Паўстала днямі старая, як народны рух, дыскусія аб мове: мова, яна элітарная ці для ўсіх?
У прынцыпе, у нармальнай краіне і разважаць няма пра што: (мова належыць кожнаму і ўсім). Па-польску размаўляе прэзыдэнт і валацуга, адвакат і бандзюга, ксёндз і атэіст — і ў галаву нікому думка ня ўлезе, што па-польску можна гаварыць толькі прэзыдэнтам, адвакатам і ксяндзам. І, калі любы беларускі патрыёт выступае за перамогу беларушчыны, ён мроіць, што беларуская мова паглыне ўсё: на ёй будзе размаўляць эліта і контрэліта, інтэлігенцыя і рабочы клас, паліцыянты ў пастарунку і п’яніцы, ім толькі што затрыманыя. І сам я да апошняга стаяў на гэтай догме, але ня так даўно пачаў задумвацца.
Частка І. Воз наперадзе кабылы
Пачаў я сумнявацца пасьля таго, як некаторыя людзі (мажліва, і добрыя, але проста не абцяжараныя тымі нормамі, якімі вырашыў абцяжарыць сябе я) пачалі даказваць, што на мове трэба праводзіць сэкс-вечарынкі, на мову трэба перакладаць порна, мове трэба вучыць п’яніцу, які б’е жонку ў суседняй кватэры. І тут я падумаў: нешта тут ня так. Калі мы называем дурнем чалавека, які ставіць воз наперадзе кабылы і спрабуе такім чынам ехаць, як назваць таго, хто пры адсутнасьці ў Беларусі беларускіх ВНУ лічыць патрэбным па-беларуску праводзіць стрыптыз-танцы? Дзясяцімільённы народ ня мае ніводнай навучальнай установы на роднай мове, а мы кідаемся танцаўшчыц у труселі з вышыванкай апрануць — жалезная логіка левалібералаў, людзей прагрэсіўных, а ня нейкіх там клерыкалаў.
Вось я ўявіў сабе. Заходжу я на Валадарцы ў камеру на 50 зэкаў, зь якіх 49 едуць у зоны, так ці інакш, з-за наркаты ці п’янак — і ў кожнага свае балячкі, душэўныя раны, спакутаваныя вочы. І вось слухаю я споведзь якога-небудзь Антохі Зялёнага (30 сек самарэкламы — гэта мой найлюбімы лірычны герой са зборніка турэмных апавяданьняў «Чарвяк», вельмі раю вам з ім пазнаёміцца) і кажу яму: паслухай, усё гэта фігня, давай гамані па-беларуску, — так я павінен зрабіць? Ну добра я, для многіх цемрашал, а што зрабіў бы ты, чытач? Пра што размаўляў бы з такімі душамі шаноўны пан Андрэй Дынько? Якая іерархія тэмаў павінна быць у нас, калі вакол дзевяць мільёнаў Антох Зялёных?
Дык вось, гоў-гоў танцы і беларускамоўны п’яніца з суседняй кватэры — гэта нават ня воз, гэта прычэп да воза. Калі ў Беларусі па-беларуску будзе навучацца, ня 0,05% студэнтаў, а 99,95% — можа, тады праблема сэксу па-беларуску перастане нас турбаваць? Можа, зоймемся п’янкамі па-беларуску пасьля таго, калі беларускаю станецца літаратура, кінематограф, заканадаўства? І ў сітуацыі, калі 90% усіх злачынстваў, — згвалтаваньні, забойствы, рабункі, — робіцца п’янымі, ці мове перадусім будзе вучыць прагрэсіўны чытач п’яніцу з суседняй кватэры?
Падабаецца гэта камусьці ці не, такая нашая рэчаіснасьць, што мова — гэта ўзвышэнства, да якога трэба дайсьці, дарасьці, дацягнуцца. Таму няма ніякага сэнсу, калі п’яніца пачне ўбухвацца не па-расейску, а па-беларуску. Мае сэнс, калі мы натхнім чалавека мяняць сваё жыцьцё, учапіўшыся за Праўду, неад’емнай складовай якой зьяўляецца мова.
Частка ІІ. Гравітацыя
Калі п’яніца цяжкім высілкам волі мяняе лад жыцьця і думак, а як вянец усяго пачынае гаварыць па-беларуску, некаторыя патрыёты мовы зноў уздымаюць скандал: а як жа п’янкі па-беларуску?!
І я раскінуў мазгаўнёй далей: а ці магчыма гэта, каб усе гаварылі на мове? Як мы сабе ўяўляем, што прастытуткі на стомэтроўцы гамоняць па-беларуску? Як мы сабе мысьлім, што наркадылеры банчаць наркатой па-беларуску? Як гэта мы бачым, каб зладзейскі сьвет перайшоў на мову Скарыны і Купалы? Аніяк мы гэта сабе не ўявім і не памысьлім, бо гэта ўтопія. Бо ва ўсіх лагічных разважаньнях мы забываемся на галоўны зьнешні чыньнік, які адсутнічае ў большасьці краін, — на чыньнік Расеі.
