Салідарнасць беларусаў пад час справы патрыётаў шмат чаго зрабіла відавочным.
Малюнкі замка ў Мядзелі, зробленыя фігурантам «Справы патрыётаў», 26-гадовым Іванам Кавальчуком у СІЗА, сёлета надрукавалі ці не ўсе незалежныя СМІ, піша novychas.by.
Пра што марыць, чаго плануе дасягнуць і навошта маладому хлопцу здаўся той Мядзельскі замак?
Сёння Іван працуе па спецыяльнасці — архітэктарам у Мінску. Афармленне крамаў, дызайн інтэр’ераў — усё гэта ўваходзіць у ягоныя абавязкі. Цікавасць да гісторыі роднага краю і маляванне не засталіся адно забаўкай вольнага часу, але ўпляліся ў сур’ёзную жыццёвую задачу: жывучы ў сталіцы, паспрыяць, наколькі магчыма, аднаўленню неіснуючага сёння замку ў Мядзелі, які можа стаць «беларускімі Трокамі».
«Пах дзяцінства — гэта пах фарбы»
— Адкуль у цябе цікавасць да жывапісу?
— У дзяцінстве я вельмі багата маляваў на ўроках. Настаўнікі ніколі не рабілі за гэта заўвагаў, хоць і бачылі, што, седзячы за партай, я вітаў недзе ў сваіх аблоках, размалёўваючы сшыткі ды аркушы. Вялікі ўплыў зрабіў бацька: з дзяцінства знаёміў з жывапісам, малюнкам. Пах дзяцінства для мяне — гэта пах фарбы ды лаку. Калі ён нешта змайструе, намалюе і прынясе дахаты, яно пахне. Мяне гэта натхняла.
— А кім працаваў бацька?
— Выкладчыкам малявання і гісторыі мастацтва ў школе ў Мядзелі. Зараз яшчэ і працоўнае навучанне хлопцам выкладае.
— То бок, ён і прывіў цікавасць?
— Атрымліваецца, так. Мяне натхняла, калі ў школе заходзіў да яго ў кабінет. Памяшканне называлася лабаранцкай, а я называў майстэрняй — так прыгажэй. Там было ўсё: ляпніна, барэльефы, гіпсавыя галовы, гліна, пластылін, малюнкі — безліч усяго! Ён збіраў і расстаўляў па паліцах як свае працы, так і працы вучняў — каб усе бачылі.
«Калі на стале пуста — карысці народу не прынясеш»
— А што наконт архітэктуры?
— У 2008 годзе я паступіў у Каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка ў Мінску, думаў, што стану жывапісцам. Зараз таксама займаюся жывапісам, але гэта ўжо паралельна. Была такая гісторыя: некалі на другім курсе прывезлі мне з Расіі зборную папяровую мадэль царквы — макет, загадзя размаляваны. Там усё па інструкцыі складаецца, без клею. Атрымалася вельмі прыгожа, але галоўнае — спадабаўся сам працэс. Сядзіш сабе, крок за крокам збіраеш — і адчуваеш сябе спяцом, стваральнікам!
Яшчэ быў выпадак: ішоў я неяк праз сквер побач з БНТУ, бачу — сабраліся студэнты вакол чарцяжа. У аднаго быў чарцёж у руцэ, у іншай руцэ ён трымаў цыгарэту. Хлопец з такім азартам і імпэтам тлумачыў іншым пра чарцёж, што нават на цыгарэту забыўся, яна ўжо амаль дагарэла. Мне гэтая карціна адбілася ў галаве на ўсё жыццё. Такія моманты акурат і падштурхнулі ісці на архітэктуру.
У дадатак, сярод мастакоў пануе досыць спецыфічная атмасфера: дасягнеш поспехаў — нажывеш ворагаў. Мне так не хацелася гэтага ўсяго — пайшоў у архітэктуру…
— У архітэктуры па-іншаму?
