езьдзіў, але да яго ў вёску штораз прыходзіла ўлада то нямецкага кайзера Вільгельма, то Пілсудскага, Сталіна, Гітлера і ўрэшце — Лукашэнкі. У сотую гадавіну рэвалюцыі журналісты svaboda.org параўналі, якім было гэтае стагодьдзе для Беларусі і для Ёсіфа Прыгодзкага.
1917 У сям’і Прыгодзкіх нараджаецца другі сын
Пакуль у Петраградзе праходзілі перавароты — лютаўскі, а потым кастрычніцкі, — заходняя частка Беларусі заставалася пад нямецкай акупацыяй.
Ішоў чацьвёрты год Першай усясьветнай вайны, калі ў сям’і Прыгодзкіх зь вёскі Гейстуны Ашмянскага павету нарадзіўся другі сын. У касьцёле ён быў запісаны «J?zef Przygodski». Праз 50 год атрымаў пашпарт на імя «Иосифа Иосифовича Пригодского». Але родныя зь дзяцінства і праз усё жыцьцё завуць яго «Юзю?к». Для суседзяў-вяскоўцаў ён Юзюк Карусін. Карусіны — гэта мянушка сям’і. Традыцыйна на вёсцы называлі адзін аднаго не па прозьвішчах, а па мянушках. У кожнай — свая гісторыя. Юзюкава сям’я сваю атрымала ў гонар маці — Караліны, ці Карусі, як яе называлі ў Гейстунах.
1918 Памірае бацька дзеда Юзюка
25 сакавіка 1918 у Менску абвяшчаецца Беларуская Народная Рэспубліка — «незалежная і вольная дзяржава».
У той жа год ад запаленьня лёгкіх памёр Юзюк Прыгодзкі-старэйшы.
Маці Каруся засталася ўдавой, гадавала двух сыноў — Чэся і Юзюка.
Яна пражыла да 90 гадоў.
1924 Дзед Юзюк пайшоў у першую клясу
На пачатку 1920-х гадоў польскія ўлады расьсяляюць па ўсёй Заходняй Беларусі асаднікаў — былых польскіх вайскоўцаў, надзяляючы іх зямлёй. На 1924 год прыпалі масавыя мітынгі супраць асадніцтва ў беларускіх гарадах і мястэчках.
У 1924 годзе дзед Юзюк пайшоў у першую клясу польскай школы. Спачатку ў Гейстунах настаўнікі вучылі дзяцей у хатах. Але потым вяскоўцы «злажылі грошы і паставілі школу на выгане». Тая хата на краі вёскі і сёньня стаіць. За Саветамі са школы зрабілі клюб. Цяпер там нічога няма, хата развальваецца.
Дзед Юзюк мае чатыры клясы польскай школы. Гэта адзіная ў ягоным жыцьці адукацыя. Вучыўся дзед «слаба», як ён сам кажа. Але дачка Ірына запэўнівае, што бацька дапамагаў ёй з матэматыкай.
Школьны год у дзеда Юзюка, як і ў многіх ягоных аднаклясьнікаў, пачынаўся ня першага верасьня, а ў кастрычніку ці лістападзе. Пакуль на полі была трава, вясковыя дзеці пасьвілі кароў ды гусей. А зь першай травой увесну сыходзілі са школы.
«Няма калі вучыцца, бо трэба было рабіць», — кажа дзед Юзюк.
1935 Прыгодзкія прадаюць карову, каб аплаціць лекаваньне дзеда Юзюка ў Вільні
12 траўня 1935 году ў Польшчы была прынятая так званая «красавіцкая» Канстытуцыя, якая замацавала аўтарытарную сыстэму кіраваньня ў краіне.
У той год у дзеда Юзюка стала «калаватая» правая рука. Ён упаў з гумна і выбіў плячо. Спачатку зьезьдзіў да лекара ў Гальшаны, потым — у Ашмяны. Урэшце яго адправілі ў шпіталь у Вільню, зрабілі апэрацыю на плячо. Цэлы месяц дзед Юзюк правёў у шпіталі. Адзін дзень стацыянару каштаваў 5 злотых. Каб заплаціць 150 злотых за лекаваньне, маці Каруся прадала карову.
