Легендарная актывiстка распавяла, чаму ходзіць на акцыі пратэсту.
Судзьдзя Тацяна Ліньнік у судзе Першамайскага раёну Менску 21 лістапада прызначыла 70-гадовай актывістцы Ніне Багінскай штраф у 50 базавых велічыняў (1150 рублёў) за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў» 21 кастрычніка, перадае «Радыё Свабода».
За той самы марш 21 лістапада пакаралі штрафам у 20 базавых велічыняў (430 рублёў) актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алену Луцковіч, якая выйшла на акцыю з плякатам «Беларуская армія — сэрыйны забойца».
Агулам за «Марш абураных беларусаў» пакаралі арыштамі або штрафамі ўжо больш як 20 чалавек, у тым ліку Ўладзімера Някляева асудзілі на 10 сутак арышту за «заклік да акцыі», у якой ён ня ўдзельнічаў.
Штрафаў недзе на 30 тысяч рублёў, але кінула лічыць
На судзе Ніны Багінскай не было — у гутарцы са Свабодай яна не адразу згадала, што на 21 кастрычніка ён быў прызначаны. Кажа, «хай душацца самі»: на суды яна ня ходзіць, бо «поўна сваіх спраў». У той дзень яна была на прэзэнтацыі кнігі Міхася Булавацкага «Беларус у Беларусі». Ня ходзіць Багінская ўжо і на пошту — міліцыя ўкідае позвы ў паштовую скрыню.
«Дзякуй, што сказалі пра 50 базавых, — кажа яна. — Правільна, па максымуме трэба даваць такой злоснай злачынцы!»
Багінская ўжо не адсочвае, колькі штрафаў ёй даюць. Ад канца 2015 году (да таго яе не штрафавалі, толькі забіралі сьцягі і значкі) ёй прысудзілі штрафаў больш як на 30 тысяч рублёў (300 млн да дэнамінацыі). Але дакладна падлічваць яна перастала пасьля 25 тысяч.
«Штрафы пачаліся, я лічу, калі казна стала пустая: Лукашэнка пагразіў міліцыянтам пальчыкам, што калі так будзе працягвацца, звольніць. Забясьпечвайце сябе самі, — кажа Багінская. — Па ўсіх пратаколах напісана, што я парушаю закон аб акцыях 1997 году. Я апратэстоўвала штрафы, пісала заявы пракурорам, а потым і пракуратура пачала зарабляць на нас грошы: пішуць — аплаціце дзяржаўную пошліну [46 рублёў за разгляд штрафу ў 10–100 базавых велічыняў. — РС], і тады будзем разглядаць.
Ну і сэнсу? Я прасілася на прыём да генэральнага пракурора, але прыняў ягоны намесьнік. Адказ, канечне, адпіска. На суды спачатку хадзіла, а потым думаю — чаго хадзіць? Бандыцкая ўлада па-бандыцку рабуе ўсіх».
Цяпер міліцыя, кажа Багінская, занятая тым, што на акцыі супраць вучэньняў «Захад», што прайшла ў Менску 8 верасьня, «людзі ў цывільным» адабралі ў яе 9-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг (і пры гэтым траўмавалі ёй руку). Але, кажа Багінская, справа «разьдзьмуваецца не на маю карысьць» — хто забраў сьцяг, ня ведаюць, хоць кідалі яе ў міліцэйскую машыну, а ня ў «сіні бусік», у які часта закідваюць затрыманых «людзьмі ў цывільным».
Таксама Багінская чакае, што яе могуць аштрафаваць за тое, што трымала зьнічку на прыступках КДБ у гадавіну «чорнай ночы» 1937 году — пратакол за тое ёй ужо прыслалі. Яна цікавіцца, ці праваслаўных будуць цяпер штрафаваць за сьвечкі.
Забіраюць палову пэнсіі — даводзіцца самой рабіць сабе шакаляд
Цяпер Багінская атрымлівае 130 рублёў пэнсіі, а яшчэ каля 120 рублёў здымаюць у кампэнсацыю нясплачаных штрафаў. Спачатку здымалі 20% пэнсіі, цяпер палову. Яна ўжо атрымала выпіску пра тое, хто колькі атрымлівае зь ейнай пэнсіі, і пачала пісаць зварот у «палату прадстаўнікоў» наконт канфіскацыі пэнсіі — цяпер яна атрымлівае менш за пражытковы мінімум.
«Канечне, грошай нестае на добрую ежу, — наракае Багінская. — Або я павінна сядаць на карак сваім дзецям, а гэтага я рабіць не хачу, або... Я выкручваюся, жыву сьціпла.
Ем тое, што вырасьціла на сваім лецішчы, на сваёй зямлі: тапінамбур, пятрушку, сельдэрэй, ягады. Так і жыву. Лекаў ня п’ю, лічу, што лекі — гэта атрута. Гарбату кітайскую таксама не купляю — сама зьбіраю ў лесе, вырошчваю мяту. Можна і бяз грошай пражыць, можна наладзіць абмен: у мяне на лецішчы шмат сяброў, я ім даю, напрыклад, ягады і садавіну, яны мне даюць бульбу, моркаўку, што я ў сябе на гародзе не вырошчваю.
Так што пакуль не паміраю з голаду. Канечне, хацелася б купіць мо і плітку шакаляду. Але абыходжуся без шакаляду — купляю какаву і зь яйкам раблю сабе шакаляд. Свае старадаўнія прыёмы, што бабуля навучыла. І бацькі, і бабулі таксама выжывалі — і ў 30-х гадах, калі былі рэпрэсіі, і ў акупацыю нямецкую, і пасьля вайны таксама выжывалі людзі».
