Аўтакраты-фарысеі спяваюць хлуслівыя песні і хітранька назіраюць, як на іх рэагуе насельніцтва.
Аўтакраты-фарысеі, якія існуюць ва ўсе часы, лічаць, што ёсць толькі адзін правільны шлях, той, які выбралі яны, а прапановы іншых — гэта спробы ворагаў павярнуць з азімуту і звесці за сабою народ. Такія кіраўнікі мяркуюць, што іхняга розуму, сілы і ўлады дастаткова, каб судзіць, што правільна, а што — няправільна.
Слова «фарысей», перанятае сучаснай лексікай у старажытнай Іудзеі, дзе яно першапачаткова тычылася рэлігійнай плыні, цяпер часта вымаўляецца з адценнем пагарды, прыраўніваецца да азначэнняў — «крывадушнік» і «ханжа».
Сучасныя фарысеі, якія займаюць кіруючыя крэслы, хочуць, каб усё было так, як ім жадаецца. У тым ліку і айчынная гісторыя. Ім не хочацца бачыць яе праўдзівай, ачышчанай ад хлуслівых міфаў і фальсіфікацый, выдумак пра няспынныя гераізм і перамогі. Яны перахопліваюць дасягнутае папярэднімі мужнымі, працавітымі пакаленнямі (а поспехі несумненна былі!) і выкарыстоўваюць для ўласнага піяру.
Сарамліва забываецца імі галоўнае: бальшавікі, каб дасягнуць сваіх мэт, ужывалі адзіны палітычны сродак — тэрор. Ні царская ўлада, ні затым Часовы ўрад не дадумаліся да таго, што можна расстрэльваць закладнікаў і сілай рабаваць збожжавыя засекі сялян. Трэба памятаць, што пасля кастрычніцкага перавароту супраць рэпрэсіўнай савецкай улады ўзнялася ўся расійская вёска, толькі ў шасці цэнтральных губернях было падаўлена больш чым 400 узброеных сялянскіх паўстанняў. Такіх драматычных старонак у лёсе СССР, якія адкрыты нядаўна, было шмат. Напрыклад, я давяраю толькі прафесійным, сумленным гісторыкам, у якіх праца ніколі не заканчваецца, бо заўсёды знаходзяцца новыя факты, дакументы, сведчанні, і рэчаіснасць высвечваецца з іншага боку.
Бальшавіцкія рэпрэсіўныя метады стасункаў з насельніцтвам у «мяккім варыянце» дайшлі да нашых дзён. Чытачы газеты пастаянна паведамляюць пра праявы адміністратыўнага рэсурсу, пра начальніцкі здзек.
У аўтарытарнай краіне, дзе эканоміка кульгае на дзве нагі, дзе вечна не хапае грошай, галоўнай з’яўляецца сістэма кармлення, якая падпарадкавана фарысеям. Уладны клан з чэляддзю сілкуецца напоўніцу, пакуль з горла назад не палезе, а астатняму насельніцтву прапануецца сціплы ўраўніцельны паёк. Уведзена такое смешнае паняцце як сярэдняя зарплата па краіне. Непараўнана высокія зарплаты 20% дарослага насельніцтва складваюцца з нізкімі 80%, усё разам дзеліцца і атрымліваецца неблагая фарысейская лічба для прапаганды. СМІ рэгулярна вяшчаюць пра росквіт і дынамічнае развіццё краіны, пра высокі дабрабыт народа. Калі ж знаходзяцца грамадзяне, якія да гэтых слоў ставяцца скептычна, то слугі народа супакойваюць: «Не ўсё адразу. На ўсіх не хапае. Нам — сёння, а вам — заўтра. Пачакайце, чакалі ж савецкія людзі столькі гадоў камунізм, вось і цяпер пацярпіце, хутка і вам будзе шчасце». Пасля такіх тырадаў яны хаваюцца за высокія платы ў шыкоўныя мільённадоларавыя катэджы, залазяць пад коўдры і жуюць. Набіраюцца сілы для новых фарысейскіх песень.
