Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Шахцёры ў Мінску: Як пратэстуюць беларусы

09.11.2017 политика
Шахцёры ў Мінску: Як пратэстуюць беларусы

Не толькі «зайчыкамі» быў адметны 1992 год.

«У мэтах абароны спажывецкага рынку, увесці пачынаючы з 10 лістапада 1992 года парадак разлікаў за ўсе харчовыя тавары на прадпрыемствах рознічнага гандлю ўсіх формаў уласнасці толькі за разліковыя білеты Нацыянальнага банка», — гаварылася ў пастанове Нацбанка. Але не толькі «зайчыкамі» адметны 1992 год, піша novychas.by.

«Сапраўдная дэмакратыя вартая чаго-небудзь, калі здольная перажыць зіму», — гэту фразу ахвотна цытавалі газеты напачатку 1992 года. З-за лібералізацыі цэн эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася настолькі, што ніхто не здзівіўся, калі пазней, у красавіку, Станіслаў Шушкевіч публічна выказаў падзяку Богу за мяккую зіму.

На красавік 1992 года, адпаведна вынікам апытанням Інстытута сацыялогіі, 10,2 працэнта насельніцтва былі маральна гатовыя да таго, што ім давядзецца прадаць усё дзеля банальнага выжывання.

Рэакцыя на эканамічныя выклікі была розная.

Некаторых сапраўды ахапіла паніка. «Набыць на апошнія 180 рублёў кілаграм бужаніны. Аб’есціся і памерці», — пісала ў студзені журналістка газеты «Знамя Юности». З улікам таго, што сярэдні заробак у краіне на снежань 1991 года складаў не больш за 600 рублёў, яе суіцыдальны парыў цалкам зразумелы.

Увогуле, газетны бізнес на пачатку гэтага года перажываў жахлівы час. У лепшым выпадку рэдакцыі прасілі падпісчыкаў даплаціць за падпіску. У горшым — змяншалі тыражы, перапынялі выхад ці наогул закрываліся. Цяперашні флагман афіцыёзу “Советская Белоруссия неяк выйшла накладам у адзін экзэмпляр. Унікальны выпуск вывесілі як сценгазету.

Для шматлікіх грамадзян важным фактарам выжывання стала гуманітарная дапамога. «Народная газета радавала чытачоў загалоўкамі: «У Мінску прыбавілася ежы. У ГУМ прыбыў новы караван гуманітарнай дапамогі з Германіі».

Некаторыя ветэраны вайны ўпарта адмаўляліся браць падачку ад імперыялістаў, тым больш ад заходніх немцаў.

Свядомая частка грамадства спрабавала супрацьстаяць падзенню жыццёвага ўзроўню праз сацыяльны пратэст. У авангардзе ішлі незалежныя прафсаюзы, адзін з якіх нават уключыў у свой статут пункт аб сваім праве на акупацыйны страйк — гэта значыць, на гвалтоўны захоп прадпрыемства. Нават афіцыйныя прафсаюзы пагражалі кабінету Кебіча вулічнымі акцыямі.

Але да сапраўднага класавага канфлікту ў 1992 годзе справа дайшла толькі ў Салігорску, дзе Незалежны прафсаюз гарнякоў (НПГ) і адміністрацыя Беларуськалія не дамовіліся наконт тарыфнага пагаднення. Канфлікт цягнуўся ўсю зіму і завяршыўся перамогай шахцёраў. Галоўны ўнёсак у перамогу зрабілі сямёра актывістаў, якія трымалі галадоўку непасрэдна ў фае офісу Беларуськалія. Даўжэй за ўсіх галадаў Іван Юргевіч (18 дзён). У выніку страйку шахцёры пачалі атрымліваць каласальныя ў параўнанні з іншымі беларусамі заробкі.

Другой пасля шахцёраў найбольш актыўнай сацыяльнай групай аказаліся вайскоўцы. «Распіл арміі паміж краінамі СНД выклікаў у іх справядлівую заклапочанасць пра пенсіі і перспектывы». Акрамя таго, большасць афіцэраў Беларускай вайсковай акругі ў свядомасці былі савецкімі людзьмі, далёкімі ад праблематыкі беларускага дзяржаўнага будаўніцтва.

