Захад сваімі паводзінамі падрыхтаваў нож у спіну для беларускай палітыкі.
Еўропа надалей паводзіць сябе прагматычна – сказаў «Радыё Рацыя» беларускі палітык Зянон Пазьняк пра запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі на саміт Усходняга партнёрства ў Бруселі. Больш таго, палітык перакананы, што Еўропа сваімі паводзінамі падрыхтавала нож у спіну для беларускай палітыкі.
Пра стасункі на лініі «Брусель-афіцыйны Менск» Зянон Пазьняк выказаўся крытычна:
– Еўропа не мяняецца. Яна заўсёды была прагматычнай, цынічнай, толькі свае інтарэсы лічыла важнымі. Таму вельмі істотна адрозніваць тую дэмагогію, якою яна карыстаецца, – правы чалавека, дэмакратыя. Гэта ўсё выглядае сурагатам, эрзац-рэлігіяй. Таму што на самой справе мы бачым падвойнае дно, двайны падыход. І за ўсім гэтым стаіць інтарэс, прычым даволі просты. Калі сказаць адным словам – грошы. Да таго, што зараз з’явілася пагроза з боку Пуціна, Еўропа не зусім была гатова. Яны вырашылі, што не трэба ўжо гуляць у правы чалавека і дэмакратыю, а проста пастарацца адарваць ад Расеі саюзніка, якім з’яўляецца Лукашэнка. Мы кажам «саюзніка» ў двукоссі, бо гэта проста васал і халуй, якога Масква паставіла і трымае.
- Магчыма, Беларусь адышла на другі план, бо шмат другіх праблем: і Пуцін, і выбары ў краінах, дзе нацыяналістычныя сілы ўсё больш замацоўваюць свае пазіцыі?
Еўропе глыбока абыякавыя нашыя нацыянальныя інтарэсы, наша культура, знішчэнне нашай мовы, у тым ліку і наша дэмакратыя. Але вось інтарэс гэапалітычны, інтарэсы, звязаныя з эканомікай, з рэсурсамі – гэта для іх важна. Тут яны стараюцца свае інтарэсы забяспечыць. Стараюцца выглядаць добра, але іхная пазіцыя даволі беспрынцыпная.
Дваццаць гадоў яны гаварылі, што Лукашэнка апошні дыктатар Еўропы, што ў краіне палітычныя рэпрэсіі, парушаюцца правы чалавека. Усё ж гэта засталося. І працягваецца яшчэ болей, таму што гэты рэжым зразумеў, што калі яны штосьці і зробяць цяпер, то Еўропа будзе маўчаць. Мы ж бачым, што адбываецца. Не звяртаецца ўвага на законы, могуць чалавека схапіць, кінуць у каталажку, пакараць штрафамі. А чалавек ні ў чым не вінаваты. Ён не парушыў закон, ён ёсць беларусам, які любіць сваю Радзіму і сваю мову. А гэта ім не падабаецца. І ўлады працягваюць сваю антыбеларускую палітыку пад прыкрыццём таго, што Еўропа будзе маўчаць.
Вось вынік гэтай еўрапейскай, ханжаскай палітыкі. Фактычна яны нас прадалі – гэта нож у спіну.
5-ты Саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Бруселі 24 лістапада. Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін-членаў ЕЗ і шасці краін Усходняга партнёрства будуць разглядаць перспектывы далейшага супрацоўніцтва. Запрошаны і кіраўнікі Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які на ранейшых чатырох самітах не быў з-за персанальных санкцыяў.