Незвычайная гісторыя двух беларусаў, паэта і кампазітара.
«Хіба Вы не ведаеце, што ў вершах усё спраўджваецца?» — запыталася некалі адна расійская паэтка ў другой. Прыпамінаю гэта, пішучы сваю зацемку, і думаю: чым, як не пацверджаннем запытання, чым, як не прагадваннем-заклінаннем уласных лёсаў у пісаным-праказваным-спяваным слове, прачуваннем яго немінучага спраўджання ёсць гісторыя двух беларусаў, паэта і кампазітара, што напраракавалі сабе выгнанне з Краю? Першы, хоць пад ціскам вонкавых абставінаў, — выгнанне дабравольнае; другі — прымусовае, з чужой ліхой волі, піша nn.by.
Біяграфію, творчы даробак пісьменніка і публіцыстага Вінцэнта Каратынскага (1831—1891), рупліва вывучалі-збіралі па каліўцу яшчэ ад нашаніўскае пары.
Сёння маем тамок ягоных выбраных «Твораў» (1981, 1994, 2009), укладзены Уладзімірам Мархелем, агляд матэрыялаў да жыццяпісу, рукапіснай і друкаванай спадчыны, зроблены Генадзем Кісялёвым у манаграфіі «Ад Чачота да Багушэвіча» (1993, 2003). Пра музыку, кампазітара, педагога, «селяніна-інтэлігента» Вінцэнта Клімовіча (каля 1830 — каля 1880) мы да пэўнага часу зналі блізу што нічога. Толькі ў пачатку 1970-х той самы нястомны Генадзь Кісялёў, карыстаючы з архіўных дакументаў і рэдкіх выданняў, вярнуў гэтае імя з нябыту.
Калі пазнаёміліся два ўраджэнцы былога Наваградскага павета (Каратынскі быў родам з вёскі Селішча блізка Любчы, Клімовіч — з вёскі Пярэсека) — дакладна невядома. Мажліва, іхнае знаёмства адбылося недзе ў другой палове 1850-х. І пачатна, відаць, мела лістоўны характар.
Слядоў іхных сяброўскіх дачыненняў захавалася не так шмат: у 1858 годзе Клімовіч выпраўляў за непісьменную маці Каратынскага метрычнае пасведчанне аб нараджэнні сына; крыху пазней, у пачатку 1860-х, памагаў літаратару ў зборы матэрыялаў пра Адама Міцкевіча.
Прыкладна ў канцы 1850-х - стаўлю гэткую меркаваную дату насуперак прынятай у нашай навуцы — жывучы ў падвіленскай Барэйкаўшчыне і ў самой Вільні, перакладаючы ў суаўтарстве з Уладзіславам Сыракомлем творы П’ера-Жана Беранжэ на польскую мову, Барывой (так, бывала, падпісваўся Каратай-Каратынскі), зрабіў вольны беларускамоўны «пераспеў» верша французскага паэта «La Nostalgie, ou la Maladie du pays» («пераспеў» гэты, элегія «Туга на чужой старане» - адзін з трох вядомых цяпер беларускіх твораў Вінцэнта Каратынскага). А тагачасны паланечскі валасны пісар Клімовіч напісаў да перастварэння музыку.
Далей былі трагічныя падзеі 1863-1864 гадоў: арышт (05.03.1863) Вінцэнта Клімовіча ў справе менскай рэвалюцыйнай арганізацыі «чырвоных», яго турэмнае зняволенне і, згодна з выракам (21.06.1864) мураўёўскага Палявога аўдытарыяту, засланне ў «аддаленейшыя месцы Сібіру».
Стуль Вінцэнт, сын Юзафа, ужо не вярнуўся: як сведчыў у сваіх успамінах (1887) мастак Эдвард Паўловіч, ён памёр у Іркуцку, дзе ўлады далі яму дазвол навучаць музыцы; памёр, стужыўшыся, стаміўшыся доўгім чаканнем свайго мажлівага вяртання да Краю.
Вінцэнт Каратынскі, трапіўшы пад нагляд паліцыі, зазнаўшы ператрусы на сваёй віленскай кватэры, у пачатку 1866-га года з’ехаў разам з сям’ёй у Варшаву, у якой пражыў да канца веку.
