У Літве ёсць шмат беларускамоўных шыльдаў, якія прысвечан нашым нацыянальным героям.
Адкрыццё ў Вільні памятнай шыльды, прысвечанай Якубу Коласу, стала нагодай прыгадаць калі і якія мемарыяльныя табліцы былі ўсталяваныя ў старадаўняй крывіцкай сталіцы беларускім дзеячам.
Беларускае Радыё Рацыя пастаралася прымомніць усе беларускамоўныя шыльды ў Вільні, прысвечаныя нашым нацыянальным героям.
Першай у Вільні была ўсталяваная шыльда беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. Адбылося гэта ў лістападзе 1990 года. Шыльда Францішку Скарыну па адрасе Didzioji, 19, у самым цэнтры Вільні, непадалёк гарадской ратушы.
Усталявана на старым будынку 16 стагоддзя, які належаў бурмістру горада Якубу Бабічу. Шыльда сведчыць пра тое, што ў 1520 годзе беларускі асветнік Скарына перавёз сюды з Прагі сваю друкарню.
Шыльда знакамітаму беларускаму харавому майстару Рыгору Шырму была адкрыта 20 студзеня 1994 года, фота з кніжкі Лявона Луцкевіча „Вандроўкі па Вільні”.
Памятная дошка Кастусю Каліноўскаму ўсталявана па адрасе Sv.Ignoto-11 (Свята Ігнатаўская вуліца). Адкрыта яна 24 сакавіка 1994 года. 6-7 жніўня 1994 года ў Вільні адбыўся зьезд беларусаў Балтыі.
Тады ж урачыста адкрыта памятная шыльда беларускаму песняру Янку Купалу. У 1914 г. рэдакцыя „Нашай Нівы” пераехала ў будынак па Віленскай, 29 (цяпер Vilniaus, 14).
Рэдагаваў газету ў гэты час Янка Купала, які жыў пры рэдакцыі, пра што сведчыць шыльда злева ад брамы. 9 лістапада 1994 года ў Вільні была адчынена памятная шыльда Браніславу Тарашкевічу. Усталявана яна на сённяшняй вуліцы Vilniaus, 37 на ранейшым доме № 12 вуліцы Віленскай. Тарашкевіч жыў тут з 1923 па 1926 год.
11 ліпеня 1996 года ў Вільні адчынена памятная шыльда Вацлаву Ластоўскаму. Размешчана яна на доме, дзе жыў выдатны мовазнавец і грамадска-палітычны дзеяч, дзе пэўны час месцілася рэдакцыя „Нашай Нівы”. Адрас – вуліца Завальная-7 (цяпер Pylimo, 5/1).
16 траўня 1996 года ў Вільні адчынена памятная шыльда Пётру Сергіевічу. Знакаміты беларускі мастак, які нарадзіўся на Браслаўшчыне, правёў у Вільні амаль усё жыццё. Пасля вайны мастак пераехаў на Антокаль, дзе жыў у камяніцы на аднайменнай вуліцы (Antаkalnio, 30).
Пасля гэтага шмат гадоў новых беларускіх знакаў у горадзе не з’яўлялася. Наступнай шыльды давялося чакаць ажно 8 гадоў. 22 траўня 2004 года ў „крывіцкай Мецы” адкрыта памятная шыльда беларускай паэтцы Натальлі Арсеньневай. Знак у сталяваны ў Базыльянскіх мурах на будынку былой беларускай гімназіі.
Там жа вісіць памятная шыльда ў гонар класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Ён выкладаў у беларускай гімназіі.
Летам 2011 года на гэтым будынку дадалася шыльда ў гонар Адама Станкевіча, святара, ідэолага беларускага хрысціянскага руху. Пачаткова мемарыяльны знак планавалася ўсталяваць на касцёле Святога Мікалая, дзе ў міжваенны час служыў Станкевіч, аднак дазволу на гэта атрымаць не ўдалося.
Практычна ўсе пералічаныя шыльды былі ўсталяваныя пераважна высілкамі Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве. Дзве з трох шыльдаў апошняга часу – Францішку Багушэвічу і Якубу Коласу з’явіліся пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Беларусь.
17 верасня 2010 года ў Вільні з’явілася шыльда аднаму з заснавальнікаў беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу. Усталявана яна на былой вуліцы Коннай (цяпер Arkliu 18). Да ўстаноўкі табліцы спрычынілася таксама Таварыства беларускай мовы Віленскага краю.
22 траўня 2016 года ў Вільні Таварыствам Беларускай Культуры ў Летуве была ўсталявана дошка ў памяць Казіміра Сваяка, вядомага беларускага святара і паэта. Знаходзіцца яна па адрасе Did?ioji g. 17.
9 лістапада 2017 года на будынку на скрыжаванні вуліц Trak? (Троцкай) і Pylimo (Завальнай) адчынена шыльда класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу. Гэта так званы „дом пад балванамі” – будынак са статуямі атлантаў, дзе некалі была рэдакцыя „Нашай нівы” і працаваў Колас.
З Вільняй цесна звязаныя жыццё і дзейнасць многіх іншых выдатных беларускіх дзеячаў – Францішка Аляхновіча, Максіма Багдановіча, Лявона Вітан-Дубейкаўскага, Зоські Верас, братоў Луцкевічаў, Цёткі… Таму будзем спадзявацца, што ў будучым у старадаўнім горадзе з’явяцца і новыя мемарыяльныя знакі.