Выбітае плячо — адзіная сур’ёзная траўма дзеда Юзюка. І ў 100 год ён сябе добра адчувае. Ціск такі, што хоць у космас пасылай, кажа дачка Ірына. Сама яна і ейны зяць ходзяць з кіямі, а дзед — без. Летась ён перанёс апэрацыю на жоўцевы пузыр: даставалі камяні. А сёлета ўжо касіў траву на двары, сек дровы. У дзеда Юзюка добры зрок, ён чытае без акуляраў. Адзіная скарга на здароўе — слабы слых. Каб дзед што пачуў, трэба моцна крычаць. Ён быў меў слыхавы апарат, але пасьля адмовіўся ад «слухавак», бо ціснуць на галаву.
1939 Дзед Юзюк купляе першы ровар — «Niemen»
У верасьні 1939 году ў Гейстуны прыйшлі «першыя Саветы». Гітлер і Сталін падзялілі між сабой Польшчу. Гэта быў пачатак Другой усясьветнай вайны.
Яшчэ да прыходу «Саветаў» дзед Юзюк пасьпеў займець першы ў жыцьці ровар. У 1939 годзе вярнуўся з войска ягоны брат Чэсь, і браты набылі адзін ровар на дваіх. Гэта быў «Niemen» — ровар гарадзенскай вытворчасьці. Праз усё жыцьцё той «Niemen» быў адзіным уласным транспартам дзеда Юзюка. Роварам ён езьдзіў за 20 кілямэтраў у Ашмяны, за 60 км — у Маладэчна.
«Дужы ровар быў, я доўга езьдзіў, — кажа дзед Юзюк. — Да 1970 году езьдзіў. А потым кінуў».
Ні матацыкла, ні машыны Прыгодзкія ніколі ня мелі. Дзедава жонка езьдзіла таксама на ровары — «дамачцы». Калі дзед Юзюк «кінуў ровар», то езьдзіў аўтобусам ды цягніком да сваякоў у Горадню ці ў Краснае пад Маладэчнам. Але цяпер дачка і зяць баяцца за дзеда, далёка аднаго не адпускаюць.
1944 Дзед Юзюк ідзе на вайну і атрымлівае падзяку ад Сталіна
Чырвоная Армія цягам усяго 1944 году выціскала нямецкія войскі зь Беларусі. 7 ліпеня 1944 году быў вызвалены Ашмянскі раён.
Праз траўму рукі дзеда Юзюка не прызывалі ў польскае войска ў 1930-я гады. А ў савецкую армію ён трапіў. Служыў у 7-м асобным матарызаваным інжынэрна-сапёрным батальёне 1-й арміі Войска Польскага. Гэта вайсковае падразьдзяленьне, створанае з палякаў у Савецкім Саюзе.
«Служылі палякі, а камандавалі рускія», — кажа пра яго дзед Юзюк.
Разам са сваім сапёрным батальёнам дзед Юзюк дайшоў да каналу Одэр-Гафэль ва ўсходняй частцы Нямеччыны. Ён наводзіў пантонныя масты, разьмініраваў палі. За подпісам Ёсіфа Сталіна мае мэдаль «За вызваленьне Варшавы», «За Одэр, Нісу і Балтыку», бронзавы «Крыж заслугі».
Таксама ў 1-й арміі Войска Польскага ваяваў ягоны брат. Але Чэсь не вярнуўся з вайны. Як паведамілі маці, ён трапіў у палон, а пасьля зьнік бязь вестак.
Служба ў войску — адзіны выпадак, калі дзед Юзюк трапіў за мяжу. Пасьля дэмабілізацыі ў 1946 годзе ён ні разу не выяжджаў далей за Менск ці Вільню, пакуль тая была ў складзе СССР.
1953 У дзеда Юзюка і ягонай жонкі Юзэфы нараджаецца дачка Ірына
Ёсіф Сталін, кіраўнік СССР, памірае 5 сакавіка 1953 году.