— Па-іншаму. Сярод, скажам, звычайных дызайнераў інтэр’ераў я такога не сустракаў. У архітэктараў, у параўнанні з мастакамі, працы заўжды хапала, таму, магчыма, і атмасфера не такая напружаная. Мастакі, безумоўна, розныя ёсць, але ёсць такія, што сядзяць у пазыках, напішуць карціну — раздадуць пазыкі, а пасля набіраюць новыя… Стаўленне такое да штодзённых рэчаў.
То бок, усё гэта добра, місія мастака, абавязак нешта несці народу, але калі ў цябе на стале пуста — карысці народу ты не прынясеш. Ёсць шмат і паспяховых мастакоў, гэта не правіла. Але з’ява ўсё адно нярэдкая акурат у гэтым асяроддзі. Таму — архітэктура.
— Цікавасць да гісторыі — таксама праз бацьку?
— Не зусім. Бацька сам часам здзіўляўся, калі я пачынаў распавядаць пра нейкія гістарычныя падзеі. Тут свая гісторыя: у шостым класе пад канец года па гісторыі за першы трыместр у мяне стаяла 6, за другі 7, за трэці 8, але ў выніку выкладчыца паставіла 9. Чаму? Бо ўбачыла рост. На мяне гэта паўплывала, зразумеў, што калі прыкладаеш высілкі — будзе плён, пачаў больш на гісторыю ўпор рабіць.
У дадатак, я ж маю мастацкае бачанне — магу стаяць на нейкім гістарычным месцы і ўяўляць, што тут адбывалася. Візуальная ўява, карацей. І чым больш даведваешся, тым больш вымалёўваеш сабе агульную карціну. То бок, гэта ўжо не занудныя факты з пажоўклых кніжных старонак, а падзея, якая нібыта адбываецца тут і зараз.
— Мабыць, падобным гістарычным месцам апынуўся Мядзельскі замак?
— На той момант я ўжо жыў у Менску і вучыўся на 3 курсе каледжу. Аднойчы ў Мядзелі сустрэўся са сваім сябрам Русланам Шошыным. Зараз ён журналіст. Ведаю яго з дзяцінства. Ішлі неяк, гутарылі на розныя тэмы. І тут ён сказаў, што ягоная ружовая мара — адрадзіць замак. Ён гэта ўжо абмяркоўваў з іншым хлопцам, Сяргеем Зарэцкім. Але Руслан ужо жыў у Польшчы, што ж ты адтуль адродзіш?
А я захапіўся, звязаўся з Зарэцкім, ён быў знаёмы з Міхасём Чарняўскім, патрыярхам айчыннай археалогіі. Узімку, памятаю, сустрэўся з ім і яшчэ паспеў пагутарыць. На жаль, яго ўжо няма сярод нас, але сваім «квітком» у археалогію я яму абавязаны. Далей выйшаў на археолага Міколу Плавінскага, які і ўзяў мяне на раскопкі Мядзельскага замку ўлетку 2013 года. Гэта былі мае першыя раскопкі.
— І як уражанні ад раскопак?
— Выдатныя, як ад саміх раскопак, так і ад кампаніі археолагаў. Памятаю момант, калі мы знайшлі першую манету. Гэта быў літоўскі срэбраны паўгрош з выявамі Пагоні з аднаго боку, арла — з іншага. Надпіс «Аляксандр» сведчыў, што адчаканілі яго за часам Аляксандра Ягелончыка каля 500 гадоў таму! Трымаць у руках такую рэч — неймаверна! Я дагэтуль вельмі хацеў бы займець сабе такую манету — наўпрост на памяць.
— Там і ўзніклі думкі пра перспектыву аднаўлення замку?
— Пасля раскопак пачаў цікавіцца тэмай, шукаць матэрыял і напачатку нават расчараваўся. Чаму? Бо не было нідзе выяваў, старадаўніх планаў. То бок, магчыма, яно недзе ляжыць — у нейкай калекцыі ці архіве, але ў адкрытым доступе — анічога. Таму зараз разважаць пра паўнавартасную адбудову замку — гэта трызненне. Патрэбныя дакументы.
