Усё сваё жыццё пісьменнік вельмі любіў мультфільмы.
Сёння Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 87 гадоў. Усё сваё жыццё ён вельмі любіў мультфільмы. «Аспід!», – жартаўліва называла яго жонка, – ідзі, пачалося!» У кватэры тады панавала цішыня – нішто і ніхто не павінны былі замінаць. Мультфільмы стваралі яму адпаведны настрой, пры якім добра пішуцца казачныя творы.
Ва ўсім напісаным Караткевіч заставаўся перадусім казачнікам, піша belsat.eu.
Ён выдумаў сваю фантастычную Беларусь. Тут жылі фізічна і духоўна моцныя беларусы-арыстакраты. Іх кахалі самыя прыгожыя жанчыны; сядзібы і палацы гэтых беларусаў мелі такія калекцыі жывапісу, якім бы пазайздросцілі лепшыя музеі Еўропы. Персанажы Караткевіча мелі падабенства да фальклорных асілкаў. Гістарычны фон, на якім яны дзейнічалі ствараўся з большага паводле законаў паэзіі, а не гісторыі.
Некаторых калег гэта раздражняла.
Напрыклад, Ларыса Геніюш крытыкавала раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»: «…я супраць многага ў гэтай повесці. (…) Пашто Вашая фантазія наклікала «крымчакоў» у Горадню, калі мы слаўныя тым, што нехрысты тыя да нас не пранікалі?» Іван Шамякін адзначаў: «Цікава пісаў Уладзімір Караткевіч, але ў яго толькі фон гістарычны; рэальных гістарычных персанажаў ён не ўмеў ствараць..». Як бачым, і Геніюш і Шамякін падыходзілі да ягонай творчасці выключна з рэалістычных пазіцый, хаця сама аўтарка «Споведзі» у сваіх вершах імкнулася да адкрытага рамантызму, а Іван Пятровіч у далёка не рэалістычных раманах быў казачнікам не горшым за Уладзіміра Сямёнавіча.
Так, Караткевіча не цікавіла, «вартае жалю рэалістычнае ўвасабленне рэчаіснасці, альбо мінуўшчыны». Пісьменнік не хацеў паказваць суайчынніка – няўпэўнена-смутнаглядным, палахлівым, слабым. Значна цікавей было выдумаць СВАЙГО беларуса і зрабіць гэта так па-мастацку пераканаўча, каб рэальны, абыякавы да ўсяго жыхар нашай краіны паверыў у гэтую фантазію і хоць крыху пачаў адпавядаць такому яркаму літаратурнаму вобразу.
Многія казкі пісьменніка (сур’ёзныя, іранічныя, велічна-пафасныя, гумарыстычныя, сучасныя, гістарычныя, для маленькіх і дарослых) аб?ядноўвала тэма ПАЭТА-ВЫРАТОЎЦЫ і прысутнічаў матыў ВЕРЫ (толькі не ў рэлігійным сэнсе гэтага слова).
У «Лебядзіным скіце», Старац выратоўваў свой народ ад жорсткага Батыя, і рабіў гэта, як сапраўдны ПАЭТ, ператварыўшы сваіх суродзічаў у прыгожых белых лебедзяў.
Сям’ю нехлямяжнага і нездагадлівага Янкі, героя «Чортавага скарба», ратаваў прыход вандроўнага артыста (таго ж ПАЭТА), які прывёў з сабой мядзведзя.
У «Скрыпцы Дрыгвы й верасовых пустэчаў» Янук і Марта, пабраліся шлюбам супроць волі «чорнага, як кажан і жорсткага, як вампір» магната. Напалоханыя суседзі ад іх адвярнуліся. Але настолькі моцна Ён і Яна ВЕРЫЛІ ў сілу свайго кахання, што да іх завітаў прывід вялікага ПАЭТА Алеся Бан-Жвірбы, які абараніў герояў чароўнай песняй ад помсты магната і прынёс гэтай сям?і багацце.
У «Дзікім паляванні..» – галоўным суперменам і выратоўцам няшчаснай Надзеі Яноўскай выступае збіральнік народнай ПАЭЗІІ Андрэй Беларэцкі.
Сваімі казкамі Уладзімір Караткевіч натхняў «вялікіх дзяцей» беларусаў – ВЕРЫЦЬ у сябе, любіць сваіх ПАЭТАЎ, і хаця б раз у дзень чытаць па адным беларускім вершы – тады (быў упэўнены!) не загінем, тады не будуць страшныя ніякія чэрці і «рознапляменныя орды», ніякія «дзікія паляванні» не затопчуць нашу гасподу.
А калі ж пісьменніку не хапала цярпення натхняць, ён ствараў з?едлівыя творы, кшталту казкі «Жабкі і чарапаха» – пра «вялікіх дзяцей» – дурных жабак, якія не хочуць слухаць мудрую чарапаху.