Раней судовыя выканаўцы ў залік нявыплачаных штрафаў апісвалі ў Багінскай хатнюю маёмасьць, за якую пэнсіянэрцы даводзілася судзіцца («сын адсудзіў», сплаціўшы дзяржпошліну, кажа яна). Таксама ў яе арыштавалі два лецішчы. Адно зь іх, у Смалявіцкім раёне, ацанілі ў 5 тысяч даляраў і выставілі на аўкцыён, але так і не прадалі — не знайшлося пакупніка. Цяпер, паводле зьвестак Багінскай, на аўкцыён маюць выставіць лецішча ў Блужы Пухавіцкага раёну, ацэненае ў 1700 даляраў. У таварыстве ў Блужы раней яе абазвалі «бандэраўкай» і настойвалі, каб яна сама прадала лецішча.
«Гэта сапраўдная дзедаўшчына»
Багінская параўноўвае няспынныя пакараньні актывістаў зь дзедаўшчынай у войску. Яна згадвае артыкул «Дзедаўшчына ў нашым сэрцы» Мікалая Дзядка ў «Новым часе»: усё, што адбываецца ва ўрадзе, судах і пракуратуры — гэта ўсё «дзедаўшчына супраць народу». Мэта ўсяго гэтага — зламаць патэнцыйную беларускую эліту, каб яна ці зьехала, ці сканала, мяркуе Багінская.
«Моладзі не даюць ні вучыцца, ні працаваць, ні грошы зарабляць, — кажа Багінская. — А моладзі ж трэба апрануцца, жаніцца ці замуж пайсьці, а тут няма магчымасьці. Або зьяжджаць, або ў пятлю палезьці. Вытрымаюць толькі моцныя, стойкія, як той Дашкевіч. Але ня ўсе ж такія, большасьць людзей больш-менш пяшчотныя, рамантычныя, узрушаныя...».
Яна перакананая, што ў гэтым зацікаўленая Расея. Багінская зьвяртае ўвагу, што часьцей зь дзяржаўных структураў ёй адказваюць па-расейску на звароты на беларускай мове, усе пратаколы міліцыі — на «чужынскай мове», таму яна перакананая, што і сядзяць там на пасадах «чужынцы» або «нашы людзі, напэўна, але маскоўскага выхаваньня».
Навошта хадзіць на акцыі, калі за гэта столькі штрафаў
«Ня могуць нават разабрацца, хто сьцяг краў, а кралі хто — гэбісты з удзелам міліцыі! — згадвае Багінская пра акцыю 8 верасьня. — А хто расправіўся з Захаранкам? Хто з пракурорам Ігнатовічам, з тым жа Карпенкам? Гэта забойцы. Яны забіваюць людзей знакавых, а са мной... Вось чакаюць, што на старасьці год памрэ ў роспачы.
Але большай роспачы, чым калі я іду па вуліцы Калініна і ўтыкаюся ў помнік Калініну, у мяне няма. Я ўжо звыкла да гэтага, але хачу, каб зьнесьлі помнікі кіраўнікам Савецкага Саюзу, якія зьдзекаваліся з нацыянальных дзяржаў. Каб зьнесьлі і зрабілі музэй таталітарызму — вунь там на „лініі Сталіна“ вымасьцілі іхнымі пастамэнтамі дарогу».
Багінская кажа, што цьвёрда верыць: адзін чалавек можа зьмяніць сытуацыю. Яна, кажа, не параўноўвае сябе зь вялікімі людзьмі, але адзінкі маюць уплыў, калі час іх ставіць на такое месца. Урэшце, яна згадвае, што адзінка можа ўчыніць і шмат зла. Ёй жа самой, кажа Багінская, кіруе ня столькі жаданьне самастойна зьмяніць нешта, колькі пачуцьце справядлівасьці:
«Я добра ведаю гісторыю, я ведаю, да чаго прывядзе, калі ў нашай краіне запануе Маскоўская імпэрыя: яна зноў, як пры Савецкім Саюзе, пацягне нашу моладзь на абарону сваіх межаў. Прывозілі труны з нашымі хлопцамі на Беларусь — так ня будзе будучыні ў нашага народу, род наш прыпыніцца! Гэта, напэўна, генэтычна: мы ўсе хочам, каб працяг нашага роду адбываўся. Бо калі да нас прыйдзе „русский мир“, мой праўнук дарасьце да якой расейска-кітайскай вайны, ён загіне і ня будзе нашага роду.
А я хачу, каб панавала нашая мова. Бог кожнаму народу даў сваю мову і сваю зямлю: жывіце, пладзіцеся, размаўляйце на сваёй мове. Чаму ж такая пагарда менавіта да нашай зямлі? Мы спакойны народ, нейкім чынам талерантны. Ня столькі нападалі на кагосьці, больш баранілі сваю дзяржаву, зямлю, дзяцей...
Я звычайны чалавек. Людзі памыляюцца, калі думаюць, што я гераіня. Раблю тое, што мне наканавана як чалавечай істоце. Не хачу быць злом! Мяне так бабуля выхавала: казала, не рабі зла — і табе зла ня будзе. Я нармальны чалавек, які ня хоча зла ні сабе, ні іншым — выходжу са сьвечкай, са сьцягам, а не зь сякерай, не хаджу зь віламі-косамі, камусьці біць галаву каменем. Выходжу і прашу дабра».