Сёння ёсць толькі адзін план, зроблены паводле даследаваных археолагамі падмуркаў замку — усё. Гэтага мала. У 1980-х гадах там капаў Міхась Ткачоў, які і знайшоў месца, дзе стаяла галоўная замкавая вежа-данжон. Паводле прапорцыяў падмуркаў нібыта можна меркаваць пра яе вышыню, дадаць яшчэ аналагі, але ўсяго гэтага ўсё ж такі мала. Калі інфармацыя недакладная, то яна і не можа быць падставай паўнавартаснага аднаўлення.
Справа яшчэ ў тым, што замка няма ўжо досыць працяглы час, таму і з выявамі цяжка. Лічыцца, што замак пачынаўся як фарпост нашых продкаў падчас крыжацкіх нападаў з поўначы. Свае рысы фартэцыя канчаткова набыла на мяжы XV–XVI стагоддзяў, пасля каралева Бона яшчэ і аздобіла замак знутры: падчас раскопак было знойдзена мноства рэнесанснай кафлі, якая часам не саступае аналагам з Вільні. Лічыцца, што гісторыя замку спыняецца падчас Паўночнай вайны на пачатку XVIII, калі фартэцыя была спаленая.
— Замак быў драўляны?
— Хутчэй, змяшаны варыянт — вежа была каменнай, але асобныя ўчасткі маглі быць збудаваныя з дрэва. Пра сцены невядома, напрыклад. Была такая сярэднявечная схема: будаваць каменную вежу-данжон, а вакол ладзіць драўляныя ўмацаванні. Магчыма, і ў нас было акурат так.
— Замак можна даследаваць, гэта цікава, але чаму ты лічыш, што варта адбудоўваць?
— Важная дэталь: замак месціўся на паўвостраве (таксама пад назвай Замак) на возеры Мястра. Дык вось, гэты паўвостраў зараз банальна зарастае дрэвамі і кустоўем! З аднаго боку, гэта добра, бо там будзе менш швэндацца розная спрэчная публіка. З іншага — уражанне ствараецца скрушнае. Нават мост, які ідзе на Замак, паламаны. Карацей, зараз там поўна паваленых дрэваў, нават прайсці цяжка. А падмурак, які застаўся «жывы», сёння разбураецца каранямі дрэваў.
Мне б хацелася, каб гэтае месца ажыло і стала прэзентабельным, нагадвала пра гераічны дух нашай даўніны. Адноўлены замак мог бы стаць сур’ёзнай турыстычнай атракцыяй і для самога Мядзела, які амаль не развіваецца, нягледзячы на вялізны рэкрэацыйны патэнцыял — азёрны край усё ж такі! Гэта мог бы быць грандыёзны нацыянальны праект па аднаўленні спадчыны, накшталт таго, што літоўцы зрабілі ў Троках. Сёння ўсё гэта я трымаю ў сваёй галаве, я гэта бачу, але хацелася б, каб убачылі і іншыя.
— Фактычна, гэта візуалізацыя гісторыі?
— Канешне, гэта сведчанне, што наша гісторыя — не пустое месца, зарослае пустазеллем. Адна справа — стаяць на горцы і чуць расповеды, што тут было нешта. Іншая справа — стаяць у самім замку і адчуваць дух сівых стагоддзяў. Гэты дух сапраўды ўплывае на асобу. Варта трапіць у тую ж вежу Гедыміна ў Вільні, каб надоўга падзарадзіцца энергіяй — гэта сапраўды важна.
Улічыце таксама, што ў плане гістарычных помнікаў у Мядзелі асабліва больш нічога няма. Таму замак мог бы стаць выдатным полюсам прыцягнення публікі звонку, які б цудоўна дапоўніў прыродны патэнцыял рэгіёну.
«У чатырох сценах вымалёўваў кожную дробязь»
— У СІЗА ты маляваў замак: гэта былі рамантычныя фантазіі на тэму альбо спроба навуковай рэканструкцыі?
— Калісьці я глядзеў аналагі фартэцый па тым перыядзе, таму абапіраўся на тое, што знайшоў, дадаўшы да гэтага расповеды Чарняўскага і Плавінскага. Даводзілася сустракаць звесткі, што замак у Мядзелі быў падобны на Трокі. Сапраўды, гэта ж блізка геаграфічна, таксама востраў, часавая разбежка — каля 50 гадоў, здаецца. Канешне, наш замак — не копія Трокаў, але тыя ж вежы маглі быць сапраўды падобнымі, магчыма, расстаўленыя па-іншаму.