У нашай краіне вырас велізарны пласт людзей, якія хочуць толькі кантраляваць, ні за што не адказваючы. Каб апраўдаць сваё існаванне, яны прымушаюць падначаленых пісаць справаздачы, даведкі, дакладныя запіскі, таму з кабінета ў кабінет коціцца агромністы папяровы вал, у якім шмат выдуманага, высмактанага з пальца. 90% паперак — гэта нікому не патрэбнае смецце, прыгоднае толькі для макулатуры.
Кожны раз бюракратам неабходна падганяць лічбы, не забывацца пра розныя акалічнасці. Таму мясцовая статыстыка некалі можа заблытацца так, што хлуслівая канструкцыя абрынецца. Гэта ўжо было неаднойчы ў многіх краінах, падобных на сучасную Беларусь.
Калі прыслухацца да гаворкі фарысеяў, то чуем наступнае. Міліцыянер: «Я не видел никаких документов, мне никто ничего не говорил. Мало ли что в городе происходит»; чыноўнік: «У меня только мое паршивое жалование, а у вас денег куры не клюют. Поделитесь, не обеднеете!»; дэпутат: «Правительство проявляет заботу о благополучии граждан страны, а вы…» А на закуску памочнікі прэзідэнта рэгулярна падкрэсліваюць: «Глава государства, как всегда, наметил нам путь выхода из ситуации». Ні больш, ні менш — «как всегда». Але выйсця нешта не відаць!
Чытачы інтэрнэта выказваюцца пра мясцовых фарысеяў адназначна: «Чем лицемернее — тем выше должность и тем надежнее связь с госбюджетом. Главное правило — больше громких заявлений о вредоносности всего, что дают страны со свободной экономикой. Свободная экономика есть или смерть, или большой риск для административного ресурса, царящего у нас». Хачу дадаць, што, публічна паліваючы брудам дэмакратычныя краіны, многія дзеячы тутэйшай бюракратычнай сістэмы па вушы сядзяць у камерцыйных гешэфтах з замежнымі кампаніямі, пілуюць інвестыцыйныя грошы, вучаць і ўладкоўваюць на Захадзе дзяцей і ўнукаў. Вось яно — чыстай вады фарысейства!
Калі я слухаю балбатню мясцовых кіраўнікоў пра выдатнае жыццё народа, то згадваецца вяршынны прыклад фарысейства з гісторыі СССР. 2 ліпеня 1937 года І. Сталін пасылае тэлеграму з прапановай тэрміновых расстрэлаў найбольш варожых антысавецкіх элементаў і высылкі менш актыўных. Паводле намечанага плана вызначаліся катэгорыі кандыдатур для рэпрэсій, выводзіўся ліміт на кожную катэгорыю, зацвярджаўся склад «троек», распрацоўваліся канкрэтныя працэдуры, інструктажы, рыхтаваліся палігоны для расстрэлаў і знішчэння слядоў. За чатыры тыдні такая праца была праведзена. З0 ліпеня Палітбюро ЦК ВКП(б) зацвердзіла аператыўны загад НКУС пра рэпрэсіраванне антысавецкіх элементаў. А нямецкі пісьменнік Л. Фейхтвангер, які наведаў СССР і быў прыняты ў Крамлі Сталіным, у кнізе «Москва 1937» напісаў: «Вся Москва дышала удовлетворением и согласием и более того — счастьем»…
Фарысеі спяваюць хлуслівыя песні і хітранька назіраюць, як на іх рэагуе насельніцтва. Калі ніякіх пярэчанняў няма, можна працягваць дурыць галовы, убіваць у свядомасць людзей заведама нежыццёвыя, антыдэмакратычныя пражэкты, якія скіраваны толькі на ўтрыманне ўлады і ўласнае абагачэнне.
У адказ на зацяганыя песні кіраўнікоў-фарысеяў вядомы нямецкі паэт і выканаўца Вольф Бірман напісаў «Песеньку пра вартасці, якія застаюцца» (пераклад мой):