Не дзіўна, што калі Саюз абароны вайскоўцаў пад кіраўніцтвам Сяргея Гайдукевіча абвясціў пра намер выйсці 11 сакавіка (дзень адкрыцця сесіі Вярхоўнага Савета) на плошчу Незалежнасці, некаторыя растлумачылі гэта як пралог вайсковага перавароту. Для такога кшталту інсінуацый была ўскосная падстава. Ультрапапулярны ў той час астролаг Павел Глоба заявіў, што ў 1992 годзе ў зоне СНД варта чакаць спробы путчу.

Аднак 11 сакавіка прагноз экстрасэнса не збыўся. Гайдукевіч і яго прыхільнікі ўстрымаліся ад маніфестацый. Хутка афіцэрскі корпус без гучных канфрантацый, як гэта было ў суседняй Украіне, прыняў прысягу на вернасць Рэспубліцы Беларусь. У гэтым, безумоўна, заслуга ўраду, які паабяцаў вайскоўцам стабільны сацыяльны пакет. Падчас сустрэчы прэм’ера з генералітэтам толькі адзін генерал заявіў, што не здрадзіць прысязе СССР.

За выключэннем карпаратыўных вылазак шахцёраў і вайскоўцаў, іншыя сацыяльныя пратэсты ў той час насілі або дэкларатыўны, або экзатычны характар. Так, лекары псіхіятрычнай бальніцы ў Гарадзішчы, што на Піншчыне, выказалі пагрозу выпусціць сваіх пацыентаў на волю, калі ім не падвысяць заробкі. Пажарныя ў Кобрыне заявілі, што да павышэння акладаў не будуць тушыць пажары на суб’ектах дзяржаўнай формы ўласнасці.

Нягледзячы на ўздым сацыяльнай актыўнасці, у большасці беларусы спрабавалі выжываць індывідуальна. Папулярным метадам стала спекуляцыя. Вядомая ў савецкі час песня «С чего начинается Родина» ў 1992 годзе атрымала новы адказ: «З польскіх памежных базараў».

У Польшчу ездзілі амаль усе і везлі амаль усё. Нават слугі народу не цураліся гэтага рамяства. Так, народны дэпутат Генадзь Н. на сваёй машыне спрабаваў выехаць па дыпламатычным пашпарце ў Польшчу, маючы з сабой: 3 дрэваапрацоўчых станка, 10 электрарухавікоў, 10 электрадрэляў, 5 зварачных трансфарматараў, 5 складных веласіпедаў, 4 генератары, 5 электрычных пілаў, і ў дадатак (навошта?) адзін хамут. Сам дэпутат перад памежнікамі апраўдваўся хваробай сына.

Дзе спекулянты — там і рэкет. Практыка абірання злачынцамі дробных прадпрымальнікаў стала настолькі масавай, што кааператары ў той год нават выпусцілі «Пасведчанне рэкеціра». Дакумент каштаваў каля 200 рублёў.

Думаецца, што другім па папулярнасці сродкам выжывання пасля спекуляцыі стаў крадзеж каляровых металаў, якія ператварыліся ў своеасаблівую валюту. Так, у Салігорску злачынцы шантажавалі нейкага прадпрымальніка, патрабуючы ад яго не грошы, а дзве тоны медзі. Попыт пашырыўся і на жалеза. На станцыі «Беларусь» злавілі злодзея — супрацоўніка санаторыя «Крыніца», які здолеў скрасці пяць чыгуначных рэек.

З’явіліся і іншыя арыгінальныя спосабы папаўнення кішэні. Напачатку 1992 года прэса раіла карыстацца ласцікам пры набыцці долараў. Аказваецца, некаторыя спецы дамалёўвалі валасы на выяве прэзідэнта Вашынгтона (на купюры ў адзін долар), каб атрымалася фізіяномія, падобная на партрэт прэзідэнта Франкліна, які змешчаны на банкноце ў 50 долараў.

Талоны на тавары

Некаторым фокусам тагачасных прайдзісветаў напэўна пазайздросціў бы сам Астап Бэндэр. Так, спадарыня А. Шульга вырашыла зарэгістраваць свой шлюб у трох ЗАГСах. Разлік быў просты: па закону ў кожным ЗАГСе маладым выдаваліся талоны на дэфіцытныя тавары.

Дарэчы, талоны, за якімі ганялася Шульга, дапамагалі не заўсёды. У навагоднім выпуску «Вожыка» была надрукаваная актуальная гумарэска пра Дзеда Мароза, што прыходзіць у нейкую сярэднестатыстычную беларускую сям’ю, чальцы якой просяць чараўніка атаварыць талоны на цукар і школьныя сшыткі за кастрычнік.