Дзеду Юзюку было 36, калі ён пабраўся шлюбам. Як выкапалі бульбу, сваты завезьлі Юзюка ў вёску Гудаўшчыну да ягонай цёзкі Юзэфы. Нявеста была маладзейшая за жаніха на сем год.
«А халера яго ведае, чаго не жаніўся раней, — кажа дзед Юзюк. — Трэба было рабіць, тутака работы было».
Праз год нарадзілася дачка Ірына. У 1956 годзе дзед Юзюк пабудаваў новую хату ў Гейстунах на месцы старой бацькавай. Дрэвы на хату пілавалі разам з жонкай. Будаваў разам з суседам.
І цяпер дзед Юзюк пераймаецца, што не пабудаваў хату ў суседніх Барунах. Баруны — былое мястэчка, а за савецкім часам вялікая вёска. Праз Баруны праходзіць шаша, там быў сельсавет, касьцёл, 8-гадовая школа, больш працы і транспарту.
«Я ж дурны быў», — шкадуе дагэтуль дзед Юзюк.
1960 Дзед Юзюк атрымлівае пашпарт, ад таго часу лічыцца беларусам
Нягледзячы на палітычную адлігу «часоў Хрушчова», у БССР у 1960 годзе пачынаецца русыфікацыя школ.
Да 1974 году калгасьнікі ня мелі пашпартоў. Яны не маглі свабодна пераяжджаць у іншыя мясьціны, былі прывязаныя да сваіх вёсак і рабілі задарма ў калгасах. Іншая была сытуацыя ў саўгасах. Там плацілі хоць нейкі мінімальны заробак, працаўнікам выдавалі пашпарты. У 1960 годзе дзед Юзюк перайшоў з калгасу імя Сталіна ў саўгас «Гальшаны» і ўпершыню займеў савецкі пашпарт.
Новы пашпарт зьмяніў нацыянальнасьць дзеда Юзюка. Дагэтуль ён лічыўся палякам. Як паляка ў 1944 годзе яго прызвалі ў Войска Польскае, а не ў Чырвоную Армію. Па новым пашпарце дзед стаў беларусам.
Гаворыць дзед па-беларуску, але пісаць і чытаць яму прасьцей па-польску. Кім жа ён сябе лічыць, дзед Юзюк не адказвае.
«Я ж быў як паляк некалі. А прыйшлі Саветы, дык я толькі па-беларуску мушу. Як зрабілі, так зрабілі», — кажа дзед Юзюк.
1961 У хаце Прыгодзкіх зьяўляецца электрычнасьць
12 красавіка 1961 году гейстунцы пачулі па радыё, што ў космас паляцеў першы чалавек — грамадзянін СССР Юры Гагарын.
У самой жа вёсцы ў той самы год толькі зьявілася электрычнасьць. Радыё было яшчэ ад 1950-х, а вось электрычнасьць тут пабачылі толькі ў эпоху космасу.
Гэта апошнія выгоды, якія займеў дзед Юзюк у сваім жыцьці. Да 2017 году ў іхняй хаце няма каналізацыі, газ — толькі прывазны ў балёнах, прыбіральня, як і сто гадоў таму, — на вуліцы. Асфальту ў Гейстунах таксама няма. Толькі частка вуліцы забрукаваная. Гэта брук, які самі жыхары пасьпелі пакласьці пры Польшчы. Дзед Юзюк кажа, што быў загад уладаў, каб кожны чалавек забрукаваў частку дарогі перад сваёй хатай.
У той жа год дзед Юзюк пачынае вучыць расейскую мову. Па буквары разам з дачкой Ірынай, калі тая пайшла ў першую клясу. Маючы польскую адукацыю, ён ня ведаў пісьмовай расейскай мовы. Нават калі пайшоў працаваць брыгадзірам у калгас у 1950-х гадах, усе дакумэнты пісаў па-польску. Калі зь Менску прыслалі новага старшыню калгасу, дзедаў сябра ў калгасе перакладаў для старшыні, што пісаў дзед Юзюк.
