Народны чэмпіён свету распавёў пра БАТЭ i беларускі футбол.
Ціха. Нават занадта для вечара ў канцы тыдня. Святло прыглушана. Кубак з паясом адпачываюць на стале перад сцэнай. «Freedom Беларусь» «Ляпіса» пачынае напаўняць памяшканне гукам. Каля барнай стойкі непрыметна стаіўся чэмпіён свету па тайскім боксе з сваім сябрам. Народ ляніва сцягваецца ў кавярню «Грай» на Нямізе. Праз некалькі імгненняў Віталь Гуркоў пачне тут размову з заўзятарамі. На мінулым тыдні яму не было роўных у Кітаі.
Пасля вікторыі баксёр у сваім Instagram разнёс рашэнне БАТЭ перанакіраваць клубны штраф ад УЕФА у пяць тысяч еўра Аляксандру Вянгерскаму, які выбег на поле падчас матча з «Арсеналам».
Карэспандэнт Tribuna.com Сяргей Мельнік распытаў Гуркова пра яго адносіны да БАТЭ, беларускага футбола.
- Вы крытыкуеце БАТЭ за рэгрэсны іск Вянгерскаму ў памеры пяць тысяч еўра. Як клуб мог паступіць інакш?
– Ён мог паступіць як заўгодна. Напрыклад, сабраць планёрку і сказаць: «Ведаеце, вось такая сітуацыя, штраф штрафам. Давайце кожны з нас у наступным месяцы атрымае на 50 даляраў менш. Калі мы зараз перанакіруем скаргу да гэтага хлопца, то можам адвярнуць ад клуба шмат фанатаў». Трэба асэнсоўваць, Аляксандр – іх заўзятар, выбег на поле на сваёй радзіме, са сваімі роднымі сімваламі. Я не лічу, што пяць тысяч еўра – вельмі балючая лічба для БАТЭ. Мне здаецца, пры ўмове, што Вянгерскі прайграе гэты суд, футбалістам трэба будзе скінуцца і аплаціць штраф, каб выйсці прыгожа з гэтай сітуацыі. Калі будзе нейкі збор грошаў, беларусы, безумоўна, падтрымаюць яго.
- Гатовы падтрымаць збор?
– Канешне. Падтрымаў бы і ў тым выпадку, калі з маім заўзятарам здарылася б нешта падобнае.
- З якой мэтай вы перакручвалі назву БАТЭ і пісалі «БідЭ» у сваім Instagram?
– Магчыма, мэта ў тым, каб потым казаць: «Не, не, я пра БАТЭ ўвогуле не пісаў». Я пішу нейкія незразумелыя словы, а вы думаеце пра БАТЭ.
- А што вы мелі на ўвазе пад «БідЭ»?
– А вы ў «Вікіпедыі» паглядзіце, там напісана, што гэта і для чаго :).
- Аднойчы вы называлі барысаўчан «Латэ».
– Гэта маё знаёмства з футболам, я не ведаю назвы каманд, бо вельмі далёкі ад гульні. Спачатку ўвогуле я апісаўся, бо буква «л» знаходзіцца блізка да «б». Падумаў, хай так застаецца, будзе прыкольна, і пакінуў.
- Аднак футбалісты могуць пакрыўдзіцца на вас…
– Яшчэ пра гэта не думаў. Мне здаецца, што футбалісты ўвогуле не сочаць за гэтымі рэчамі, таму што ім не да гэтага. Яны альбо на трэніроўцы, альбо ў начным клубе :).
- Вы не паважаеце футбалістаў?
– Ведаеце, я ўсіх паважаю. Ёсць нейкія пэўныя рэчы, якія адбываюцца ўжо даўно. Я такім ніколі не займаўся, але тыя, хто вучыўся ў Парнаце, вучылішчы алімпійскага рэзерву, дзе былі футбалісты, распавядалі дзіўныя гісторыі. Знаёмыя казалі, што ўсе хлопцы былі нармальнымі акрамя футбалістаў, з якімі былі нейкія спрэчкі. Іншыя заўжды білі футбалістаў за дрэнныя паводзіны. Проста так нічога не бывала. Футбалістаў у маім коле зносін няма, таму я пра іх не надта думаю.
- Жадання кантактаваць з імі няма?
– Да ну, у мяне хапае з кім паразмаўляць. У маім асяроддзі няма футбалістаў. Калі б круціўся ў іншых колах, то, мабыць, былі бы. А так я нікога не ведаю і не шкадую.
- На ваш погляд, БАТЭ дрэнна гуляе?
