Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Нас сустракалі, як Гагарына, які вярнуўся з космаса…»

21.11.2017 спорт
«Нас сустракалі, як Гагарына, які вярнуўся з космаса…»

Гэтымі днямі споўнілася 35 гадоў са знакавай для беларускага спорту даты – футбольнае мінскае «Дынама» стала чэмпіёнам.

За гэтыя гады айчыныя майстры скуранога мяча не дасягнулі нічога больш значнага. Сучасны беларускі футбол перажывае не самыя лепшыя часы, таму балельшчыкам застаецца адно: жыць успамінамі пра «залаты» год мінскіх дынамаўцаў.

Тым больш амаль усе з той каманды, якую трэніраваў непаўторны Эдуард Васільевіч Малафееў, дагэтуль у абойме.

Пра тое, як футбалісты мінскага «Дынама» святкавалі тую перамогу, пра памер прэміяльных за саюзнае «золата» і пра тое, ці хутка беларускія футбалісты змогуць выйграць штосьці значнае «Народная воля» размаўляе з чэмпіёнам СССР па футболе, футбалістам мінскага «Дынама» Валерыем Мельнікавым.

Мінскае «Дынама, Валерый Мельнікаў сядзіць крайні справа

— Гэтыя трыццаць пяць гадоў праляцелі, як адно хуткае імгненне, — філасофскі заўважае Валерый Анатольевіч. Яшчэ ўчора, здаецца, мы ўсе былі маладымі, а вось сёлета, сабраўшыся камандай на таварыскую вячэру ў «Ракаўскім Бровары» стала бачна: многія «здалі»…

— Вы пра што? Здаецца ж і сёння тыя ж Юрый Пудышаў, Міхаіл Вяргеенка, Людас Румбуціс ды іншыя, знаходзяцца ў выдатнай спартыўнай форме…

— Так, мае партнёры па “Дынама” дагэтуль “жыўчыкі”. Многія сталі сур’ёзнымі, важнымі персонамі. Але запал у людзей у вачах не той. Мала хто з ахвотай бярэ ўдзел у чэмпіянаце з працоўнай назвай “перамажы зялёнага змія”. Зараз усё больш культурна, цывільна, чым у маладыя гады… Жартую-жартую…

А калі сур’ёзна, то я, канечне, вельмі ўдзячны цяперашняму кіраўніцтву мінскага “Дынама” пра тое, што помняць, не забываюць ветэрэнаў. Вось і сёлета – сабралі ў рэстаране, пачаставалі, я нават “хрэнавухі” трохі пакаштаваў. Потым мы кіно пра наш пераможны чэмпіянат паглядзелі. Пасядзелі мы, пагаманілі ды разыйшліся…

— Валерый Анатольевіч, вы добра памятаеце гульню супраць маскоўскага “Спартака”, пасля якой мінскае “Дынама” стала чэмпіёнам…

— Такое не забываецца. Я нават помню, што казаў тады футбалістам Эдуард Васільевіч Малафееў. Ягонае настаўленне было простым: да канца вялікай справы нам застаўся адзін крок, зрабіце яго, хлопцы… У апошняй гульні таго чэмпіяната я ўдзела не прымаў – быў у запасе, глядзеў матч з-за спіны нашага варатара Мішы Вяргеенкі. Пасля фінальнага свістка нас, канечне, перапаўнялі эмоцыі – слёзы радасці. Потым мы селі ў цягнік і паехалі з Масквы ў Мінск. Па дарозе пілі шампанскае, перад прыездам у беларускую сталіцу ўсе пагаліліся – і выйшлі на перон прыгожымі. Увогуле, пасля нашага чэмпіёнства ўся Беларусь у літаральным сэнсе абудзілася – чыгуначны вакзал быў забіты людзьмі, як вулей пчоламі… Нас сустракалі, напэўна так, як Гагарына, які вярнуўся з космаса…

— Не прыгадаеце, колькі грошай атрымалі за чэмпіёнства?

— Тады была такса: калі каманда перамагае ў рэгулярным чэмпіянаце – футбалісту даюць прэмію ў 60 савецкіх рублёў. Я хоць і не ва ўсіх матчах “залатога” сезона гуляў, але для таго каб атрымаць медаль

— Як патрацілі?

—Набыў у кватэру тэлевізар, ды з’ездздзіў з сям’ёй на адпачынак. А яшчэ ў тым годзе ў мяне толькі толькі нарадзілася дачка. Купляў усё, што ёй трэба. Увогуле, мы спартсмены вельмі шанавалі свае сем’і. Калі браць каляндарны год, то дома, побач з роднымі мы бывалі максімум тры месяцы на год, усё астатняе – зборы, гульні, трэніроўкі…

— Не кожны вытрымае такі графік…

— Мы стараліся неяк расслабляцца… Я ведаю, што шаноўны Эдуард Васільевіч Малафееў раней перажываў, калі даведваўся з прэсы пра нашыя “загулы”, але апошнім часам стаў на гэта рэагаваць спакойней. Канечне, мы ж жывыя людзі, не машыны, нам таксама патрэбная была “разрадка”. Аднойчы, дарэчы, увесну 1982-га мінскае дынама гуляла ў Маскве з ЦСКА. А перад асноўным матчам заўжды гулялі “дублёры”. Малафееў прапанаваў усім быць на той гульні. Але мы з Юрыем Пудышавым не паехалі. Карацей, каманда паехала глядзець футбол, а мы з Пудышавым – кошты ў краме. Яны аказаліся цалкам прымальнымі і набралі мы з таварышчам сасісак ды шампанскага. Пасядзелі, як належыць. А на наступны дзень — гульня. Не адмовішся, бо з каманды папруць. А стан у мяне пасля “святкавання” – ячшэ той. Але нічога, пацеў-пыхцеў, але справіўся.

Малафееў, канечне, пазней даведаўся пра нашыя “закідоны” – засмучаўся вельмі. Але, вы ж прыкіньце: мы, напэўна, маглі б яшчэ больш матчаў у чэмпіёнскім сезоне выйграць, каб цалкам спартыўнага рэжыма прытрымліваліся…

— Валерый Анатольевіч, напэўна, поспех такога маштаба, якога дасягнула мінскае “Дынама” узору 1982-га года, чакае беларускіх заўзятараў не вельмі хутка…

— Мне б хацелася дажыць да часоў, калі б цяперашняе мінскае “Дынама” ці барысаўскі БАТЭ выйгралі Лігу Чэмпіёнаў… Ці хаця б выйшлі з групы. Мне б хацелася ўбачыць нашу нацыянальную зборную ўдзельніцай топ-турніра – чэмпіяната свету ці Еўропы. Таму і мне, і вам, і астатнім беларускім балельшчыкам застаецца толькі чакаць… Пачакаем, пакуль дыхаецца…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]