Кожная эпоха мае свае найбольш адметныя падзеі і даты.
У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». «Радыё Свабода» прапануе фрагмэнты з кнігі:
«Кожная эпоха мае свае найбольш адметныя падзеі і даты, сваіх герояў і свае шэдэўры, мае яна і візуальныя сымбалі, якія трывала замацоўваюцца ў сьвядомасьці.
Калі я чую пра Вялікае Княства Літоўскае — адразу прыгадваю парэшткі Наваградзкага замку (яшчэ да іх так званай рэстаўрацыі). Падзеі 1863 году атаясамліваюцца з фатаздымкам Кастуся Каліноўскага (тым самым, які вісеў над сталом у кабінэце Ўладзімера Караткевіча і які падараваў яму Зянон Пазьняк). Калі прыгадваюць Беларускую Народную Рэспубліку — у памяці ўсплывае легендарная выява дзевяці яе дзеячоў.
Пэрыяд апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня для мяне ўвасобіўся ў фатаздымку шэсьця калёны Беларускага Народнага Фронту па сонечным цэнтральным праспэкце сталіцы раніцай 27 ліпеня 1992 году — у першую гадавіну прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўнымі сувэрэнітэце, у афіцыйны Дзень Незалежнасьці. Наперадзе — Зянон Пазьняк, дэпутаты і тысячы людзей ідуць па самым цэнтры праспэкту да сквэру Янкі Купалы. Я таксама быў сярод іх, і той узьнёслы настрой застаўся ў памяці на ўсё жыцьцё.
А ўвогуле, калі прыгадваеш 1992 і 1993 гады — першыя гады адноўленай беларускай дзяржаўнасьці — прыходзіш да супярэчлівых ацэнак.
З аднаго боку, гэты час быў вяршыняй апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня, якое ахапіла ўсе сфэры грамадзкага жыцьця. Гэта несумненна.
Але на гэты час прыпала і разгортваньне антыбеларускай, праімпэрскай палітыкі, якая з прыходам да ўлады Лукашэнкі набудзе дзяржаўны характар.
Спачатку — пра тое, што радавала прыхільнікаў нацыянальных каштоўнасьцяў.
Пачаў дзейнічаць Закон аб мовах, прыняты яшчэ папярэднім Вярхоўным Саветам у студзені 1990 году. Адкрываліся беларускія клясы, нават у новаўтвораным Міністэрстве абароны распачаліся курсы па вывучэньні беларускай мовы.
Да прыкладу, на пачатак 1992-1993 навучальнага году ў Горадні было 23 беларускія школы. Прадметы там выкладаліся і па-расейску, але першая і другая клясы вучыліся ўжо цалкам па-беларуску. У той самай Горадні ў Фарным касьцёле кожную нядзелю імшу пачалі праводзіць на беларускай мове. У лістападзе на экраны кінатэатраў выйшаў першы перакладзены на беларускую мову замежны фільм («Ісус» вытворчасьці ЗША).
Адначасна пашыралася беларускае кнігавыданьне, ці не штодня выходзіла тое, што раней на паліцах кнігарняў уявіць было немагчыма — і ў галіне мастацкай прозы, і ў гістарыяграфіі.
Недзе вясной апарат Вярхоўнага Савету пераехаў у будынак былога ЦК КПБ па Карла Маркса, і я часта заходзіў на пяты паверх, у прыёмную Шушкевіча. Да яго самога — рэдка, часьцей да кагосьці з дарадцаў, а звычайна проста ў прыёмную, з адзінай мэтай: паглядзець, што новага выйшла з друкарняў. Старшыні Вярхоўнага Савету (напэўна, як раней першаму сакратару ЦК) рэгулярна дастаўлялі, акрамя пэрыядычных выданьняў, і навінкі кнігадруку. Праўда, мастацкую літаратуру я ў гэтых стосах, якія ляжалі ці то на стале, ці то на падваконьні, я бачыў рэдка, а вось кніг на гістарычныя тэмы было ўсё болей. І практычна штораз сярод кніг трапляліся (і іх было ўсё болей) імёны аўтараў ці герояў, уявіць якія на вокладках яшчэ тры-чатыры гады таму было немагчыма.
Калі раней з вокладкі зборніка гістарычнай прозы Ўладзімера Арлова ці не ў апошні момант прыбралі «Пагоню», дык у 1992 годзе зборнік «Рандэву на манэўрах» выйшаў зь бел-чырвона-белай стужкай — што, канешне, успрымалася цалкам натуральна, бо такім быў і колер дзяржаўнага сьцяга. Праўда, кніга ад моманту здачы ў набор да падпісаньня да друку праляжала год.