– У сваім выказванні я меў на ўвазе тое, што спартоўцы павінны займацца спортам, а не судзіцца з кімсьці. БАТЭ – буйная каманда і прад’яўляе такі пазоў хлопцу, у якога, магчыма, заробак 200-300 рублёў. Калі вы такія крутыя футбалісты, то не рабіце з сябе жабракоў. Пяць тысяч еўра – такая вялікая сума, што вы павінны судзіцца за яе са звычайным Сашам з Вілейкі? Калі у вас няма грошаў, так гуляйце лепш и зрабляйце іх, каб не ганьбіцца ў судзе. Вось такі сэнс.
- За два дні да заканчэння збору сродкаў на помнік Касцюшку не хапала тысячы еўра. Чаму вы вырашалі не ахвяраваць грошы напрамую, а выставіць шалік на аўкцыён?
– Тысячу еўра лепш БАТЭ аддам :).
- Вы сочыце за беларускім футболам?
– Не сачу за футболам увогуле. Дзіўна так, але мне не шкада. Мяне не прыцягвае гэтая гульня. Я не футбольны заўзятар. Але ў дзяцінстве хадзіў у секцыю ў Сцяпянке ў нейкі спарткомплекс. На жаль, нават не памятаю, як звалі трэнера.
- Тым не менш, які-небудзь беларускі футбаліст выклікае ў вас гонар?
– Віталь Радзівонаў.
- Чаму менавіта ён?
– Ён адзін з нешматлікіх, хто робіць нейкую вартую справу для Беларусі і вельмі актыўна падтрымлівае розныя сацыяльныя праекты. А пра астатніх я проста не ведаю.
- Некаторые лічаць, што вашы выпады ў сацсетках у бок БАТЭ – зайздрасць да заробкаў футбалістаў.
– Я не меў на ўвазе ніякай зайздрасці. Давайце разбяром сітуацыю цалкам. Першы мой пост быў такі: «Блін, я люблю сваю краіну. Калі ты не разумееш, што адбываецца, то не ведаеш»… Хто там, «Арсенал» прыязджаў?
- Так, «Арсенал».
– Ну, гэта ж топ-каманда! Я далёкі ад футбола, але ў мяне ёсць і шапка, і байка «Арсенала». Мне падабаецца лога і назва клуба. Гэта неяк крута. Я не ведаў, што прыязджала лонданская каманда. А выпадак з Аляксандрам Вянгерскім мне распавёў: «Да нас прыехаў «Арсенал».
- Калі прайшло лёсаванне Лігі Еўропы, амаль усе СМІ пісалі пра «Арсенал».
– Так, разумею. Я кажу пра другое. Калі каманды згулялі, я хацеў знайсці лік, ход гульні, галы. Глядзеў стужку ў Facebook і паўсюль: «Чувак выбег са сцягам на поле». Мая рэакцыя была такой: «Ніфіга сабе, у якой краіне мы жывем! Нейкі чэл прабраўся да футбалістаў, і гэта больш цікава, чым тое, што да нас прыехаў «Арсенал». Гэта быў пост-здзіўленне.
А потым мы ўжо атрымалі сітуацыю: па-першае, Аляксандру надавалі па нырках, ён адсядзеў дзесяць сутак, схапіў штраф, і яму яшчэ ў плечы пяцёру тысяч еўра суюць. Што гэта за справа? Я хацеў прыцягнуць увагу да таго, што гэта несправядліва. Не варта так караць чалавека. Тут як у дзяцінстве: слабых крыўдзіць нельга. Гэты чувак слабы. БАТЭ – магутная махіна, я не веру, што для іх было вельмі прынцыпова пакараць нейкага хлопца з Вілейкі. Мне здаецца, што ўжо трэба не падзяляць беларусаў, а аб’ядноўваць.
- Можа, БАТЭ жадаў паказальна пакараць аднаго фаната, каб іншыя не выляталі на поле?
– Я так і разумею, але гэта вялікі перагіб. Мне сказалі, што Вянгерскага людзі сустракалі авацыямі, бо такая квін-тэ-сен-цыя гульні: фіг з ім, прайгралі, але мы гулялі з «Арсеналам», выбягае мужык і ўсё роўна ганарыцца камандай, паказвае гістарычныя сімвалы нашай краіны – усе малайцы. А тут яму бах – штраф. Мяркую, цяпер шмат хто негатыўна ставіцца да гэтага выпадка.
У мяне не было жадання мерацца спартовымі дасягненнямі з цэлай камандай :). Аказваецца, я не шмат там адстаю ў галасаванні. Мне знаёмы сказаў: «Ты чэмпіён, яны чэмпіёны». Хто жадаў, зразумеў мой мэсэдж. А вось тое, што БАТЭ зрабіў з хлопцам, гэта непрыгожа. Да мяне ніхто не падышоў са словамі, што я вельмі рэзка выказаўся і быў не правы. Толькі у каментах пішуць: «Ну, як ты пасмеў?»