У 1912 годзе (а мо і крыху раней) рэдакцыя «Нашай Нівы» атрымала ад кагосьці рукапіс з тэкстам элегіі і нотамі да яе.
Верш з’явіўся ў здвоеным 49-50-м нумары віленскага перыёдыка 14 снежня таго самага года з датаю «10 студзеня 1864», маючы пры сабе наступную ўвагу-дапісак: «Да гэтага верша В. Каратынскага напісаў музыку селянін з Наваградскага павета Вінцэсь Клімовіч. Музыку В. Клімовіч пасвячае п. Машчынскаму, «на памятку». Арыгінал верша і нотаў знаходзіцца ў рэдакцыі «НН». Потым сляды рукапісу згубіліся, а нашаніўская публікацыя надоўга стала адзінаю крыніцай тэксту «Тугі на чужой старане».
Увесну 2015-га, дзякуючы спрыянню працаўнікоў філіялу «Iнстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора» Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, мне ўдалося пазнаёміцца з «віленскаю» часткай фалькларыстычных збораў Беларускага музею імя Івана Луцкевіча, з фрагментамі асабістага архіву этнамузыколага, выдаўца і педагога Антона Грыневіча (1877-1937). Паралельна я студыяваў артыкулы Вольгі Лабачэўскай - ці не першай сур’ёзнай даследніцы тых матэрыялаў, а таксама іх вопіс, зроблены Юляй Рэзнік у абсягах магістарскай праграмы пад кіраўніцтвам сп-ні Вольгі. Урэшце, у канцы 2015-га, пры падтрыманні Беларускага ПЭН-цэнтра, я змог наведаць Вільню і папрацаваць з цікавымі мне дакументамі беспасярэдне. Вынікам усяго гэтага стаў шэраг цікавых адкрыццяў. Улучна з адкрыццём копіі рукапісу слоў і нотаў, пра якія я пісаў вышэй.
Копію гэную Антон Грыневіч зрабіў з «архіўных матэрыялаў п. Рамуальда Зямкевіча» 30 ліпеня 1912 года.
Клептаман - Крот Бібліятэк, як менавалі яго ў газетных крымінальных хроніках міжваеннага часу, канфідэнт ІІ-га аддзела польскага Генеральнага штаба, уласнік найбагацейшых беларускіх (і не толькі беларускіх) кніжных і рукапісных збораў (лёс іх так да канца і не высветлены) Рамуальд Зямкевіч (1878/1881-1940 (?)) шчодра дзяліўся самарозным, датычным музыкі, з Грыневічам, да якога - як мала да каго — ставіўся з шчырай прыязнасцю і пашанай.
Узычыў, як бачым, і твор Каратынскага-Клімовіча.
Тыя, хто знаў Зямкевіча, сведчылі і ў даваенны, і ў паваенны ўжо час, што, убіўшыся ў ласку да нашаніўцаў, «варшаўскі беларус» абакраў іх, прысабечыўшы многія каштоўныя экспанаты будучага Беларускага музея, застраміўшы руку ў касу.
Вось жа, ёсць усе падставы сцвярджаць, што Зямкевіч зглабаў і арыгінальны рукапіс Клімовічавага «пасвячэння» Машчынскаму з рэдакцыйнага архіву «НН».
Гаспадара «кватэры-кніжні-старасхову» на вуліцы Хмельнай, 18 (Варшава) забілі немцы (цёмная гісторыя!), ягоныя зборы страціліся-расцярушыліся ў ваеннай завірусе. Нешта з тых збораў аднак усплывае час ад часу. Хай сабе і ў копіях.
Знойдзены ў фондах Інстытуту літаратуры і фальклору Літвы дакумент каштоўны шмат чым. Першае, ён ёсць крыніцаю нерэдагаванага тэксту элегіі Вінцэнта Каратынскага «Туга на чужой старане».