Расея — гэта гіганцкі для Беларусі гравітацыйны цэнтар, які цягне ў расейскамоўную сферу ўсё, што можна ўцягнуць. Закон гравітацыі ўлічвае масу цела і адлегласьць да яго. Для 40-мільённай Польшчы 150-мільённая Расея, аддзеленая яшчэ і Беларусьсю, мае адну сілу гравітацыі, а для 10-мільённай Беларусі, нічым ад Расеі не аддзеленай, 150-мільённая Масковія мае зусім іншую сілу прыцягненьня. Калі б Расея была цывілізаванай дзяржавай, не было б ніякай праблемы, а, можа, нават і карысьць. Але сёньняшняя Расея не такая. Таму, нават калі інтэлігенцыя ўся і на 100% пяройдзе на родную мову, то і тады сталіністы і зладзеі ў законе, камуністы і імперцы, гомасаветыкусы і пуціністы — усе яны і заўсёды будуць расейскамоўнымі.
Сёньня беларуская нацыя знаходзіцца ў стадыі фарміраваньня, і яна будзе мець той кшталт, які мы ёй цяпер укладзем. Заўтрашні дзень Беларусі будзе такім, якія мы робім дзень сёньняшні. Закладзем у нацыю стандарты любові, чысьціні і сьвятасьці — будзе на выхадзе адзін вынік. Закладзем у нацыю п’янкі, наркотыкі, распусту — будзе вынік зусім іншы, але толькі не падманвайце сябе і іншых: п’яніцы, наркадылеры і прастытуткі заўсёды будуць гаварыць на мове гравітацыйнага цэнтру.
Частка ІІІ. Мова толькі для эліты?
Дык што ж гэта выходзіць, — задасьць законнае пытаньне чытач, — мова, яна элітарная?
Каб зразумець пэўныя грамадзкія зьявы, мы ня можам абысьціся без абагульненьня, якое дазваляе зірнуць на нейкі аспект больш аб’ектыўна. Напрыклад, калі мы возьмем самага лепшага атэіста і параўнаем па розных сацыяльна-маральных стандартах з самым горшым хрысьціянінам, то перавага будзе на баку першага. Але гэта прыватны выпадак, які ня толькі ні пра што ня сьведчыць, але можа быць і памылковым. Бо калі мы возьмем сто сярэдніх біблійных людзей і параўнаем з сотняй выпадковых людзей са сьвету, то на чыю карысьць, вы думаеце, будуць сацыяльныя індэксы п’янства, шлюбнай нявернасьці, злачынстваў? Адказ відавочны і ён павінен быць выклікам для чалавека мудрага.
Пойдзем далей. Калі мы возьмем самага лепшага расейскамоўнага беларуса і параўнаем з самым горшым беларускамоўным беларусам, то наша ўхвала, безумоўна, будзе на баку расейскамоўнага. Я заўсёды сьведчыў, для мяне бліжэй расейскамоўны сумленны чалавек, чым беларускамоўны лжывы, расейскамоўны хрысьціянін, чым беларускамоўны вычварэнец. Але, згадзіцеся, гэта ўсё прыватныя выпадкі, ацэнка якіх можа быць памылковай для агульнай сітуацыі. Бо калі мы возьмем сто ўсярэдненых беларускамоўных беларусаў (не пазёраў ці кан’юктуршчыкаў, а людзей, для якіх мова — гэта штодзённая і паўсюдная практыка) і сто ўсярэдненых расейскамоўных, якая група, па вашым меркаваньні, будзе (больш) патрыятычнаю, а якая (больш) касмапалітычнаю, якая (больш) прабеларускаю, а якая (больш) прарасейскаю, якая (больш) эўрапейскаю, а якая (больш) савецкаю? Ізноўку, адказ відавочны і ён — выклік для чалавека расейскамоўнага.
Чаму сярэдні беларускамоўны лепшы за сярэдняга расейскамоўнага? Ён ня лепшы, але ў нашых умовах (скажам проста: сітуацыі этнацыду беларускай нацыі) беларуская мова чалавека сьведчыць, што індывід робіць над сабою працу і нават кідае выклік (расейскамоўнай) рэчаіснасьці. А чалавек, які хоць неяк працуе над сабою, згадзіцеся, прыгажэйшы за таго, хто пра такую неабходнасьць нават не задумваецца.
Таму праблема ня ў тым, што беларускамоўныя абмяжоўваюць сферы ўжытку мовы, але наадварот — у тым, што расейскамоўныя на мову пераходзіць не жадаюць (частка інтэлігенцыі), ня могуць (зладзеі ў законе ці п’яніцы са двара), ня будуць (саўкі ці пуцінцы).
Разважце самі, Госпад, Ён хіба не для ўсіх? Для ўсіх. Але чаму тады многія выбіраюць Сатану? Скажыце, праўда, яна хіба не для ўсіх? Для ўсіх. Але чаму многія выбіраюць хлусьню? Засьведчыце каму-небудзь, родная мова, яна хіба не для ўсіх? Бог і розум пераконваюць нас — для ўсіх! Але чаму тады большасьць выбірае чужую?
«Шмат пакліканых, але мала выбраных», — кажа Ісус Хрыстос і я доўга не разумеў гэтыя словы. Цяпер я іх разумею лепей: мова для ўсіх, але ня ўсе яе выбіраюць. Дык бяры яе сёньня, рабі лепшым сябе і Беларусь, няхай будзе нас 10 мільёнаў выбраных беларусаў, бо мова — яна для ўсіх!
Зміцер Дашкевіч, nn.by