Презентацыя твору славута дзеяча эміграцыі адбылася ў Нью-Джэрсі.
3 снежня ў грамадскай зале царквы Жыровіцкай іконы Божай Маці ў Гайлэнд-Парку (Нью-Джэрсі) адбылася прэзентацыя кнігі Янкі Запрудніка «Берагу майго зарніцы», што выйшла сёлета ў Мінску ў выдавецтве «Лімарыус», піша nn.by.
Аўтар пачаў свой выступ з перадгісторыі яе з'яўлення. Сабраць раскіданыя па розных старых эмігранцкіх выданнях вершы яго доўгі час намаўлялі сябры. Калі ж ён «здаўся» ды пачаў пераглядаць свой архіў у пошуках публікацый, то знайшоў рукапісны дзённік часу навучання ў Лювэнскім універсітэце. Сам быў уражаны… І цяпер вершы розных гадоў (Янка Запруднік пачаў пісаць у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне), дзённік лювэнскага студэнта ды некаторыя іншыя тэксты сабраныя пад адной вокладкай.
Можна сказаць, што гэтай кнігай завяршылася трылогія Янкі Запрудніка пра штодзённае жыцьцё ды духоўнае ўзрастаньне беларускай моладзі, якая ў паваенны час апынулася на Захадзе й зрабіла мэтаю жыцьця «паставіць Беларусь на мапу сьвету». (Першай была «Дванаццатка», затым — «Па гарачых слядах мінуўшчыны. Мае лісты 1952—1959 гг.»)
Выступы аўтара кнігі ды Валянціны Трыгубовіч, яе рэдактара, суправаджаліся паказам на вялікім экране фатаздымкаў зь сямейных архіваў Янкі Запрудніка, яго малодшага брата Аркадзя Вільчыцкага, які жыве ў Беларусі, ды з фондаў Беларускай фундацыі Крачэўскага.
Гучала музыка таго часу: беларускія студэнты ў Лювэне мелі свой хор, салістаў, музыкаў, яны выступалі з канцэртамі беларускай музыкі ў Бэльгіі, Францыі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі. А кіравалі маладымі талентамі славутыя кампазытары Мікола Равенскі, Алесь Карповіч.
На шчасьце, тады былі зроблены студыйныя запісы ды выдаденыя кружэлкі. У ліку іншых на прэзэнтацыі прагучала песьня А. Карповіча «Каханая, ня плач па шчасьці», словы якой напісаў Янка Запруднік (Сяргей Ясень). Вокладку кнігі намалявала вядомая ў эміграцыі мастачка Ірына Рагалевіч-Дутко, пляменьніца Надзеі Запруднік, жонкі спадара Янкі.
На завяршэньне імпрэзы спадарыня Валянціна Трыгубовіч прачытала верш, прысвечаны ў далёкім ужо 1952 годзе любімаму і шанаванаму студэнтамі апекуну лювэнскіх беларусаў а. Робэрту ван Каўлярту. Сёння ўся маладая плынь беларускіх змагароў можа адрасаваць гэтыя словы й яго аўтару — Янку Запрудніку.
Прамінуць у нябыт катакомбы й пакуты,
Беларусь ажыве, разьняволіўшы путы.
Будзе сонца свабоды спрыяць ураджаю
хрысьціянскай любові для вольнага краю,
будуць сэрцы удзячнасцю біцца ў грудзёх,
што на цяжкім шляху Вас паслаў нам сам Бог.
Выступ Таццяны Дзямешчык з Саўт-Рывера сарваў агульныя воплескі прысутных: усе разам праспявалі «Многая лета» больш як 90-гадоваму аўтару новай кнігі.