У дадатку да праекту «(Не)расстраляная паэзія» Павал Харэвіч прэзэнтуе песьню на верш паэта Сяргея Фаміна.
Берасьцейскі музыка Павал Харэвіч, вядомы з удзелу ў гурце «Сузор’е», зацікавіўся праектам на вершы рэпрэсаваных беларускіх праектаў і выказаў жаданьне далучыцца, піша tuzin.by.
Для дадатку да праекту «(Не)расстраляная паэзія» ён стварыў музыку да песьні паэта Сяргея Фаміна «У гэту ноч». Павал сыграў партыі саксафону, а вакальную партыю выканаў яго сын Юры Харэвіч, вакаліст гурту Whiskey Way. «Гэты верш мне спадабаўся сваёй чысьцінёю і нейкай даверлівасьцю, – кажа Павал. – Гэта неверагоднае дзікунства – расстрэльваць творчых людзей. І я вельмі ўсьцешаны, што ёсьць людзі, якія ўздымаюць гэтую тэму».
Аўтар верша «У гэту ноч» Сяргей Фамін паходзіць зь вёскі Пепелеўка, што на Магілёўшчыне. Ён скончыў Магілёўскі пэдтэхнікум і літаратурнае аддзяленьне пэдфаку БДУ, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Горацкай сельскага-спадарчай акадэміі. Паралельна з вучобаю і працаю пісаў вершы, якія друкаваліся ў тагачаснай прэсе. За тэхнічную дасканаласьць вершаў паэта адзначыў Максім Гарэцкі, яго вершы зь беларускай мовы перакладаліся на расейскую і ўкраінскую, але ў 1930-х паэт адчуў пагрозу і засяродзіўся на перакладах. У 29 год яго арыштоўваюць (1935), прыгорваюць да расстрэлу, але нечакана мяняюць прысуд на 10 год канцлягера УХТПЕЧЛАГ. Некаторыя ягоныя вершы, напісаныя ўжо ў зьняволеньні, цудам дайшлі праз перапіску да сваякоў. Ужо ў лягеры яго арыштоўваюць паўторна і як удзельніка «дывэрсійнай групы» расстрэльваюць 4 сьнежня 1941 году ва ўзросьце 35 гадоў…
Павал Харэвіч кажа, што песьня «У гэтую ноч» можа быць выкананая ўжывую гуртом Whiskey Way, дзе ён задзейнічаны ў якасьці клявішніка, саксафаніста і другога вакаліста.
Whiskey Way – У гэту ноч (музыка Паўла Харэвіча, словы Сяргея Фаміна).
Калыхнулася месяца сінь.
На дварэ па-асеньняму вецер.
Па-асеньняму хочацца сьніць,
Па-асеньняму зоры сьвецяць.
Па-асеньняму зоры сьвецяць.
Па-асеньняму хочацца сьніць,
(2 разы)
Сёньня восень гуляе садам.
Дарагая! Ня бойся! Зірні!
Ты прыйдзі да мяне, мая радасьць,
Запалі ў маім сэрцы агні!
У гэту ноч я ня буду спаць.
Ты зайдзі, распляці свае косы!
Я ў сэрца люблю насыпаць
Тваіх слоў залацістае проса
Тваіх слоў залацістае проса
Я ў сэрца люблю насыпаць
(Прыпеў)
Вецер шэпча каханьне гальлю.
— Ты заходзь, мая любая, сьмела!
Пацалункамі вытку «люблю»
Па канве тваіх шчок загарэлых
Па канве тваіх шчок загарэлых
Пацалункамі вытку «люблю»
(1926)