Для патрыётаў Беларусі імкліва вяратаюцца падставы для аптымізму.
У Слоніме 14 лістапада гасціў вядомы на Беларусі пісьменнік, гісторык і журналіст Міхась Скобла.
Напачатку госць правёў сустрэчу з вучнямі сярэдняй школы №4, дзе расказваў дзецям і маладзёнам пра гісторыю Беларусі. А пасля спадар Міхась сустрэўся са слонімскімі грамадскімі актывістамі і прэзентаваў кнігу «Выспятак ад Скарыны», якая выйшла з друку ў серыі «Бібліятэка Свабоды» Радыё Свабода. Таксама пан Міхась адказаў на пытанні карэспандэнта «ГС». Падчас размовы ён успомніў і пра свой родны Дзярэчын, і пра Сапегаў, і іншае.
— Пан Міхал, Вы самі родам з Дзярэчына, ці часта бываеце на малой радзіме?
— Часта. Як пісаў паважаны Рыгор Барадулін, «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем...». Тым больш у Дзярэчыне ў маёй роднай хаце дагэтуль жыве мая 86-гадовая мама.
— І ў Слоніме бываеце, значыць, нярэдка?
— Ну, дарога на малую радзіму ў мяне ляжыць праз Слонім, і яго не аб`едзеш. (Смяецца.) І вельмі прыемна, што праз Слонім ты праязджаеш беларускую гісторыю. Тут і Сапегі, тут і Агінскія, тут і паўстанцы, тут і Міхал Валовіч, тут і Кастусь Каліноўскі раскідваў па слонімскіх дарогах перад паўстаннем 1863 «Мужыцкую праўду». Тут шмат чаго.
— Вы сёння ў школе расказвалі пра Сапегаў. Ці няма для гэткіх сустрэч у школах перашкод з боку ўладаў?
— Так, сёння расказваў і прэзентаваў кнігу пра Сапегаў і ў Дзятлаве, і ў Слоніме. Таму што гэта сапегаўскія гарады. У Дзятлаве, напрыклад, дагэтуль стаіць касцёл, зафундаваны сынам Льва Сапегі Казімірам. А ў Слоніме Леў Сапега 47 гадоў быў старастам, тут ёсць яго плошча, спадзяюся, хутка будзе і помнік яму. А наконт забаронаў, то розныя бываюць дырэктары школ, загадчыкі аддзелаў адукацыі. Па-рознаму бывае. Напрыклад, у тым месяцы адмянілі сустрэчу на Лідчыне. Але трэба ісці да людзей з новымі кніжкамі, з новымі творамі, асабліва да дзяцей, якія пасля выступаў кажуць мне «дзякуй». І, нягледзячы на ўсе перашкоды, мы дойдзем да той мэты, да якой ідзем.
— А як Вы ацэніце сучасную беларускую культуру і моладзь? Такія тэндэнцыі, калі, напрыклад, у Мінску на самай тусовачной вуліцы Зыбіцкай хіпстары і іншая прасунутая моладзь пачынае размаўляць па-беларуску? На гэта ёсць трэнд?
— Тэндэнцыя ёсць, і я аптыміст. Я бачу ўсё гэта і бачу, як, напрыклад, па краіне імкліва распаўсюджваюцца курсы «Мова Нанова».