У 1992-ім быў падрыхтаваны і здадзены ў набор (выйшаў у 1993-ім) даведнік «Беларускія пісьменьнікі 1917-1990», у якім былі прадстаўленыя біяграфіі Ларысы Геніюш, а таксама літаратараў, якія жылі ў эміграцыі — Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца. Іх творы зьмяшчаліся ў дзяржаўных літаратурных часопісах — летам 1992-га, гасьцюючы ў Сяднёва пад Нью-Ёркам, я пачуў ад яго, што бачыць свае вершы, надрукаваныя ў Беларусі, для яго нязвыкла, і што перамены сапраўды адбываюцца незвычайныя. «Але ж так і павінна быць, гэта нармальна», — дадаў ён. Сапраўды, адбываўся нармальны і заканамерны працэс вяртаньня культурнай спадчыны.
Менавіта ў 1992-м Беларусь упершыню наведалі многія з тых, хто быў вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну шмат дзесяцігодзьдзяў таму. Адметным быў візыт у лютым-сакавіку першагерарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліта Мікалая, падчас якога ён сустрэўся зь мітрапалітам Філарэтам. У міжнароднай Чарнобыльскай канфэрэнцыі ўдзельнічала старшыня Канадыйскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю, будучая старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла — гэта быў яе першы прыезд у Беларусь пасьля таго, як сямігадовай дзяўчынкай яна выехала з Бацькаўшчыны разам з бацькамі.
Была сарваная заслона маўчаньня перад постацямі заснавальнікаў і герояў Беларускай Народнай Рэспублікі. Зусім нядаўна, у камуністычныя часы, іх імёны ўзгадваліся з кляймом «буржуазных нацыяналістаў» — а вось артыкул на цэлую паласу штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» ад 12 чэрвеня 1992 году, прысьвечаны Вацлаву Ластоўскаму: «… жыў Бацькаўшчынай, у мроях бачыў жаданы росквіт роднае краіны Беларусі. Яму давялося шмат змагацца, самааддана ствараць і пацярпець за ідэю. Ягоныя праблемы сугучныя з нашымі, сёньняшнімі, тагачасныя рэаліі беларушчыны падобныя да цяперашніх…» Суаўтар артыкулу — дзевятнаццацігадовы студэнт філялягічнага факультэту БДУ Юрась Бушлякоў, у будучым — прызнаны мовазнаўца і выбітны папулярызатар беларускага слова, чыё жыцьцё так заўчасна абарвалася на ўздыме. Тое была першая ягоная прыкметная публікацыя — і шмат хто зь літаратараў, музыкаў, мастакоў упершыню надрукаваўся або выйшаў на сцэну менавіта ў гэтыя часы свабоды.
У 1992-ім пачаў выходзіць збор твораў Васіля Быкава, дзе ўпершыню не ў часопісным варыянце былі надрукаваныя «Мёртвым не баліць» ды некаторыя іншыя ягоныя забароненыя цэнзурай творы. А ў сэрыі «Плошча Свабоды», якую ў выдавецтве «Беларусь» распачаў тагачасны яго галоўны рэдактар Аляксандар Лукашук, выйшаў зборнік публіцыстыкі Быкава — уключна з прамовай на V зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў БССР у чэрвені 1966 году, дзе Быкаў сказаў вельмі непрыемныя для тагачаснага партыйнага кіраўніцтва словы наконт права мастака пісаць праўду. Асабіста я ўпершыню прачытаў тэкст той легендарнай прамовы ў гэтым выданьні. У той самай сэрыі выйшлі зборнікі Ніла Гілевіча і Сяргея Законьнікава — пра лёс беларускай мовы, беларускага школьніцтва, беларускага кнігадрукаваньня.
У выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга Аляксандра Ўліцёнка «Іншадумцы» — зборнік інтэрвію з тымі, хто, паводле слоў Васіля Быкава ў прадмове, «маўчаць не схацеў»: Уладзімерам Арловым, Вінцуком Вячоркам, Віктарам Івашкевічам, Міхасём Кукабакам, Зянонам Пазьняком, Анатолем Сідарэвічам, Міхасём Ткачовым, Юрасём Хадыкам ды іншымі. Зноў жа, яшчэ паўтара года перад тым такую кнігу ў дзяржаўным выдавецтве ўявіць было немагчыма. І ўжо зусім фантастычным падалося б тое, што яна атрымае Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне журналістыкі.