Сёньня дзеду Юзюку таксама больш зручна пісаць і чытаць па-польску. Часам ён нават піша «польскімі» літарамі па-расейску. Але гаворыць дзед Юзюк на чыстай беларускай мове. «Папросту», як ён яе называе.
1965 У хаце дзеда Юзюка зьяўляюцца газавая пліта і тэлевізар
У БССР зьмянілася кіраўніцтва. Пятро Машэраў прыйшоў на зьмену першаму сакратару ЦК КПБ Кірылу Мазураву. Першая пяцігодка пры Машэраву якраз прыпала на касыгінскую рэформу і была названая «залатой» — настолькі пасьпяховай яна аказалася.
У гэты час Прыгодзкія таксама пачынаюць абжывацца. Яны набылі газавую пліту. Яшчэ з 50-х гадоў яны карысталіся і газавай плітой, і печчу. У печы пяклі пірагі, варылі бульбу сьвіньням у чугунах. Але гадоў дзесяць таму печ разабралі.
«Бо шмат мейсца займае», — кажа дачка Ірына.
Ірына з мужам Францам жывуць зь дзедам Юзюком. Яны прыглядаюць за 100-гадовым бацькам, гатуюць яму есьці. Больш за ўсё дзед любіць звычайныя стравы з бульбы: вараную бульбу з кефірам ці малаком, тоўчаную бульбяную кашу са скваркамі і цыбуляй.
«Як няма ўвечары бульбы, яму ўжо гэта ня ежа», — кажа зяць Франц.
Таксама ў дзедавым рацыёне — адвараныя скваркі, халаднік на кефіры і верашчака. А сучасных рэцэптаў ён не прызнае. Усе нетрадыцыйныя стравы, пачынаючы з адбіўных і заканчваючы слодычамі, ён называе «фрыштыкамі».
«Трэба меней есьці, — такая дзедава парада, як дажыць да 100 гадоў. — Не курыў зусім. І водкі мала піў».
1978 Дзед Юзюк выходзіць на пэнсію
У 1978 годзе ў БССР прымаюць чацьвёртую па ліку Канстытуцыю. Новы закон засьведчыў, што ў краіне пабудавалі разьвіты сацыялізм. Разам зь іншымі савецкімі рэспублікамі ў БССР працягвалі змагацца за перамогу камунізму.
Акурат у той год дзед Юзюк сышоў са сваёй апошняй працы. Яму быў 61 год, калі ён нарэшце выйшаў на пэнсію. Па дакумэнтах дзед Юзюк мае стаж 28 год. Але гэта толькі час, калі ён рабіў у калгасе: паляводам, прычэпшчыкам, трактарыстам і кавалём.
Цяпер з усімі надбаўкамі і прэміямі дзед Юзюк атрымлівае больш за ўсіх у сям’і — у яго пэнсія 466 рублёў. Дзеці з унукамі называюць яго «залатым», бо гэтыя грошы моцна дапамагаюць унукам.
«Беднымі яны не лічыліся, але ня надта і багатыя, — кажа Ірына пра дастатак сваіх дзядоў у міжваенны і савецкі час. — Залатая сярэдзіна».
Да калгасаў Прыгодзкія мелі 12 гектараў зямлі зь лесам. Іхнія «шнуры», як называлі палоскі зямлі, былі каля самай хаты ў Гейстунах. Калі брат Чэсь не вярнуўся з вайны, дзед Юзюк і маці Каруся не давалі рады з гаспадаркай, а таму яшчэ наймалі батракоў.
«Тата кажа, што дурныя былі, — пераказвае словы дзеда Юзюка Ірына. — Меўшы свой лес, жылі ў такіх малых хатах».
Калі прыйшлі Саветы, Прыгодзкіх не раскулачвалі, бо яны самі здалі ўсё ў калгас. Ірына памятае часы, калі ў гаспадарцы нельга было трымаць больш за адну сьвіньню і адну карову. Але вяскоўцы рабілі схроны ў хлявах, дзе трымалі другую сьвіньню. Калі прыходзіла праверка, Ірына залазіла ў схрон да сьвіньні і гладзіла яе, каб тая ня рохнула.