Так я вырашыў зрабіць эскіз, а ў СІЗА для гэтага з’явілася багата вольнага часу. Там я шмат абдумваў, рабіў накіды. Шкада толькі, не было пад рукой патрэбных матэрыялаў і кніг… Затое быў час — вельмі шмат часу. Я два дні сядзеў адно вымалёўваў, абдумваючы ў чатырох сценах кожную дробяць. Так сядзіш наўпрост дурэеш, а тут — стваральная праца!
— Усё ж такі, ты рабіў гэта для сябе альбо сапраўды марыш уключыцца і паўдзельнічаць некалі ў аднаўленні замку?
— Вельмі хацелася б, я веру ў такую перспектыву. Магчыма, недзе сапраўды яшчэ ляжыць хаця б адна рухлявая выява замку, якая і дасць падставы для аднаўлення. Згадзіцеся, вельмі шмат гістарычных знаходак, калі казаць пра дакументы, робіцца нечакана — магчыма, такі план усплыве акурат у той момант, калі мы будзем да гэтага гатовыя.
Наогул, калі абстрагавацца ад мядзельскай тэмы, у Беларусі ў плане архітэктуры Беларусі яшчэ працаваць і працаваць. Возьмем прыклад: у Мінску безліч розных падземных аб’ектаў, тых жа савецкіх бункераў часоў «халоднай вайны». Яны пустуюць, стаяць наўпрост завараныя без патрэбы. Але ж іх можна рэстаўраваць і перарабіць у кавярні, рэстараны, квэст-румы і г.д. Прычым, кавярні адразу б атрымаліся атмасфернымі і тэматычнымі: і турыстам добра, і мінчукам, і гарадскім уладам.
Альбо прыклад з крэйдавымі кар’ерамі. Прыгажэзны ландшафт, прырода! Зараз туды нельга трапіць — адхопіш штраф. Часам падаецца, што ў нас толькі і ўмеюць забараняць... А можна было б аздобіць, раскруціць у турыстычным плане, пусціць туды дробны бізнес — хай бы гандлявалі чым заўгодна ў сезон адпачынку. Быў бы плён і для людзей, і для дзяржавы ў выглядзе падаткаў, чаму не?
— Яшчэ раз вернемся да Мядзела: ты любіш гэты горад, але зараз не жывеш там. Што мае здарыцца, каб моладзь не пакідала родныя мясціны?
— Думаю, гэта тычыцца ўсіх гарадоў. Пытанне заробкаў, пытанне перспектывы… Мой аднакласнік, працаўнік УКСу, займаецца праектаваннем будынкаў па раёне. Год таму ён зарабляў 600 рублёў на месяц, зараз — 300. Ён мае выдатную кватэру, але ўжо глядзіць у Мінск. І гэта той, хто хацеў застацца — і застаўся. А багата хто ад пачатку меў вектар на ад’езд: у лепшым выпадку, у сталіцу, у горшым — за мяжу… Гэта вельмі скрушна. Мае з’явіцца перспектыва, каб чалавек адчуваў сябе фінансава бяспечна, бачыў магчымасці росту.
«Нашу даведкі, што падчас абароны дыплому быў у СІЗА…»
— Што наконт іншых заняткаў, спорту, напрыклад?
— З дзяцінства хацеў стаць дужэйшым. Уявіце сабе худзенькага дзіцёнка, ды яшчэ і невысокага росту. З часам зразумеў, як што робіцца, пачаў хадзіць у залю. Мужчына ж мае выглядаць мужчынам — незалежна ці мастак ён, ці рабочы з МТЗ. Па-рознаму, канешне, было — займаўся, дасягаў поспеху, пасля папускаў лейцы, з’язджаў… Зараз адчуваю, што амаль дайшоў да таго аптымальнага стану, які хацеў.