Другое, ён дазваляе сцвердзіць: першапублікатары зрабілі памылку, датуючы дароўны надпіс былому кандыдату Пецярбурскага універсітэта, касіру менскай рэвалюцыйнай арганізацыі Яну Машчынскаму «10 студзеня 1864»; на першай старонцы рукапісу чытаем: «10 grudnia ‘снежня’ 1864».
Значыць, тэкст з нотамі Вінцэнт Клімовіч падараваў сувыгнанцу Машчынскаму ўжо на засланні. (Апрача таго, я яшчэ раз выказваю сумнеў наконт складання Клімовічам музыкі ў турме. Ёсць архіўныя звесткі, што твор прыйшоўся даспадобы Клімовічавым сукамернікам; узяты ў палон паўстанец з аддзелу Антона Трусава Стафан Пянкевіч нават пераклаў тэкст Каратынскага на польскую мову, даўшы загаловак «T?sknota w obcej stronie» (пераклад не выяўлены). А пра тое, што Клімовіч напісаў музыку ў зняволенні - звестак няма. Проста навучыў усіх песні, але ніяк не напісаў.)
Урэшце, трэцяе, найгалаўнейшае: дакумент утрымвае ноты «манюшкаватае», вальсаватае, вельміхарошае мелодыі. Мелодыі, што была змоўкла. Хацелася б, каб сёння яна загучала зноў.
Туга на чужой старане
(T?sknota w obcej stronie)
Словы Вінцэнта Каратынскага
Музыка Вінцэнта Клімовіча
На арыгінале напісана: Пану Машчынскаму на памятку першае сустрэчы ахвяруе сувыгнанец аўтар Навагрудскага павету Вінцэнты Клімовіч 10 снежня 1864 г.
Спісана з архіўных матэрыялаў п. Рамуальда Зямкевіча 30/VII 1912.
А. Грыневіч
1
Ой саколка, ой галубка,
Не пытайся, не,
Што мне тошна, мая любка,
Ў гэтай старане
Я ж зямліцу меў радную,
Быў слабодзен сам
Ох, ці днюю, ці начую,
Я ўсё там да там!
Там гукнеш ў сардэчным краю,
Разлягнецца свет.
Тут гукаю, прымаўляю —
Адгалоскі нет.
Там палосы, сенажаці
Красны як нідзе;
Стануць пташкі прыпяваці
Ў сэрцы аж гудзе.
2
Там дзявочкі на вячоркі
Язычком радным
Кажуць казкі, прыгаворкі
Душа ліпніць к ім.
Там дзяўчаты, маладзіцы
Красен цвет тымян,
Глянеш толькі ім ў ачыцы,
Як ад мёду п’ян.
Там, як пташка на свабодзе,
Я быў жыць прывык.
Не пытаўся «мала? годзе?»
Быў вясёл і дзік.
Як дубінка маладая,
Гібкі проста віць.
З оч маланка вылятае,
Кроў агнём кіпіць.
3
Ах, цяпер жа, ой палеткі
Роднага сяла,
Не пазналі б тае кветкі,
Што там зацвіла!
Паглядаю праз аконца,
Чоран цэлы свет.
Усем людзям свеце сонца —
Мне прасветку нет.
Бо за мною, прада мною
Поўна Божых сёл; -
Ўсе ў грамадзе, да з раднёю,
Я адзін, як кол.
Адарвалі сіраціну
Ад свае зямлі.
Даўшы розум, хараміну,
Шчасця не далі.
4
Я не смею прытуліцца
Ні к яму, ні к ёй.
Хараміна, чужаніца
Розум — вораг мой.
Ад зарыцы, да зарыцы
Туга кроў мне п’ець.
Пяюць хлопцы, маладзіцы,
Я не ўмею пець.
Бо пры люлі родна маці
Мне не пела дум.
Ў чыстум полі для дзіцяці
Граў мне ветру шум
З шчаняткамі збегаў поле
Мілай стараны.
Не судзіла горка доля
Жыць так, як яны.
5
Ох, не будзе над роднаю
Да не будзе нам,
Ці я днюю ці начую
Там! ой там! ой там!
Саколачка, галубачка,
Хочаш мне памоч?
Дай маё мне, дай сялочко,
Туга пойдзе ў проч.