2007 Дзед Юзюк здае апошнюю карову
У сьнежні 2007 году ў Менск прыехаў Уладзімір Пуцін, а праз два тыдні Беларусь атрымала расейскі крэдыт на 1,5 мільярда даляраў.
У гэты час зяць Франц атрымаў 2 групу інваліднасьці праз хваробу сэрца. Працаваць яму нельга, а таму здалі апошнюю карову — 18-гадовую Красулю, чырвоную зь белымі плямамі.
Раней Прыгодзкія мелі каня і дзьве каровы. Здавалі малако, гадавалі быкоў. У 1990-я толькі за кошт сваёй гаспадаркі і можна было пражыць. Цяпер у іх толькі куры і трусы. На большае няма сіл.
2010 Памірае апошні сябар дзеда Юзюка
19 сьнежня 2010 году ў Беларусі чацьвёрты раз прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка. У дзень выбараў у Менску прайшлі масавыя акцыі пратэсту, за адну ноч затрымалі больш за 600 чалавек, у тым ліку 7 зь дзесяці кандыдатаў у прэзыдэнты.
У той жа год памёр апошні сябра дзеда Юзюка — Стась. Ён быў старэйшы за Юзюка на тры гады. Таксама быў на вайне, але трапіў у палон, быў на працах у Нямеччыне. У савецкія часы яны рабілі ў адной брыгадзе ў калгасе. Разам сушылі сена.
Стась жыў у вёсцы Пятровічы за два кілямэтры ад Гейстунаў. Ужо як сябры састарэліся, бачыліся ў касьцёле ў Барунах або тэлефанавалі адзін да аднаго.
Цяпер дзеду Юзюку ўжо складана гаварыць праз тэлефон — слаба чуе. Зрэшты, тэлефанаваць таксама няшмат да каго засталося. Калі ён не глядзіць тэлевізар, дык чытае. Альбо каталіцкія часопісы, што возьме ў касьцёле ў Барунах, альбо «Ашмянскі весьнік». Любімая кніга дзеда Юзюка — «Памяць», бо там напісана пра ўсіх вэтэранаў Ашмяншчыны.
2017 На сваё 100-годзьдзе дзед Юзюк атрымлівае новы пашпарт — да 2042 году
Упершыню за шмат гадоў па ўсёй краіне масавыя акцыі пратэсту. Маршы «недармаедаў» адбыліся больш як у дзясятку гарадоў.
У 2017 годзе дзед Юзюк атрымаў чарговы пашпарт, бо па законе ў 100 год чалавек мусіць памяняць яго. Тэрмін новага пашпарта — да 2042 году. Дакумэнт дзеду Юзюку ўрачыста перадалі ў дзень народзінаў — 28 ліпеня.
Але і без 100-й гадавіны дзед Юзюк — галоўная зорка Гейстунаў. Некалькі разоў на год яго прыяжджаюць віншаваць як вэтэрана. Ужо некалькі гадоў ён адзіны вэтэран у сельсавеце.
Сам, праўда, ня вельмі ахвотна распавядае пра вайну. І ваенных фільмаў ня любіць, «бо там усё няпраўда». «Чатыры танкісты і сабака» — толькі гэты фільм ён можа пераглядаць.
Увогуле, тэлевізар ён глядзіць няшмат. Усяго некалькі перадач — «Суд прысяжных», «Поле цудаў» і імшу па польскім тэлебачаньні ў нядзелю.
«Гук на поўную зробіць і сядае каля тэлевізара блізка, — кажа пра бацьку Ірына. — Ажно на вуліцы чуваць».
Яшчэ штодня глядзіць прагноз надвор’я і чытае навіны. Дакладней — чытае бягучы радок. Палітыкай, праўда, дзед Юзюк не асабліва цікавіцца. Які з кіраўнікоў за ягонае жыцьцё быў найлепшы? Пілсудскі, Сталін, Хрушчоў, Брэжнеў, Гарбачоў і Лукашэнка, — усе яны былі аднолькавыя, упэўнены дзед Юзюк.