Першую «Стэфку» Ігар Варашкевіч упершыню выканаў яшчэ ў складзе гурту «Бонда».
Гурт «Крама» прэзэнтуе ў зімовым туры на TuzinFM сваю новую песьню «Стэфка праз 30 год», запісаную ўжывую ў студыі праграмы Belsat Music Live.
Першую «Стэфку» Ігар Варашкевіч упершыню выканаў яшчэ ў складзе гурту «Бонда». Прэм’ера адбылася ў этэры Беларускага тэлебачаньня ў 1986 годзе. Потым песьня перайшла ў рэпэртуар «Крамы» і была запісаная для дэбютнага альбому «Будзь разам з намі» (1993), а ў 2007 годзе зьявіўся працяг гэтай кампазыцыі – «Стэфка праз 20 год». У праграме Belsat Music Live музыкі ўжывую прэзэнтавалі трэцюю частку – «Стэфку праз 30 год», якая бярэ ўдзел у аўдыёчарце на TuzinFM. «Новую, трэцюю, Стэфку мы задумалі акурат тады, калі запісалі другую. Нават частка тэксту зьявілася. Толькі давялося чакаць 10 год, каб прыйшла прыдатная мэлёдыя, а Зьміцер Лукашук напісаў працяг гэтай гісторыі», – распавядае Ігар Варашкевіч.
Пра запіс у студыі гэтай ды іншых новых песень пакуль размова не ідзе. Затое гурт «Крама» працягвае актыўна даваць канцэрты. У сеціве зьявілася відэавэрсія канцэрту з удзелам каманды Ігара Варашкевіча на 10-годзьдзе тэлеканалу «Белсат». А 21 сьнежня музыкі даюць сьвяточны канцэрт у менскім клюбе «Графіці». За навінамі гурту можна сачыць праз афіцыйную суполку.
Крама – Стэфка праз 30 год (музыка Ігара Варашкевіча, словы Зьмітра Лукашука, Ігара Варашкевіча)
Сустрэў я Стэфку праз 30 год.
Стала бабуляй яна
Як час бяжыць –
Яго не стрымаеш!
Усьмешка тая ж і ў вачах
Гарыць спакусы агонь
І мару зноў
Па тых пацалунках
Ты каханая даруй мяне
Усё жыцьцё прайшло нібы ў сьне
Наш стары самотны млын жыве
Толькі не-не-не – не кахай мяне!
Сустрэў я Стэфку праз 30 год.
Далёкіх зорак сьвятло
Ізноў гарыць
Нібы не згасала
І зноўку чую пах тых лугоў,
Дзе мы ляжалі з табой.
Там, дзе ты мне
Любоў даравала