Толькі дзякуючы барацьбе патрыётаў стагоддзе таму Беларусь захавалася і потым стала незалежнай.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч у «Фэйсбуку» павіншаваў беларусаў з гадавінай Слуцкага збройнага чыну:
- 27 лістапада 1920 года пачаўся ўзброены выступ на Случчыне ў абарону незалежнасці нашай краіны.
Тысячы беларускіх сялян дабраахвотна сфармавалі вайсковыя часткі і болей месяца вялі баявыя дзеянні, баронячы сваю зямлю ад расійскіх бальшавікоў.
Нехта скажа, што барацьба адной стралковай брыгады супраць арміі вялікай дзяржавы была нелагічнай і ахвяры случакоў не мелі сэнса. Але праявы мужнасці і гераізма ў барацьбе за свабоду Бацькаўшчыны маюць неацэннае значэнне. Толькі дзякуючы ім нацыя атрымоўвае права на існаванне. Толькі дзякуючы барацьбе патрыётаў стагоддзе таму Беларусь захавалася і потым стала незалежнай.
Архіўныя сховішчы расійскіх узброеных сіл дагэтуль хаваюць праўду пра барацьбу герояў Слуцкага збройнага чына. Але памяць пра іх подзвіг назаўсёды захаваецца ў сэрцах патрыётаў Беларусі. Упэўнены, што неўзабаве 27 лістапада стане дзяржаўным святам - Днём Абаронцы Радзімы.
Слава героям Слуцкага збройнага чына!
Слава іх годным нашчадкам - героям сённяшніх публічных выступаў за свабоду і незалежнасць нашай краіны!
Жыве Беларусь!