Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Маладзечна адкрылася выстава «Праўда пра Курапаты»

16.11.2017 общество
У Маладзечна адкрылася выстава «Праўда пра Курапаты»

Для жыхароў Маладзечна выстава значная тым, што пасля вайны ў горадзе лютавала абласное МГБ.

У Грамадскім цэнтры Маладзечна адкрылася дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты», падрыхтаваная грамадскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» разам з суполкай «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў.

У адкрыцці ўдзельнічалі каля 20 прадстаўнікоў грамадскасці, у тым ліку грамадска-палітычны дзяяч Алесь Капуцкі, мастакі Генадзь Драздоў і Рыгор Мяжуеў, мясцовыя актывісты Алег Яхімовіч і Алесь Бадзін, афганец Алег Усаў, пенсіянерка Ганарата Шырвель.

У інтэрв’ю «Новаму Часу» Алесь Капуцкі зазначыў: для жыхароў Маладзечна выстава значная тым, што пасля вайны ў горадзе лютавала абласное МГБ, з сутарэнняў якога было чуваць крыкі і стогны бязвінных ахвяраў. Сярод тых, каго катавалі ў гэтым жудасным будынку, былі выбітны змагар за волю і незалежнасць Расціслаў Лапіцкі і ягоныя паплечнікі.

Па горадзе ходзіць пагалоска, што на месцы, дзе адбываліся расстрэлы ахвяраў чырвонага тэрору, потым разбілі парк і назвалі яго імям вялікай Перамогі.

Таму раскрыццё праўды пра гэтыя жудасныя падзеі вельмі неабходнае для таго, каб адбылося грамадскае пакаянне і з пляцаў нашых гарадоў зніклі камуністычныя ідалы, а ва ўжытак вярнуліся спрадвечныя тапонімы. Толькі тады жыццё зменіцца да лепшага.

Патрэбны міжнародны трыбунал над камунізмам, які, мажліва, прынес чалавецтву больш страт, чым нацызм.

Лічу, што мемарыял «Лінія Сталіна», які месціцца паміж Мінскам і Маладзечна, трэба перарабіць у Музей таталітарызму і мілітарызму. Для гэтага ўсё ёсць, трэба толькі звезці туды камуністычных ідалаў з усёй Беларусі.

Мне было цікава, з якім захапленнем і ўвагай удзельнікі адкрыцця слухалі экскурсію па выставе. Нібыта яны шмат ведалі пра Курапаты, але адкрылі для сябе шмат новага і невядомага.

Шкада, што ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, які працуе ў нашым горадзе, дагэтуль няма экспазіцыі на тэму чырвонага тэрору.

Лічу, што ў кожным горадзе Беларусі павінны быць памятныя месцы – музеі, капліцы, мемарыяльныя шыльды, пластычныя кампазіцыі і г.д., прысвечаныя памяці нашых забітых продкаў.

Бо калі народ забудзе пра гэтыя злачынствы, яны могуць паўтарыцца.

15 лістапада ўдзельнікі адкрыцця выставы ўшанавалі памяць продкаў ускладаннем кветак да помнікаў вялікаму кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму і пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі.

Затым удзельнікі адкрыцця наведалі сутарэнні былога будынку МГБ, дзе зараз знаходзіцца мясцовы музычны каледж.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]