Звычайнымі зрабіліся канцэрты рок-музыкаў на плошчах сталіцы — у выпадку, калі маглі ўзьнікнуць бюракратычныя складанасьці, дэпутаты БНФ заяўлялі пра іх як пра «сустрэчу з выбаршчыкамі», якая нам гарантавалася законам, казалі кароткае ўступнае слова, ну а потым — некалькі гадзінаў музыкі. Мне даводзілася некалькі разоў распачынаць іх у сквэры Янкі Купалы і ў будынку Інстытуту замежных моваў (па іроніі, апошні канцэрт без купюраў паказалі па нацыянальным тэлебачаньні, але мой выступ з трансьляцыі выразалі).
Усё гэта не ішло па інэрцыі і не давалася само сабой — шмат якія грамадзкія ініцыятывы, ня кажучы ўжо пра дзеяньні дзяржаўнага апарату, былі магчымыя толькі дзякуючы падтрымцы дэпутатаў-фронтаўцаў — як Вярхоўнага Савету, гэтак і мясцовых, асабліва Менскага гарадзкога.
Арганізацыйным цэнтрам у справе беларусізацыі была, безумоўна, Камісія Вярхоўнага Савету ў справах адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны (так званая «камісія Гілевіча», паводле імя яе старшыні). У камісію ўваходзіла некалькі дэпутатаў БНФ і Грамады — Алег Трусаў і Лявон Баршчэўскі (намесьнікі старшыні), Яўген Цумараў (сакратар), Мікалай Аксаміт, Лявон Дзейка, Лявонцій Зданевіч.
У тым, што было зроблена ў пачатку 1990-ых на ніве беларушчыны — вялікая заслуга гэтых людзей.
І, канешне, вялікім быў унёсак самога старшыні камісіі — Ніла Гілевіча. Зь Нілам Сымонавічам мы разыходзіліся ў стаўленьні да некаторых палітычных зьяваў і падзеяў, найперш зьвязаных з камуністычнай партыяй. Ні ад воднага слова, сказанага пра яго ў маіх кнігах «Сем гадоў Адраджэньня» і «Дзевяноста першы», я не адракуся — часам здаралася так, што ягонае празьмерна, на мой погляд, ганарлівае стаўленьне да ўласнай пэрсоны стварала не зусім камфортныя сытуацыі, найперш для яго самога. Для агульнай справы — таксама. Часам, як гэта было ў дні красавіцкіх страйкаў 1991 году, ён станавіўся на бок уладаў і выступаў супраць Народнага Фронту ды дэмакратычнага руху. Усё гэта было.
Але галоўным у асобе Ніла Гілевіча бачыцца іншае — ягоная адданасьць беларускай справе і, найперш — беларускай мове. У палітыцы ён мог ісьці на нейкія кампрамісы, а часам сьвядома выступаць супраць БНФ — але ў тэме зьберажэньня, а лепей сказаць, ратаваньня мовы, у яго кампрамісаў не было, і ў гэтай справе ён быў з намі. Калі ў 1992-ім прымаліся (яшчэ папярэдне) разьдзелы новай Канстытуцыі, Гілевіч скарыстаў увесь свой палемічны талент і аўтарытэт, каб беларуская мова ў Асноўным законе была запісаная адзінай дзяржаўнай мовай.
Камісія Гілевіча, напэўна, з усіх больш як дваццаці парлямэнцкіх камісіяў працавала найбольш эфэктыўна, выконваючы ў поўнай ступені і сваю кантрольную функцыю. Яе кіраўніцтва сапраўды паводзіла сябе так, як і павінна было паводзіць кіраўніцтва парлямэнцкай камісіі ў дачыненьні да адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, дамагаючыся, найперш, выкананьня Закону аб мовах. Толькі закону, не выдумляючы нічога празьмернага.
І вось тут скажу пра адну прыкмету часу. Гэтая настойлівасьць членаў камісіі — зрэшты, і ня толькі іх, але і іншых, хто клапаціўся пра беларускую мову, звычайна не выклікала ў чынавенства агрэсіўнай варожай рэакцыі. Ва ўсялякім разе, адмоўныя эмоцыі, калі яны былі (а ў некаторых былі, напэўна), хаваліся і не агалошваліся. Паводле маіх адчуваньняў, у чынавенства (значнай яго часткі) існавала разуменьне, што да беларускай мовы была ўжытая нейкая несправядлівасьць, што яе адраджэньне — непазьбежны працэс, супрацьстаяць якому — бессэнсоўна».