Калі хаджу ў залу, адчуваю сябе паўнавартасным чалавекам: з’яўляецца больш энергіі, бадзёрасць. Калі займаешся спортам, то і мазгі, і зрок адпачываюць, гэта вядома. А ў выпадку з маімі прафесійнымі заняткамі гэта акурат вельмі патрэбна.
— Падарожжы не ўваходзяць у сферу цікавасцяў?
— Я ніколі не быў у гарах, трапіць туды — яшчэ адна мара. Мы з сябрам акурат выношваем гэтую ідэю, закупімся рыштункам — і пагналі! Мяне не засмучае, што няма вопыту — гэта справа нажыўная. Я падрыхтуюся да ўсяго сам, веру, што атрымаецца.
Што тычыцца паходаў у лес — гэта наогул завядзёнка. У лесе я адводжу душу, адпачываю. Сам лес на маю мастацкую душу ўплывае незвычайна. Мне ў дзяцінстве багата казак распавядалі, дзе ішлося пра лес. Дык мне ў лесе дагэтуль падаецца, што сам трапіў у казку, і зараз адбудзецца нешта незвычайнае.
— Што збіраешся рабіць бліжэйшым часам?
— Ёсць планы прафесійныя — заняцца дызайнам не толькі інтэр’ераў, але і сайтаў. Ужо папярэдне гутарылі з сябрамі пра гэта, вельмі хочацца паспрабаваць. Пры гэтым архітэктуру кідаць не збіраюся.
А яшчэ мне трэба ўсё ж такі давучыцца, атрымаць дыплом, бо мяне адлічылі з універсітэту. Зараз нашуся з паперамі, бо, маўляў, няма доказу, што я адсутнічаў на здачы дыплому па паважнай прычыне. Хоць у той час я знаходзіўся ў СІЗА… Вось і нашу даведкі, што быў за кратамі. Калі ўсё атрымаецца, то дадуць магчымасць абараніцца.
«З нашым народам — хоць у пекла!»
— Ці ёсць ужо планы на сям’ю?
— Пакуль не задаюся такой мэтай. Ранавата. Але дом сабе ўжо хачу збудаваць.
— Калі б ты праектаваў дом для сябе — што б гэта было?
— На выбар два стылі. Гэта стыль прэрый, знакаміты ў ЗША. Іншы варыянт — мадэрнізм ці хайтэк.
— Магчыма, ты ўжо маляваў праект свайго дому мары?
— Пакуль не, бо найперш трэба хаця б зямлю набыць. У ідэале — побач з лесам. Грыбоў, ягад пазбіраць, зёлак на гарбату. Не губляю надзею, што ў Беларусі ўсё зменіцца ў лепшы бок, а закінутыя цэхі заводаў пачнуць прадаваць пад жыллё, як на захадзе. Можна было б набыць такі невялічкі цэх, аформіць у стылі лофт, зрабіць там і майстэрню, і праектную. Усё што трэба для жыцця і працы.
— Як лічыш, час у зняволенні цябе неяк змяніў?
— Так, карэнным чынам. Зараз разумею, каму давяраць, а каму не. Калі толькі трапіў — вагаўся. Зразумеў таксама, што губляю час. Калі выйшаў, стала надзвычай прыемна сустрэцца з кім-небудзь і элементарна пагутарыць. Раней быў больш самотнікам, любіў дома пасядзець, парабіць чаго… Зараз усё па-іншаму. Сёння я маю працу, займаюся рознымі падзаробкамі — заняты зранку да ночы.
— Стамляешся?
— Не. Бацька казаў, найлепшы адпачынак — змена віду дзейнасці. Няма часу стамляцца (смяецца). Зразумеў, дарэчы, што дробязі таксама важныя і прыносяць задавальненне. Нават рабіць сабе яешню на патэльні — гэта шчасце. Там жа такога няма. Хаця здаецца, ну што тут такога?..
Дарэчы, калі выйшаў, то ўбачыў здымкі, як людзі стаялі з нашымі партрэтамі, з маім таксама. Я вельмі ўдзячны, калі б не салідарнасць, мы наўрад ці б выйшлі. Так я зразумеў, што гэта сапраўды наш народ, і з ім хоць у пекла — пройдзем, праб’емся!