Праблема, як атаварыць талоны, дасягнула свайго апагею ўвесну, калі пачаўся цукровы дэфіцыт. Там-сям на гэтай глебе нават узнікалі вулічныя беспарадкі. Так, у чэрвені чарга за цукрам на сталічнай вуліцы Арлоўскай перакрыла транспартны рух. Нават выкліканы спецназ аказаўся бяссільны. Давялося мясцовым уладам завезці ў краму дэфіцытны тавар.

Талоны хадзілі паралельна з купонамі (свайго роду мясцовыя грошы), якія з’явіліся менавіта 1 студзеня 1992 года. Цяпер, каб набыць большасць спажывецкіх тавараў, савецкіх рублёў было недастаткова.Трэба было прад’явіць прадаўцу купоны на эквівалентную суму. Такім чынам урад збіраўся абараніць унутраны рынак ад інтэрвенцый спекулянтаў з суседніх рэспублік.

Мера мела кароткачасовы эфект. У першыя дні новага года сапраўды адчуваўся дэфіцыт на купоны. Узнік чорны рынак, дзе ліст купонаў на сто рублёў можна было прадаць за 65 рублёў. На гэтым галоўным чынам нажываліся студэнты. Міліцыя, якая затрымлівала іх на Камароўцы, не ведала, што рабіць. Адзіны артыкул, які можна было прад’явіць, — валютныя спекуляцыі. Але купоны з цяжкасцю падпадалі пад вызначэнне «валюта».

Галоўнымі ахвярамі рэформы з купонамі былі звычайныя турысты-замежнікі. Адным з іх аказаўся тады яшчэ малавядомы артыст Філіп Кіркораў. Падчас сваіх гастроляў у Мінску ў студзені 1992 года ён паскардзіўся аўдыторыі, што не мае тутэйшых купонаў і нічога не можа набыць у крамах. Публіка ў партэры эмацыйна адрэагавала на словы куміра. Напрыканцы канцэрту на сцэну перадалі не толькі букеты кветак, але і цэлыя лісты купонаў.

У выніку Беларусь хутка паўтарыла шлях Украіны, дзе купоны былі ўведзеныя годам раней. Паколькі для шмат каго продаж купонаў налева стаў дадатковай крыніцай даходаў, іх курс на чорным рынку абрынуўся да смешнага. Ніякай эфектыўнай абаронай айчыннага рынку купоны не сталі.

Шматразовыя купоны, якія пастановай Нацбанка ад 9 лістапада фактычна сталі першымі грашыма незалежнай Беларусі

Ужо 21 лютага газета «Семь дней» апублікавала выявы будучых так званых «шматразовых купонаў» — правобразу нацыянальных грошай. Гэта былі тыя самыя славутыя «зайчыкі». Дарэчы, на той час іх ніхто не лічыў за канчатковы варыянт беларускай валюты, наконт назвы якой у прэсе ішла гарачая дыскусія. Акрамя талераў прапаноўваліся назвы — «менкі», «белы» або «беларты».

Нават калі ў маі «зайчыкамі» (іх таксама называлі «шушыкі» і «мульцікі») пачалі выдаваць частку заробку, стаўленне да іх было не вельмі сур’ёзнае. Гэта стала прычынай трагедыі ў сям’і аднаго пенсіянера з Пухавічаў. Малыя ўнукі, пабачыўшы новыя грошы, вырашылі, што гэта нейкія забаўкі. Пакуль дзеда не было дома, яны акуратна выразалі зайцаў і валкоў і павесілі іх на сценах. Можна ўявіць рэакцыю старога, калі ён вярнуўся.

Увосень стала зразумела, што пазбегнуць увядзення сваёй валюты немагчыма. Літва і Украіна сінхронна адмовіліся ад савецкіх рублёў, што пагражала выкідам рублёвай масы на беларускі рынак. З 10 лістапада ўсе прадуктовыя тавары пачалі прадавацца выключна за «зайчыкі» — за беларускія рублі. Усе іншыя варыянты назвы Кебіч на той час ужо адкінуў. Беларускі рубель стаў практычна адзіным прызнаным грашовым сродкам у краіне.

Лёс вушастага з самага пачатку стаўся сумным. Хаця Кебіч і абяцаў, што курс «зайчыка» да расійскага рубля будзе складаць 60–70 капеек, першыя ж банкаўскія таргі аспрэчылі яго аптымізм. На снежань 1992 года курс «зайчыка» складаў 1,15 за расійскі рубель. І гэта быў толькі пачатак.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]