Тыя, што ў 1920 годзе пайшлі ваяваць за Беларусь, добра разумелі, дзеля чаго гэта патрэбна.
Атрыманы дазвол на правядзенне акцыі 25 лістапада ў Слуцку з нагоды 97-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну.
Слуцкі райвыканкам сёлета змяніў маршурт запланаванай акцыі, не дазволіўшы прайсці калонай па галоўнай вуліцы горада, як было запланавана паводле заяўкі, перадае racyja.com.
Гаворыць намеснік старшыні партыі БНФ Зміцер Салошкін: «Мітынг і шэсце ў Слуцку дазволеныя, аднак выканкам змяніў фармат шэсця, змяніў месца збору і, фактычна, замест цэнтральнай вуліцы шэсце дазволена па задворках парка і пройдзе незаўважна для асноўнай часткі случакоў. Абскардзіць дазвол мы не паспеем па часе».
Збор удзельнікаў акцыі 25 лістапада прызначаны на 14.30 каля гарадскога стадыёна ў Слуцку, з боку вуліцы Віленскай, 14. 15.00 – дэманстрацыя па пешаходнай дарожцы да гарадскога парку культуры. 15.20 – мітынг у гарадскім парку культуры па вуліцы Віленскай, 10.
«Малады Фронт» збірае экскурсію па мясцінах Слуцкага Збройнага Чыну — антысавецкага паўстання 1920 года.
Гаворыць старшыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч: «Усё, што мы робім сёння, будуецца на падмурку тых людзей, якія ахвяравалі сабою ў імя незалежнай Беларусі. Хоць у іх не было ніякіх ілюзій. Не дарэмна адным з лозунгаў удзельнікаў паўстання быў лозунг: «Мы прыйшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Людзі абсалютна ўсведамлялі, што іх чакае і рабілі гэта для будучых пакаленняў».
25 лістапада «Малады Фронт» прапануе з’ездзіць у Вызну, Грозаў, Семежава і Слуцк. Экскурсія прымеркаваная да пачатку паўстання — першыя баі з савецкімі войскамі пачаліся 26 лістапада 1920 года.