Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Лявон Вольскi: «Лонданская сустрэча прайшла на адным дыханні...»

20.10.2010 культура
Лявон Вольскi: «Лонданская сустрэча прайшла на адным дыханні...»

Беларускі музыка Лявон Вольскі ўпершыню ў сваёй кар’еры даў канцэрт у Лондане.

Па словах артыста, імпрэза прайшла ў лепшых традыцыях — са шматлікімі слухачамі, пытаннямі і выхадам на біс, піша «Народная воля».

Лявона Вольскага ў Англію запрасілі прадстаўнікі Аб’яднання беларусаў у Вялікабрытаніі. Музыку, які ў гэтым годзе выпусціў адразу некалькі дыскаў, было чым разнастаіць праграму. У выніку яго выступленне ў Беларускім доме доўжылася дзве гадзіны. І гэта не ўлічваючы часу, калі спадар Вольскі адказваў на пытанні залы.

«Большасць слухачоў была беларускага паходжання, — распавёў Лявон Артуравіч. — Брытанцы, якія прысутнічалі на імпрэзе, таксама калісьці мелі пэўную сувязь з нашай краінай. Напрыклад, завітаў былы амбасадар Англіі ў Мінску. Зала была досыць невялікай, але людзей для такой імпрэзы было шмат».

Англійска-беларускае аб’яднанне было заснавана ў 1954 годзе. З тых часоў у Беларускім доме ў Лондане адбываюцца разнастайныя сустрэчы і імпрэзы. Канцэрт спадара Вольскага праходзіў у холе будынка.

«Праграма была камернай, — прызнаўся Вольскі. — Я ж не магу толькі з гітарай выконваць нейкія кампазіцыі ў жанры цяжкага року. Я спеў некалькі песень з розных альбомаў. Было шмат пытанняў, людзей цікавілі розныя аспекты беларускага жыцця, у тым ліку і музычнага. Увогуле, сустрэча ў Лондане прайшла на адным дыханні».

Беларускі музыкант быў у Брытаніі даволі доўга — 10 дзён. Але, па прызнанні самога творцы, паглядзець Лондан нават за гэты час было проста немагчыма. Тым больш што бок, які запрашаў, арганізаваў даволі плотную праграму.

«Усё, што маглі, мы паглядзелі, — распавёў Вольскі. — Але мы страшна стаміліся. Уявіце, некалькі дзён запар на нагах. Мы ездзілі ў Кентэрберы, былі на моры, для нас арганізавалі экскурсію ў Кембрыдж. Гэта быў вельмі інфармацыйна насычаны час. Я адчуў культурны шок ад усёй гэтай англійскай старызны. Там усё такое старое ў параўнанні з нашымі славутасцямі...»

Спадар Вольскі прызнаўся, што першапачаткова чакаў ад сваёй паездкі горшага. Замежныя сустрэчы — справа складаная, не заўжды збіраюцца слухачы, не ўсіх цікавіць тая ці іншая тэматыка. Але на гэты раз усё прайшло надзвычай удала. Прайшло так, што Лявон Вольскі атрымаў шанц на наступныя падарожжы. Дамовы пакуль вусныя, але цалкам верагодна, што яны могуць перарасці ў чарговую ўдалую паездку.

«Ёсць дамоўленасці без кантрактаў і пячатак, — расказаў аб планах Вольскі. — Магчыма, мы зможам патрапіць на некаторыя фестывалі. На канцэрце прысутнічалі даволі ўплывовыя людзі, яны зацікавіліся нашай творчасцю. Паглядзім, магчыма, і будзе нейкі розгалас».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]